«ByPol»: падрывае самалёт. Улада: моўчкі некага шукае. Хроніка аднаго небывалага следства


Выбухі ў Мачулішчах прагрымелі раніцою 26 лютага, і цяперашнія ўлады, набраўшы вады ў рот, маўчаць трэція содні. Толькі што намеснік міністра замежных справаў Юры Амбразевіч назваў паведамленні пра падрыў самалёта фэйкам. Пры гэтым у Беларусі трывае сапраўдная спецаперацыя з пошукам падазраваных, хаця аб’яднанне «ByPol», якое ўзяло на сябе адказнасць за атаку, абвесціла, што партызаны паспяхова эвакуяваліся. «Белсат» сабраў хроніку пошукаў, якія, імаверна, скончацца арыштам невінаватых.

Спадарожнікавы здымак расейскага самалёта-лакатара, зроблены, як сцвярджаецца, пасля атакі на аэрадром у Мачулішчах. 28 лютага 2023 года.
Фота: Gianluca Mezzofiore / Twitter

Першым пра выбухі ў Мачулішчах напісаў Telegram-канал «Беларусь за МКАДам», паведамленне было апублікаванае 26 лютага а 14:46 паводле беларускага часу. З’явілася інфармацыя пра актыўнасць сілавікоў, побач з аэрадромам інспектары ДАІ спынялі ўсе машыны, правяралі багажнікі і дакументы, у некаторых выпадках – нават мабільныя тэлефоны. На дарогах заўважылі аўтамабілі Следчага камітэту і вайскоўцаў, сілавікі дзяжурылі ў бронекамізэльках і з аўтаматамі. Паветра патруляваў гелікоптар.

Самі выбухі, паводле розных звестак, прагрымелі каля 8:00 ці 9:30.

Нядзеля, 26 лютага

А 16:05 арганізацыя «ByPol» у сваім Telegram-канале паведаміла, што ў выніку выбухаў быў пашкоджаны расейскі самалёт і снегаўборачная тэхніка.

Праз тры гадзіны Telegram-канал «МотолькоПомоги» напісаў, што праверкі на дарогах ужо выбарачныя, у мачулішчанскім чаце павыдалялі ўсе паведамленні пра выбухі і падзеі, звязаныя з інцыдэнтам, а «АМАП у поўным рыштунку пачаў хадзіць па кватэрах» і некага шукаць, у сілавікоў нібыта быў нейкі «бчб-спіс».

А 19:32 з’яўляецца інфармацыя, што ў выніку здарэння быў пашкоджаны расейскі самалёт-лакатар А-50. «Размова можа ісці пра пашкоджанне борта шляхам скіду з вышыні нявызначанага прадмета», – напісаў Telegram-канал «Беларускі Гаюн».

Праз паўгадзіны «ByPol» абвесціў, што на аэрадроме падарвалі самалёт далёкага радыёлакацыённага выяўлення і кіравання А-50, які «дакладна ўжо нікуды не паляціць»: «Пашкоджаныя пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, авіёніка і радыёлакацыйная антэна». Паведамлялася, што гэтую інфармацыю перадалі ўдзельнікі плана «Перамога», і адзначалася: «Беларускія партызаны паслядоўныя ў выгнанні фашыстаў са сваёй зямлі».

І пасля гэтага пасыпаліся падрабязнасці: дыверсію ўчынілі беларускія партызаны, удзельнікі плана «Перамога», для атакі яны выкарыстоўвалі дроны з выбухоўкай. Кіраўнік «ByPol» Аляксандр Азараў распавёў «Белсату», што датычныя да аперацыі ў бяспецы за межамі Беларусі.

Абноўлена
«Гэта былі беларусы, яны ўжо за мяжою». Расейскі самалёт у Мачулішчах атакавалі з дронаў
2023.02.26 21:58

Амаль апоўначы ў нядзелю пачалі прыходзіць паведамленні пра ўзмоцненыя праверкі падчас перасячэння мяжы. «Да памежнікаў дагляд усіх пасажыраў учынілі даішнікі, потым яшчэ нейкія хлопцы ў незразумелай форме. Мы занеслі ў мытную залу ўсе рэчы з аўтобуса. Асобы ў цывільным і мытнікі даглядалі ўсе торбы. Задавалі шмат пытанняў: куды? з якімі мэтамі? Я такога не бачыла ніколі», – пісалі беларусы ў сацсетках. Калі ў багажы былі фотаапараты, прасілі ўключыць іх і паказаць здымкі.

Традыцыйна сілавікі пачалі адсочваць публікацыі ў інтэрнэце, вышукваючы «негатыўныя каментары», як гэта было пасля гібелі праграміста Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, пасля пачатку вайны ва Украіне ды смерці Уладзіміра Макея.

Панядзелак, 27 лютага

Раніцай 27 лютага праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра затрыманне ў Мачулішчах Крысціны Максіменка. Дагэтуль невядома, ці звязана гэта з выбухамі на аэрадроме і дзе дзяўчына цяпер.

Таксама ў панядзелак паведамлялася, што ў розных раёнах краіны дзяжураць інспектары ДАІ, якія спыняюць і правяраюць машыны. Пасты былі заўважаныя, акрамя Мачулішчаў, у Ганцавічах, у Барысаўскім, Пінскім і Столінскім раёнах. Пад асаблівай увагаю – дарогі, што вядуць да мяжы.

Апоўдні дзяржаўныя медыі абвесцілі пра нараду ў Аляксандра Лукашэнкі з сілавікамі. На сустрэчу «у вузкім складзе» выклікалі дзяржсакратара Савету бяспекі, кіраўнікоў МУС, Мінабароны, КДБ і Дзяржаўнага памежнага камітэту. Чакалася, што нарэшце прагучаць нейкія заявы пра падзеі ў Мачулішчах, аднак не: абнародавалі толькі патрабаванне Лукашэнкі аб «жэстачайшай» дысцыпліне сярод сілавікоў, асабліва на мяжы.

Ніякіх звестак пра свой лёс свайго самалёта не раскрывае і Расея. Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў журналістам, што яму «няма чаго сказаць, Беларусь зняпраўдзіла інфармацыю» пра здарэнне. Пры гэтым цяперашнія ўлады ў Менску на той момант не тое, што не зняпраўдзілі, – наогул нічога пра інцыдэнт не распавядалі.

Hавiны
Брытанская выведка: Пашкоджанне самалёта ў Мачулішчах істотна абмяжуе паветраныя аперацыі Расеі
2023.02.28 14:03

Сілавікі пачалі правяраць уладальнікаў дронаў. «Прыходзілі асобы ў цывільным, перапісалі дадзеныя дрона. Спыталі, дзе лятаў апошні раз, дзе купляў і да таго падобнае», – працытавала свайго чытача выданне «Зеркало».

Стала вядома пра затрыманні ў Фаніпалі, што ў 30 кіламетрах ад Мачулішчаў. На тых, каго схапілі, склалі пратаколы за «непадпарадкаванне», чакаюцца суды, пісаў праваабарончы цэнтр «Вясна» у сваім Telegram-канале, не ўдакладняючы, колькі асобаў былі затрыманыя і ці звязана гэта з выбухамі на аэрадроме.

Увечары ў сацсетках ды Telegram-каналах распаўсюдзіліся фотаздымкі арыенціроўкі, якую нібыта атрымалі раённыя аддзелы ўнутраных справаў. У дакуменце пазначалася, што ў вышук за «асабліва цяжкае злачынства ў Мачулішчах 26.02.2023» абвешчаны 29-гадовы нарадзінец Крыму Мікалай Уладзіміравіч Швец, які перасоўваецца на Daewoo Nubira. Аляксандр Азараў заявіў, што гэтая асоба яму не знаёмая і да дыверсіі не датычная.

Аўторак, 28 лютага

Сястра мужчыны з арыенціроўкі зняпраўдзіла ягонае прычыненне да дыверсіі, сказаўшы «Нашай ніве», што ён ніколі не наведваў Беларусь і 25-26 лютага быў ва Украіне. Паводле жанчыны, ейная сям’я не з Крыму, а з Крывога Рога, але жыла ў Ялце да расейскай акупацыі.

Машыну Daewoo Nubira, на якой нібыта перасоўваецца падазраваны, выставілі ў інтэрнэце на продаж 15 лютага і прадалі не пазней за 25 лютага, даведаўся праект «МотолькоПомоги». Пазначаны на сайце кошт легкавіка – $1200.

У Гомельскай вобласці, што мяжуе з Украінай, заўважылі вайскоўцаў, якія разам з супрацоўнікамі ДАІ даглядаюць аўтамабілі на мастах праз Прыпяць у Мазыры, а таксама ў Лельчыцах.

Разбор
Якія наступствы будзе мець дыверсія ў Мачулішчах?
2023.02.27 15:44

У сацсетках беларусы працягваюць пісаць пра надзвычайна пільныя праверкі на межах на выездзе з краіны. І без таго працяглае перасячэнне граніцы замарудзілася яшчэ болей.

Да звычайных на пунктах пропуска памежнікаў і мытнікаў далучыліся невядомыя ў цывільным, імаверна, супрацоўнікі КДБ. Пры выездзе ў Літву «вельмі старанна ды шчыльна правяраюць усе транспартныя сродкі, асабліва багаж, кожны праходзіць міні-допыт, які чыніць супрацоўнік КДБ». Ён пытае, дзе асоба знаходзілася апошнімі днямі, і настойліва просіць «даць паглядзець тэлефон».

«Белсату» стала вядома, як мінулай ноччу перасякаў мяжу ў Берасці аўтобус на Вроцлаў: беларускі бок праходзілі 5 гадзінаў, з кожным пасажырам гутарыла асоба ў цывільным, верагодна, чэкіст. Ён пытаў, калі і адкуль выехалі, дзе былі, чаму менавіта так паехалі, а не гэтак. Агулам афармленне на мяжы зацягнулася на 13 гадзінаў, аўтобус прыбыў з вялікім спазненнем.

Чытачы «Белсату» распавялі пра праверкі нават на мяжы з Расеяй у Магілёўскай вобласці. Другія содні запар «трасуць» кожную машыну, глядзяць дакументы, хто што вязе. «Вытрасаюць торбы, рэчы, зазіраюць у салон, пад капот. Хто спрабуе казаць пра правы – таварам у капот», – кажуць сведкі.

Прычым дагэтуль няма незалежнага пацверджання інфармацыі пра пашкоджанне расейскага самалёта. На тое, што нейкае здарэнне ў Мачулішчах усё ж адбылося, паказваюць толькі ўскосныя прыкметы. Адна з іх – магільнае маўчанне дзяржаўных медыяў і ўстановаў, калі не лічыць заяву намесніка кіраўніка МЗС.

Hавiны
Першы беларускі чыноўнік назваў «фэйкам» інцыдэнт з расейскім самалётам у Мачулішчах
2023.02.28 18:50

«Кагосьці пакажуць у тэлеэфіры»

Маштаб цяперашніх захадаў уразіў колішняга міліцыянта з Берасця Арцёма Жалезнага. У размове з «Белсатам» ён адзначыў, што не памятае выпадкаў, каб падазраваных спрабавалі злавіць такімі сіламі:

«Калі я працаваў у міліцыі, у 2019 годзе быў напад у Пінску, мы таксама тады выстаўляліся на дарогах, каб злавіць злачынцаў. Так, гэта ўсё паводле інструкцыяў, якія апошнім часам у беларускай міліцыі наўрад ці моцна змяняліся. Ці дасць гэта вынікі, не ведаю. Яны кагосьці схопяць, кагосьці пакажуць у тэлеэфіры, але ці гэта будуць датычныя да гэтай акцыі людзі?»

Жалезны звярнуў увагу на арыенціроўку, што распаўсюдзілі медыі.

«Гэта вельмі дзіўна. Памятаеце выпадак, калі застрэлілі міліцыянта, тады чорная «Волга» яшчэ ў арыенціроўках фігуравала – тады злівалася інфармацыя, але ж пасля той гісторыі нам не так часта дасылалі такія арыенціроўкі, каб зліваў менш было», – адзначыў суразмоўца «Белсату».

Арцём Жалезны мяркуе, што дыверсія прывядзе да новага вітка рэпрэсіяў.

«Прыйдуць зноў да актывістаў, у Мачулішчах, у Менску, зноў будуць затрыманні, а ўсе мы ведаем, як цяпер карныя органы працуюць, і чаго яны могуць дабіцца пры, мякка кажучы, размове з чалавекам. Зверху будуць патрабаваць вынікі, і вынікі дадуць, але якія яны будуць, можна толькі здагадвацца».

Агляд
«Новы ўзровень» і другі крэйсер «Масква». Што кажуць пра дыверсію ў Мачулішчах
2023.02.28 17:15

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў