Экс-міністарка абароны Літвы: Каб кантраляваць мяжу, трэба памяншаць колькасць пераходаў


Літоўскія ўлады заяўляюць аб тым, што ў бліжэйшы час могуць быць зачыненыя яшчэ два памежныя пункты на мяжы з Беларуссю. Мы папрасілі пракаментаваць гэтую сітуацыю былую міністарку абароны Літвы, дэпутатку Еўрапарламента Расу Юкнявічыене.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўскі памежнік ля літоўска-беларускай мяжы. Літва. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Каб кантраляваць мяжу, трэба памяншаць колькасць КПП

Спадарыня Раса Юкнявічыене адзначыла, што зараз трэба займацца сур’ёзным кантролем на літоўска-беларускім памежжы. Адна з прычын – гэта кантрабанда, якая перапраўляецца з Беларусі ў Літву і з’яўляецца крыніцай папаўнення бюджэту для Аляксандра Лукашэнкі. На думку дэпутаткі Еўрапарламенту, Лукашэнка наўмысна заахвочвае развіццё кантрабанды, рэжым бярэ непасрэдны ўдзел у гэтым бізнесе – у першую чаргу звязаным з нелегальнай перапраўкай тытуню і алкаголю. Бо чым болей тавару будзе перапраўлена праз мяжу, тым больш ён можа атрымаць грошай.

Таму гэта трэба спыняць, выказала сваё меркаванне Раса Юкнявічыене. Але як гэта зрабіць? Бо калі на мяжы працуе шэсць прапускных пунктаў [спадарыня Раса, магчыма, мела на ўвазе 6 пунктаў, якія працавалі яшчэ да нядаўняга закрыцця першых двух. – Заўв. «Белсат»], то кожны з іх павінны быць абсталяваны адпаведнымі сістэмамі назірання, рэнтгенаўскім апаратамі, кажа наша суразмоўніца.

«А такіх інвестыцыяў у нас пакуль што няма» – падкрэсліла спадарыня Раса. Акрамя таго, яна адзначыла, што неабходны і дадатковы чалавечы рэсурс: «таму што мы павінны ахоўваць нашу зялёную граніцу, для гэтага патрэбна шмат патрулёў».

У сувязі з гэтым Міністэрства ўнутраных справаў Літвы, кажа Раса Юкнявічыене, ацаніла сітуацыю і прыняло рашэнне аб памяншэнні колькасці памежных пунктаў. Тым больш што на мяжы з Польшчай працуе ўсяго адзін такі пункт (і гэта пры тым, што прапорцыі літоўскай і польскай дзяржаваў несувымерныя). Таму, зноў падкрэсліла наша суразмоўніца, каб «нармальна кантраляваць» мяжу, трэба гэтую колькасць памежных пунктаў памяншаць.

У нас ужо ёсць вопыт

Былая міністарка звярнула ўвагу, што пакуль уся сітуацыя з мігрантамі не вяртаецца ў «нармальнае рэчышча».

«Мы бачылі ў 2021 годзе, што арганізаваў Лукашэнка разам з Крамлём такую гібрыдную атаку, выкарыстоўваючы мігрантаў супраць нас, каб стварыць нейкі хаос. Гэта была самая сапраўдная правакацыя. Зараз відавочна, што яны хацелі ў Польшчы і Літве стварыць такую сітуацыю, хаос, каб мы займаліся праблемамі іншымі, а не тым, каб дапамагаць Украіне», – падкрэсліла Раса Юкнявічыене.

Яна адзначыла, што з улікам гэтага Літва мае ўжо адпаведны вопыт. Але на фоне таго, што працягваецца вайна, няма разумення, на якія правакацыі пойдзе беларускі рэжым і якія патокі мігрантаў яшчэ могуць хлынуць у Літву. У сувязі з гэтым ахоўваць межы трэба асабліва пільна, а для гэтага трэба мець рэсурсы, падкрэсліла былая міністарка.

Рэжымы ў КДБ-стылі

Раса Юкнявічыене звярнула ўвагу таксама на такі аспект, што лукашэнкаўскі і пуцінскі рэжымы працуюць у стылі КДБ. А значыць, на беларуска-літоўскім памежжы трэба кантраляваць не толькі кантрабанду, але і сачыць за тым, што робяць беларускія спецслужбы. Бо не аднаразова літоўскія службы паведамлялі аб тым, што КДБ спецыяльна апытвае людзей, якія ездзяць праз памежныя пункты.

Сярод тых беларусаў, адзначае былая міністарка, хто прыязджае ў Літву, атрымлівае віды на жыхарства, уладкоўваецца ў краіне на працу, могуць быць усялякія людзі. Бо беларускія спецслужбы займаюцца вярбоўкай і знаходзяць тых, хто б працаваў супраць Літвы. «Таму на гэта таксама нельга заплюшчваць вочы, і нашыя службы павінны кантраляваць гэтыя патокі», – падкрэсліла суразмоўніца.

Нагадаем, на дадзены момант на беларуска-літоўскім памежжы працуе 4 пункты пропуску з 6 (18 жніўня Літва закрыла пераходы  «Шумскас» і «Твярачус»). Пасля закрыцця яшчэ двух пунктаў застануцца адкрытымі толькі два.

Рэпартаж
Польшча і краіны Балтыі назвалі дзве прычыны, праз якія могуць закрыць межы з Беларуссю
2023.08.28 15:28

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў