Святлана Ціханоўская выступіла на слуханнях у Кангрэсе ЗША


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 28 сакавіка прыняла ўдзел у слуханнях у Камітэце па міжнародных справах Сената ЗША і выступіла з прамовай у Кангрэсе ЗША.

Святлана Ціханоўская выступіла на слуханнях у Кангрэсе ЗША.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская выказала падзяку Злучаным Штатам, іх народу і ўраду за дзесяцігоддзі падтрымкі дэмакратычнай і незалежнай Беларусі. Падчас выступу яна заявіла, што Кабінет распрацаваў падыход да перагляду адносінаў з Расеяй, які ўключае ў сябе выхад з ваеннага звязу з Расеяй і дамовы аб Саюзнай дзяржаве.

«Вайна дала зразумець беларусам, што адносіны з варожай Расеяй мусяць змяніцца. Мы пачалі працаваць над еўрапейскай перспектывай для Беларусі, што будзе ўключаць далучэнне да рэгіянальных ініцыятываў і шырокага партнёрства з суседнімі дзяржавамі. Я заклікаю Кангрэс ЗША падтрымаць гэтую стратэгічную змену для Беларусі», – выказалася Ціханоўская.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Таксама Ціханоўская заклікала працягваць падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе, распачаць міжнародныя справы супраць рэжыму Лукашэнкі і павялічыць дапамогу дэмакратычнаму руху Беларусі.

«Рэжым Лукашэнкі замешаны ў мностве злачынстваў і павінен несці адказнасць. Ён застаецца адзіным саюзнікам Расеі, выконваючы ўсе просьбы Пуціна і жорстка заціскаючы любыя формы пратэсту беларусаў супраць вайны. Лукашэнка заслугоўвае таго, каб сядзець побач з Пуціным перад трыбуналам за здзейсненыя злачынствы», – заявіла беларуская дэмакратычная лідарка.

Таксама яна заклікала Злучаныя Штаты прызначыць спецыяльнага пасланніка па Беларусі для назірання за нарастаючым парадкам дня ў краіне і прыняць жорсткія меры па вызваленні палітвязняў і спыненні тэрору супраць беларусаў – праз жорсткія кропкавыя санкцыі ў каардынацыі з ЕЗ, Вялікай Брытаніяй і Канадай.

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Выява Ігара Лосіка ў Кангрэсе ЗША.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў