«Пачатак пакладзены». Што стаіць за візітам у Беларусь кіраўніка «ДНР», і чаму яго ігнаруе Лукашэнка


У Беларусь прыбыў кіраўнік «Данецкай Народнай Рэспублікі» Дзяніс Пушылін. І хоць дзейны рэжым афіцыйны не прызнае ані «ДНР», ані «ЛНР», галава самаабвешчанай дзяржавы нават правёў перамовы з прадстаўнікамі берасцейскіх уладаў. Але афіцыйныя ўлады Беларусі паводзяцца так, нібы ніякага візіту і не было.

Кіраўнік самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспублікі» Дзяніс Пушылін (пяты справа) і амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў (леваруч ад яго) наведваюць Берасцейскую крэпасць. Берасце, Беларусь. 27 ліпеня 2022 года.
Фота: Пушилин Д. В. / Telegram

Дзяніс Пушылін прыбыў у Берасце 27 ліпеня, назваўшы горад «узорам мужнасці і супраціву расейскага салдата». Суправаджалі яго сакратар Генеральнай рады партыі «Единая Россия» Андрэй Турчак і амбасадар РФ у Менску Барыс Грызлоў.

Hавiны
Такаеў на сустрэчы з Пуціным заявіў, што Казахстан не прызнае суверэнітэту «ДНР» і «ЛНР»
2022.06.17 22:45

Пушылін з беларускай тэрыторыі зрабіў і пагрозы ў бок Украіны, паабяцаўшы «вызваляць расейскія гарады, заснаваныя расейскімі людзьмі: Кіеў, Чарнігаў, Палтава, Адэса, Днепрапятроўск, Харкаў, Запарожжа, Луцк…» Апошні, між іншым, месціцца толькі за 200 кіламетраў ад Берасця.

Пасля прадстаўнікі «ДНР» і РФ правялі перамовы з берасцейскімі ўладамі: з намеснікам старшыні аблвыканкаму Дзмітрыем Гарадзецкім, старшынём гарадскога савету дэпутатаў Мікалаем Красоўскім і рэгіянальным кіраўніком «Белай Русі» Аляксандрам Бахановічам.

«Данбас актыўна інтэгруецца не толькі з рэгіёнамі РФ. Сёння ў Берасці правялі сустрэчу з кіраўніцтвам Берасцейскай вобласці. Абмеркавалі пытанні гандлёва-эканамічнай супрацы, у кантэксце новых выклікаў і санкцыяў. Цяперашняя сітуацыя патрабуе паскарэння інтэграцыйных працэсаў для развязання агульных задач на карысць нашых брацкіх народаў», – перадаў змест перамоваў Турчак.

Што цікава, афіцыйныя ўлады Беларусі робяць выгляд, што ніякай сустрэчы і не было. Пра яе няма інфармацыі ані на сайце БелТА, ані на старонках берасцейскіх уладаў і дзяржаўных выданняў, для якіх жніво выявілася нашмат важнейшым. Дый сам Лукашэнка замест сустрэчы з кіраўніком цэлай «рэспублікі» аддаў перавагу простаму губернатару Пермскага краю РФ.

«Пачатак пакладзены»

Візіт Пушыліна ў Берасце ёсць ужо не першым фактам дачыненняў беларускага рэжыму з сепаратысцкімі рэгіёнамі.

Як адзначае тэлеграм-канал «Rerum Novarum», каментуючы візіт Пушыліна, «Лукашэнку маленькімі крокамі, але ўпэўнена прымушаюць прызнаць прарасейскія квазідзяржавы і анексаваныя рэгіёны». Аўтары каналу ставяць прыезд Пушыліна ў адзін шэраг з паездкай у Крым у снежні 2021 года праўладных аналітыкаў Аляксея Дзерманта і Аляксандра Шпакоўскага, візітам у «ДНР» у чэрвені 2022-га дэпутата Алега Гайдукевіча і перамовамі з удзелам Віктара Шэймана ў Абхазіі. Пры гэтым, як адзначаецца, узровень кантактаў увесь час падвышаецца.

Дый Раман Пратасевіч прызнаваў, што дапытваць яго ў Менск прыязджалі следчыя з «ЛНР».

«Пачатак пакладзены – рэжым пачынае афіцыйна прызнаваць сваё месца і сваю іерархію сярод суб’ектаў на палітычнай палянцы. 7 гадоў таму прымалі еўрапейскіх лідараў на Менскіх перамовах, а цяпер расейскага баевіка ўшаноўваюць у Берасці», – піша аб прыездзе Пушыліна «Белорусский порядок».

«Зменшыць сімвалічны сэнс»

У каментары «Белсату» аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка адзначыў, што візіт Пушыліна ў Беларусь – гэта ў сімвалічным сэнсе важная, але ўсё ж не знакавая падзея.

«Знакавай была б сустрэча Пушыліна з Лукашэнкам. Гэта б вельмі красамоўна прадэманстравала ўзровень Лукашэнкі. Што ён на адным месцы з кіраўнікамі псеўдарэспублік, чыя ўлада трымаецца толькі на Расеі. Пуцін бы, пэўна, гэтага хацеў, Лукашэнка, вядома, не», – заявіў эксперт.

Менавіта таму, на ягоную думку, візіт праходзіць у такой дзіўнай атмасферы: не асвятляецца дзяржаўнымі медыямі, праходзіць на рэгіянальным узроўні, але без найвышэйшага рэгіянальнага кіраўніцтва.

«Фактычна выглядае так, што Расея гэты візіт стымулюе і лукашэнкаўская Беларусь прынамсі не адчувае ў сабе моцы наўпрост адмаўляцца ад такога візіту, але спрабуе, наколькі гэта магчыма, зменшыць яго ўзровень і сімвалічны сэнс», – падкрэсліў Вадзім Мажэйка.

«Сустракацца з Пушыліным – не ок»

Прадстаўнік BISS адзначыў, што ў Расеі ёсць розныя падыходы да розных акупаваных тэрыторыяў Украіны. І калі Херсонскую вобласць, як выглядае, рыхтуюць да ўваходжання ў склад РФ, то «ЛНР» і «ДНР», наадварот, спрабуюць умацоўваць сваю незалежнасць: адкрываюць свае дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Расеі, іх прызналі КНДР і Сірыя.

Больш за тое, як мяркуе тэлеграм-канал «Белорусский порядок», Крэмль можа паспрабаваць аднавіць у пэўнай форме СССР, у які б «на правах фармальна раўнапраўных суб’ектаў» маглі б увайсці як Беларусь, гэтак і «ЛНР» і «ДНР», і тады ўсім трэба будзе прызнаць адно аднаго.

Аналітыка
«Палітычная інтрыга збанкрутаванага рэжыму». Чаму Паўднёвая Асеція перадумала далучацца да Расеі
2022.05.31 18:23

«Але прымаюць іх [прадстаўнікоў «ДНР». – Рэд. Belsat.eu] у Беларусі нават на ніжэйшым узроўні, чым кіраўнікоў расейскіх рэгіёнаў. З расейскімі губернатарамі Лукашэнка не саромеецца сустракацца. Гэта для сябе ён не лічыць нізкім узроўнем, хоць сустрэчы кіраўніка адной краіны з кіраўнікамі рэгіёнаў іншай – гэта не надта паводле пратаколу. Але для сябе Лукашэнка гэта заўсёды лічыў ок, а вось сустракацца з Пушыліным для яго не ок», – кажа аналітык Вадзім Мажэйка.

На ягоную думку, Лукашэнку больш падабаецца быць на адным узроўні з Кітаем ці Індыяй, чым з «ДНР» і «ЛНР».

Пры гэтым незразумела, якія выгады можа атрымаць рэжым у Беларусі ад прызнання апошніх.

«Залежнасці ад Расеі шмат, але гэта не значыць, што трэба жыць паводле прынцыпу «згарэў хлеў – гары і хата». Усё ж такі Лукашэнка, як любы аўтарытарый, любіць сваю ўладу, любіць свой суверэнітэт. Таму ён не хоча быць проста расейскім падначаленым. І нават калі ўсё так і выглядае, то ён бы хацеў дэманстраваць штосьці зусім іншае», – мяркуе аналітык Вадзім Мажэйка.

Таму Лукашэнка будзе ўсяляк ухіляцца ад прызнання «ЛНР» і «ДНР». І калі б яно адбылося, то гэта было б яшчэ адным сведчаннем таго, што Лукашэнка саступае сваю ўладу і незалежнасць на карысць Расеі, заключыў прадстаўнік BISS.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў