Сяргей Дубавец распавёў, як масонства ўплывае на грамадства


Кіраўнік вялікай масонскай ложы Беларусі Сяргей Дубавец у інтэрвʼю YouTube-каналу «Жыццё-маліна» расказаў пра тое, ці ёсць масоны ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі і Святланы Ціханоўскай.

Дубавец кажа, што Беларусь стала апошняй краінай Еўропы, дзе зʼявілася вялікая масонская ложа – гэта адбылося ў 2019 годзе.

«Масонства паляпшае якасць, чалавечнасць чалавечага грамадства», – мяркуе ён. Дзейнасць ложы ажыццяўляецца паводле прынцыпу самаўдасканалення чалавека, каб ён станавіўся больш добрым і эмпатычным да іншых.

«Гэта якраз выпрацоўваецца ў масонскіх рытуалах. Пасля чаго гэты чалавек, які ў свецкім жыцці цалкам можа быць кім заўгодна, ад сантэхніка да караля і прэзідэнта, ён проста прыходзіць у гэты свет ужо трошачкі палепшаны», – кажа Дубавец. Пры гэтым чалавек, які не верыць у Бога, не можа быць масонам.

Дубавец мяркуе, што калі б у Беларусі было больш масонаў, то краіна была б дабрэйшая. Ён прывёў у прыклад Эстонію, якая па ўсіх паказніках – найлепшая краіна для жыцця на постсавецкай прасторы.

«Колькасць братоў у Эстоніі ў працэнтных адносінах каласальна перавышае колькасць ва ўсіх астатніх постсавецкіх краінах. Гэта добры прыклад. Там, умоўна кажучы, больш добрых людзей. Тых, хто не зробіць подласці і ніколі ў ёй не будзе ўдзельнічаць», – тлумачыць ён.

Паводле вялікага магістра, у вялікай колькасці краінаў масоны маюць уплыў на ўрады, зʼяўляюцца міністрамі. Што тычацца Беларусі, то, як сцвярджае Дубавец, у атачэнні Аляксандра Лукашэнкі і Святланы Ціханоўскай масонаў няма – інакш іх бы ён ведаў. Віктар Бабарыка таксама не мае дачынення да масонаў.

Паводле вялікага магістра, у масонстве ёсць дзве таямніцы: першая – рытуал, другая – прыналежнасць. То бок забаронена раскрываць дэталі масонскіх рытуалаў і публічна называць імёны іншых людзей, якія ўваходзяць у масонскую ложу.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў