Сабор Украінскай праваслаўнай царквы, які прайшоў у Кіеве 27 траўня 2022 года, абвесціў аб выхадзе УПЦ Маскоўскага патрыярхату з-пад падпарадкавання Расейскай праваслаўнай царквы і поўнай самастойнасці УПЦ.
На Саборы разглядаліся пытанні царкоўнага жыцця, якія ўзніклі ў выніку ваеннай агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны. Удзельнікі Сабору выказалі нязгоду з пазіцыяй патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы адносна вайны ва Украіне.
У выніку былі прынятыя дапаўненні і змяненні ў Статут аб кіраванні Украінскай праваслаўнай царквой, якія зацвердзілі яе самастойнасць і незалежнасць ад Масквы.
Украінская праваслаўная царква таксама заклікала ўлады Украіны і Расеі працягваць перамовы, каб спыніць вайну.
«Сабор звяртаецца да ўладаў Украіны і ўладаў Расейскай Федэрацыі з просьбай працягваць перамоўны працэс і пошук моцнага і разумнага слова, якое змагло б спыніць праліццё крыві», – гаворыцца ў пастанове Сабору.
ГГ, belsat.eu