Der Spiegel: Нямеччына павялічыць дапамогу Украіне да 15 млрд еўра


Нямецкія медыі даведаліся пра планы ўраду Нямеччыны павялічыць дапамогу Украіне ў некалькі разоў бліжэйшым часам – з трох да 15 млрд еўра. Аб гэтым паведамляе  «Der Spiegel».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нямецкі танк Leopard 2 А5.
Фота: Bundeswehr-Fotos / Flickr, CC BY 2.0

Паводле выдання, Міністэрства фінансаў ФРГ запрасіла ў бундэстагу выдзеліць з бюджэту дадатковыя сродкі на дапамогу Украіне, якую плануецца павялічыць з трох да 15 млрд еўра. «Der Spiegel» спасылаецца на адпаведны канфідэнцыйны ліст ад 27 сакавіка, які парламенцкі дзяржсакратар міністра фінансаў ФРГ Фларыян Тонкар (Florian Toncar) адправіў у камітэт бундэстага па бюджэтных пытаннях.

Згодна з дакументам, запланаваная ў бягучым годзе на «мадэрнізацыю дзяржаў-партнёраў у галіне бяспекі, абароны і стабілізацыі» сума ў 2,2 млрд еўра павінна быць павялічана да 5,4 млрд еўра. А выдаткаваны на «асігнаванні па абавязацельствах» сёлета 1 млрд еўра ў бліжэйшыя гады павінен вырасці на 8,8 млрд еўра.

Неабходнасць выдзялення дадатковага фінансавання ў згаданым канфідэнцыйным пісьме абгрунтоўваецца высокімі матэрыяльнымі стратамі ўкраінскіх узброеных сіл, з-за чаго неабходны новыя пастаўкі матэрыялаў. Таксама ў лісце гаворыцца пра неабходнасць заключэння ў бліжэйшы час шматлікіх кантрактаў на закупкі для ўстойлівага забеспячэння ўзброеных сіл Украіны. У першую чаргу плануецца закупіць сродкі паветранай абароны, гусенічную бронетэхніку, боепрыпасы сістэм узбраенняў і артылерыі, што пастаўляюцца Нямеччынай.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў