Намеснік сакратара расейскай Рады бяспекі Аляксей Шаўцоў згадаў падчас інтэрв’ю «Российской газете» постаць Кастуся Каліноўскага, параўнаўшы яго са Сцяпанам Бандэрам і адзначыўшы, што ягоныя «бандыты» забілі больш простых беларускіх сялянаў, чым салдаты царскай арміі. На гэта звярнула ўвагу выданне Reform.by.
Аляксей Шаўцоў выказаўся пра тое, што яшчэ да пачатку вайны паміж Расеяй і Украінай заходнія краіны «нарасцілі ваенна-палітычны і эканамічны ціск на Менск, адкрыта спансіравалі беларускіх «змагароў», рыхтавалі баевікоў».
«Па сутнасці, з краіны хацелі зрабіць другую Украіну, яшчэ адну «анты-Расею», – сказаў прадстаўнік расейскай Рады бяспекі.
Шаўцоў сцвярджае, што «непрыяцелі» перайшлі да адкрытай канфрантацыі пасля таго, як у Менску не ўдалося зрабіць «дзяржаўны пераварот».
«Спроба здзейсніць дзяржаўны пераварот, насадзіць у Менску празаходні рэжым і ўключыць краіну ў антырасейскі «канфліктны перыметр» правалілася – занадта моцнай аказалася ў беларускага народа гістарычная памяць. Тады нашы непрыяцелі перайшлі да адкрытай канфрантацыі і санкцыйнага ціску, не спыняючы працы, у тым ліку ідэалагічнай і прапагандысцкай, над унясеннем разладу ў нашы адносіны», – сказаў Шаўцоў.
У гэтым кантэксце прадстаўнік расейскай Рады бяспекі спыніўся на асобе Кастуся Каліноўскага, адзначыўшы, што нібыта гэта ён быў вінаваты ў смерці вялікай колькасці беларускіх сялянаў, а не царскія жаўнеры, якія задушвалі паўстанне 1863 года.
«Нездарма, дарэчы, на Украіне, у Польшчы і Прыбалтыцы зараз інтэнсіўна раскручваюць фігуру Канстанціна або, на беларускі манер, Кастуся Каліноўскага, – актыўнага ўдзельніка польскага паўстання 1860-х гадоў. Сёння яго, так жа як і Бандэру, імкнуцца прадставіць змагаром за нацыянальную самасвядомасць, а па сутнасці ягоныя бандыты развязалі тэрор супраць мясцовага насельніцтва і забілі нашмат больш простых беларускіх сялянаў, чым салдаты царскай арміі».
Раман Шавель belsat.eu