Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прабыў у лякарні два тыдні і 27 лютага быў выпісаны, паведамляе Catholic.by. Як сталася вядома, у святара была мігальная арытмія сэрца.
«Хачу выказаць сваю ўдзячнасць усім, хто мяне лячыў і маліўся аб маім здароўі. Перадусім лекарам Першага клінічнага шпіталю ў Менску, якія паспяхова прывялі ў норму рытм сэрца», – сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.
Ён анансаваў свой удзел у імшы ў менскай катэдры 3 сакавіка.
Арцыбіскуп трапіў у больніцу 12 лютага. Прычыны шпіталізацыі не паведамляліся. Цяпер Кандрусевіч удакладніў, што ў яго была мігальная арытмія сэрца.
Святару 78 гадоў. З 2007 да 2021 года ён узначальваў Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі.
Мітрапаліт крытыкаваў дзеянні ўладаў і сілавікоў пасля падзеяў жніўня 2020 года, прыходзіў з малітваю да муроў Акрэсціна. Пасля гэтага яго не пусцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся з Польшчы пасля кароткай паездкі. Калі Кандрусевічу ўсё ж дазволілі мінуць мяжу, ён сышоў у адстаўку.
Сцяпан Кубік belsat.eu