У Воршы за 12 гадзінаў выпалі амаль дзве месячныя нормы ападкаў


На 27 ліпеня МНС абвесціла аранжавы ўзровень небяспекі з прычыны моцных дажджоў. Ліўні прайшлі ў шматлікіх беларускіх гарадах, але больш за ўсё заліло Воршу – там выпала 117 мм ападкаў, паведамляе тэлеграм-канал «nadvorie».

Карта ападкаў за 27 ліпеня 2023 года. Ворша месціцца ў зоне чырвонага колеру. Крыніца: /nadvorie / Telegram

Гэта азначае, што 117 літраў вады вылілася на кожны квадратны метр плошчы (1 мм = 1 літр вады). Усё гэта адбылося за 12 гадзінаў. Праз гэта ў Воршы быў пабіты рэкорд ападкаў за 27 ліпеня. Папярэдні быў у 1961 годзе і складаў 101 мм.

Такая рэкордавая колькасць ападкаў затапіла горад.

У вёсцы Вялікі Мяжнік на поўдзень ад Воршы выпала 80 мм ападкаў. У Магілёве было 42 мм, у Віцебску – 36 мм. Больш за ўсё ад шквалістага ветру і моцных ліўняў пацярпелі Аршанскі, Дубровенскі і Мёрскі раёны.

За ўсю гісторыю метэаназіранняў у Беларусі большая колькасць ападкаў, чым выпала 27 ліпеня ў Воршы, была адзначаная ўсяго толькі чатыры разы: 120 мм у Баранавічах у ліпені 1973 года, 126 мм у Наваградку ў чэрвені 1985-га, 143 мм у Ганцавічах у жніўні 1972-га і 146 мм у Бабруйску ў жніўні 1970 года.

Таксама ў Віцебскай вобласці ў выніку непагадзі і моцных залеваў увечары 27 ліпеня было парушанае энергазабеспячэнне 169 населеных пунктаў, а таксама на 538 трансфарматарных падстанцыях і 16 фермах.

Аварыйна-аднаўленчыя работы ажыццяўляліся ў кругладзённым рэжыме. Да ліквідацыі наступстваў цыклону ў цэлым па краіне было прыцягнута больш як 40 аварыйных брыгадаў, паведамілі ў Міністэрстве энергетыкі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў