Швейцарыя гатовая выдаваць пашпарты замежніка беларусам, якія не могуць вярнуцца дадому


Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская наведала сталіцу Швейцарыі Берн і сустрэлася з дзяржсакратаром і спікерам парламенту Швейцарыі. На сустрэчах абмяркоўвалі праблемы палітвязняў у Беларусі, а таксама пытанні легалізацыі беларусаў у Швейцарыі.

Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Берн.
Фота: Светлана Тихановская / Telegarm

Падчас сустрэчы з дзяржсакратаром Швейцарыі Аляксандрам Фазэлем Святлана Ціханоўская прапанавала, каб амбасадарка Швейцарыі ў Беларусі патрабавала ад рэжыму Лукашэнкі інфармацыю пра палітзняволеных, якія знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, і доступ да турмаў.

Асобна было закранутае пытанне легалізацыі беларусаў: праблемы з пратэрмінаванымі пашпартамі, апастылем і атрыманнем пашпартоў замежніка. Дзяржсакратар заверыў, што Швейцарыя гатовая выдаваць пашпарты замежніка беларусам, якія не могуць вярнуцца дадому.

Падчас сустрэчы са спікерам швейцарскага парламента Эрыкам Нусбаўмерам Святлана Ціханоўская абмеркавала магчымасць стварэння групы «За дэмакратычную Беларусь» і далучэння яе да Альянсу, у які ўваходзяць ужо 24 краіны. Эрыку Нусбаўмеру Ціханоўская прапанавала стаць хросным аднаго з беларускіх палітвязняў, як гэта зрабілі ўжо больш за 400 дэпутатаў з розных краінаў.

На сустрэчы таксама была абмеркаваная арганізацыя слуханняў па Беларусі ў Камітэце па замежных адносінах швейцарскага Парламента. Таксама Святлана Ціханоўская заклікала швейцарскія ўлады запрасіць прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі на «Саміт Міру» па Украіне, які неўзабаве адбудзецца ў краіне.

«Швейцарыя магла б выступіць з публічнымі заявамі ў падтрымку дэмакратычнай незалежнай Беларусі. Для нас кантакт са Швейцарыяй істотны. Нягледзячы на свой нейтралітэт, яна займае досыць прынцыповую і моцную пазіцыю па Беларусі», – пракаментаваў візіт Святланы Ціханоўскай ейны галоўны дарадца Франак Вячорка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў