news
Інтэрв'ю
Анастасія «Север» Махамет – пра тое, чаму сышла з палку Каліноўскага і чаму праўда пра вайну нікому не патрэбная
«Я слухала ды разумела: мы не ў войску, а ў дзіцячым садку»
28.01.202407:00

Звязаліся з былым камандзірам медычнай роты палку Кастуся Каліноўскага (ПК) Анастасіяй «Север» Махамет, якая нядаўна зрабіла заяву пра свой сыход з падраздзялення. У размове з «Белсатам» дзяўчына распавяла, хто яе заменіць на пасадзе камандзіра медроты, чым будзе займацца далей і чаму сапраўдная праўда пра вайну нікому не патрэбная.

Анастасія «Север» Махамет. 2023 год, Украіна. Фота перадала «Белсату» гераіня публікацыі.

«Белсат»: – Насця, ты цяпер на перадавой?

– Так, але… адносна. Быццам бы так – на задачы.

– На перадавой – у складзе палка Каліноўскага ці ўжо не?

– Па факце – у складзе падраздзялення, але ў медроце ПКК маецца яшчэ бронегрупа, і цяпер у бронегрупы ёсць свая задача. Мы забяспечваем медэвак («медычную эвакуацыю» – заўвага «Белсату»), я працую як медык на гэтых задачах. То бок так, гэта пакуль што полк Каліноўскага. Уласна, я пакуль у працэсе перадачы ўсіх сваіх абавязкаў.

«Ні для каго не сакрэт, што я тут часова»

– Значыць, ты ўсё яшчэ камандзір медычнай роты палку?

– Гісторыя такая: тэхнічна я яшчэ камандзір групы «Медрота», але толькі афіцыйна, на паперах. Па факце камандзір ужо новы, а я – ягоны намеснік. Проста ідзе бюракратычны працэс перадачы паўнамоцтваў.

– Хто цябе заменіць?

– У нас новы камандзір. Афіцэр. Але ён у першую чаргу будзе камандаваць бронегрупай. Так атрымалася, што ў медроце маецца ўласная бронегрупа. Яна развіваецца, расце і выконвае свае задачы. Гэта значыць цяпер у «Літвіне» і «Волаце» (батальёны ПКК) маецца свой медэвак. Палкавы мэдэвак па факце нікому не патрэбны.

– Ты ўжо нейкім чынам развіталася з палком?

– Афіцыйнага развітання не будзе. Усе і так ведаюць, што я сыходжу, таму гэта фармальнасць. Ні для каго не сакрэт, што я тут часова. Мне засталося забраць рэчы з базы. Усе зацікаўленыя бакі ведаюць пра мае планы. Ні для каго не будзе сакрэтам ні мой сыход, ні мая пазіцыя. Пра гэта ведае і камандаванне палку, і мой цяперашні камандзір, ды і будучы. Наогул усё. Засталося – у добры шлях.

Шаўрон на форуме Анастасіі «Север». Фота перадала «Белсату» гераіня публікацыі.

– У добры шлях – куды?

– Скажам так – у іншае месца. І там займацца медыцынай. Так, ваеннай. Чалавек, да якога я сыходжу ў падпарадкаванне, у курсе, Усе ўсё ведаюць. Але публічна я пакуль не жадаю нічога распавядаць канкрэтна. Як будзе зроблена, тады распавяду. Прычым, калі мой план ажыццявіцца, то гэта падраздзяленне з медычнага пункту гледжання можа падтрымліваць, у тым ліку, і полк Каліноўскага.

– Гэта будзе не беларускае падраздзяленне?

– Не, але гэта будзе падраздзяленне, якое займаецца медыцынай на высокім узроўні. Прынамсі, я спадзяюся, што будзе той узровень, які я са сваёй медычнай адукацыяй магу сабе дазволіць. Так што паглядзім.

«Я створаная для вайны і рэвалюцыяў»

– З вайны ты не сыходзіш…

– Не, я якраз нармалёва сябе тут адчуваю. Увесь час успамінаю, як анекдот, калі я ў 16 гадоў заявіла, што, маўляў, жыву ў няправільны час і вакол нічога не адбываецца, а я створана для вайны і рэвалюцыяў. Дык вось, так, я створана для вайны і рэвалюцыяў. Гэта праўда. Я тут адчуваю сябе камфортна.

Рэпартаж
«Для не пакусаных ваўкалакамі». У Варшаве прайшла прэм’ера фільму «ГУпоЗ»
2023.11.03 14:58

Тут трэба ўлічваць, што я, як медык, знаходжуся не зусім на перадавой. Плюс – рэальна вельмі жадаю вярнуцца ў медыцыну. Таму што гэта тое, што я люблю, хачу і ўмею рабіць. Апошнім часам я вельмі мала займалася непасрэдна медыцынай. А апошні год – зусім мала.

– Тое, што ты рабіла, гэта была хіба не медыцына?

– Гэта былі арганізацыйныя моманты ў медыцыне, але не ўласна медыцына. Я займалася ўсялякай бздурай, якая нахер нікому не патрэбна, як мне цяпер здаецца. Я практычна не кантачыла з параненымі, з хворымі. Таму цяпер мне ў кайф нават каму-небудзь каленку маззю нашмараваць.

– Цытую тваё выказванне ў «Instagram»: «Калі ў вас няма сваёй гісторыі, вы станеце часткаю чужой». Сыходзіш з палку яшчэ і таму, што стала «часткаю чужой гісторыі»?

– Можна і так сказаць. Так атрымалася, што я, уласна, хацела сысці з палку яшчэ пасля гібелі Волата (Павел Волат – адзін з ваяроў і стваральнікаў батальёну імя Кастуся Каліноўскага, загінуў у маі 2022 года). Калі полк абвясцілі палком, ужо тады пачаліся працэсы, якія мне вельмі не падабаліся.

Але тады мяне пераканаў Ваня Брэст (Іван «Брэст» Марчук – камандзір батальёна «Волат», загінуў у чэрвені 2022 года) застацца і дапамагчы яму. Гэта чалавек, які ў размове са мной заўсёды аперыраваў дакладнымі рэчамі. Не ў стылі «давай мы зробім нейкую міфічную штуку», якая і г.д. Ён казаў канкрэтна: «Давай мы будзем рабіць вось гэта і вось гэта. Вось з гэтым я не спраўлюся без цябе. Давай ты возьмеш гэты кавалак і папрацуеш з ім».

Гісторыі
«Спрабую змагацца з дэманамі – і прайграю ўсухую». Споведзь Чарлі – былога ваяра палка Каліноўскага
2022.11.13 09:00

З Ванем Брэстам было як раз вельмі выдатна працаваць. Мы ўсе пытанні вырашалі вельмі хутка. Ніякай вады і ніякіх абстрактных фраз. На жаль, Вані няма. Пасля яго гібелі я ўсё яшчэ спадзявалася зрабіць тое, што мы абмяркоўвалі. Я ішла па нашым плане, і я практычна цалкам яго ажыццявіла, але…

– Але?..

– Скажам так: гэты план, падобна, нікому не патрэбны. І я не бачу сэнсу. Плюс апошнім часам усё, што я чую, – гэта нейкія маніпулятыўныя гісторыі кшталту: «Як мы без цябе?», «Што мы будзем рабіць?». Усё гэта выглядае, як вельмі дрэнная гульня, у якой я не жадаю гуляць. Атрымліваецца, што адзіны спосаб у яе не гуляць, гэта сысці…

Цяпер мяне быццам бы ўгаворваюць застацца зноў жа нейкімі абстрактнымі фразамі, маўляў: «Давай што-небудзь зменім». Але ніякай канкрэтыкі.

І наогул я разумею, што я патрэбна ім проста як галава, якая гаворыць ды публічны твар, а больш – аніяк.

– Звычайныя ваяры не просяць застацца?

– Ёсць такое, але ў іх трошкі іншая рыторыка. Яны кажуць: вось, блін, нам сумна, што ты сыходзіш. Большая частка людзей, якая са мной добра кантактуе, разумее, чаму я сыходжу. Яны ў любым выпадку застануцца ў маім жыцці: якая розніца, дзе мы служым, калі мы ў добрых адносінах? Адэкватныя людзі выдатна ведаюць, што, па меры сваіх магчымасцяў, я ім буду дапамагаць, дзе б ні знаходзілася.

«Шмат неваенных праблем»

– У Варшаве камандзіру палка Каліноўскага Дзянісу Кіту задавалі шмат нязручных пытанняў, у тым ліку пра «павальны сыход» з падраздзялення дасведчаных ваяроў. Кіт абмовіўся тады агульнымі фразамі, маўляў, у вялікім калектыве заўсёды ўзнікаюць канфлікты і нешта камусьці не падабаецца. Як вы бачыце гэтую праблему? У чым прычына, што ваяры пакідаюць полк?

– У палку ёсць шмат дробных невайсковых і наогул дурных праблемаў, якія ніхто не спрабуе вырашаць глабальна. Гэта ўсё, што я магу сказаць…

Анастасія «Север» Махамет. 2023 год, Украіна. Фота перадала «Белсату» гераіня публікацыі.

– Маеш на ўвазе неваенныя праблемы ў тыле?

– Асабліва ў тыле. Гэта значыць, калі ты за сабой маеш такі надзейны тыл, ты ведаеш, што ён цябе па максімуме закрые. Табе не трэба на яго адцягвацца. Проста закінуў запыт, табе яго апрацавалі, зрабілі – ды ўсё. І калі гэта не так не працуе – гэта ненармалёва. Менавіта ў тыле павінны турбавацца пра тое, што будуць есці і ў чым хадзіць ваяры на перадавой.

Украіна ўваходзіць у рэжым «ратуйце мяне, калі ласка!»

– Патавая сітуацыя на фронце, праблемы з мабілізацыяй ды матэрыяльнай падтрымкай Украіны з боку ЗША і ЕЗ. Многія з трывогай назіраюць цяпер за Украінай. Каб ты знутры ацаніла сітуацыю, стан баявога духу ўкраінцаў?

– Ды насамрэч тыя хто служыць, хто на перадавой – яны не падаюць духам, асабліва ідэйныя. Розныя рэчы, вядома, здараюцца, але гэта адзінкавыя гісторыі. Больш ідэйных людзей, якія гатовыя і жадаюць змагацца.

Мяне насамрэч хвалюе толькі адно, а менавіта тое, што цяпер Украіна – як, зрэшты, і Беларусь – уваходзіць у рэжым «ратуйце мяне, калі ласка!». Гэта значыць калі знутры ідзе чаканне і разлік на дапамогу звонку. Звычайна гэта нічым добрым не сканчаецца. Таму што, груба кажучы, ніводнай краіне ніхто нічога не павінен. Давайце шчыра: ці краіна спраўляецца сама, ці ніхто ёй нічога не павінен.

Калі ў 2022 годзе ўвесь свет быў узрушаны, выбарцы ўсіх дэмакратычных краін былі настроеныя на падтрымку Украіну, то цяпер украінская павестка не такая вострая. Выбарцам яна ўжо не такая цікавая. І ніхто з палітыкаў не захоча губляць галасы, укідваючы велізарныя сродкі ў дапамогу Украіне. Ды гэта банальная логіка.

Рэпартаж
«Бяром курс на доўгую вайну». Камандзір палка Каліноўскага сустрэўся з беларусамі Варшавы
2024.01.22 10:03

Украіна не аднаўляецца. За гэты час можна было шмат зменаў зрабіць у плане працы прадпрыемстваў ды гэтак далей. Але гэта павінна вырашацца на ўзроўні дзяржавы, а не на нашых гутарковых. Усе чакаюць проста дапамогі ад Амерыкі ды Нямеччыны, просяць самалёты, танкі ды ўсё такое. А можа, проста пачаць нешта рабіць? Хоць бы паспрабаваць.

– Што, па-твойму, трэба рабіць?

– Не ведаю, гэта складанае пытанне. Узяць арыентацыю на вайну. На праціўніка. Укласціся цалкам, ва ўсіх сферах, менавіта ў вайну.

«Будзем займацца медыцынай і творчасцю – такі план»

– Як тваё здароўе? Можа, зрабіла б паўзу паміж пераходам на іншую працу, з’ехала б у Варшаву ці Парыж – адпачыць, напісаць чарговую кнігу?..

– Са здароўем наогул усё выдатна. У мяне вось Шэры (сабака Анастасіі, якога яна падабрала шчанюком пад Гуляйполем пасля смерці Івана Брэста) захварэць ухітрыўся. За яго перажываю.

А ў Парыж – не, не збіраюся (смяецца). Хоць на самай справе на перадавой вельмі цяжка пісаць. Я спадзяюся, што цяпер, на новай працы, у мяне будзе нармалёвы графік ратацыяў і тады змагу пісаць.

У палку ў мяне не было выходных зусім: усё роўна на тэлефоне, усё роўна нешта вырашаеш, і гэтак 24 на 7. Пастаянна. Ведаеце, я ўжо цяпер адчуваю, як мяне разгружае, бо ёсць камандзір, які вырашае большую частку пытанняў. У мяне абавязкаў усё менш менавіта такіх.

Так што будзем займацца медыцынай і творчасцю. Такі план.

– Прызнавалася, што пра гэтую вайну ты пісаць не будзеш. Чаму?

– Не планую, але ў мяне ёсць адна кніга (Анастасія Махамет піша пад псеўданімам Аляксандр Верт – заўвага «Белсату»), якую я вельмі хацела напісаць яшчэ перад сваім прыездам з Беларусі. І яна на ваенную тэматыку, там вайскоўцы фігуруюць, скажам так. Але гэта – фантастыка. Так што як бы і не пра вайну зусім. Ці можна сказаць, што пра вайну, але не пра гэтую.

Анастасія «Север» Махамет. 2023 год, Украіна. Фота перадала «Белсату» гераіня публікацыі.

Я не думаю, што я калі-небудзь буду пісаць пра вайну ва Украіне. Таму што сапраўдная праўда мала каму спадабаецца. Дык і мне самой. Таму навошта пісаць пра тое, што нікому не прынясе задавальнення?

– А можа якраз сапраўдная праўда і патрэбна цяпер?

– Тут яшчэ праблема ў тым, што яна ж не будзе аб’ектыўнай. Субʼектыўны фактар нікуды не дзенецца, як бы сумленна ні пісала. І ў выніку стане падставай развесці чарговы срач. Не думаю, што гэта трэба.

Я зараз магла б зліць велізарную колькасць інфармацыі пра полк ды распавесці стос усялякай брыдоты. Але гэта не будзе прадуктыўна. Гэта не дапаможа ні мне, ні добрым хлопцам, якія ўсё яшчэ ў палку застаюцца. А па вялікім рахунку – нікому.

«Хто любіць чалавецтва, той ненавідзіць людзей. Я люблю чалавецтва»

– З праўдай зразумела. А што з верай? У прыватнасці, з верай у людзей. Не згубіла яе на вайне канчаткова?

– Не, таму што не вельмі і да гэтага ў людзей верыла, шчыра кажучы. І верыць у іх менш я не стала.

Насамрэч у мяне быў такі эпізод, калі я вельмі расчаравалася ў беларусах. Гэта было да заканчэння ўніверсітэта. Здарылася геніяльная гісторыя, калі я сабрала ва ўніверсітэце подпісы супраць платных адпрацовак пад зваротам да Міністэрства аховы здароўя, што гэта незаконна, няправільна і трэба з гэтым нешта рабіць. Мне за збор далі вымову і прызналі яго масавым мерапрыемствам.

Стаяў 2021 год і – як раз! – Дзень Канстытуцыі, смешна. Добра. Людзей потым пачалі выклікаць у дэканат і казаць, што, калі яны не адклічуць подпісы, то іх будуць выклікаць сведкамі ў суд, таму што, бачыце, на мяне заведзеная справа. Я кажу людзям: калі на мяне сапраўды завялі справу, то адклічаце вы подпісы ці не – усё роўна будзеце ў ёй фігураваць.

Урэшце, купа народу адклікала подпісы, і мне Міністэрства аховы здароўя на мой жа зварот з гэтым стосам подпісаў адказала, што я падманула людзей. Я людзям потым сказала: вы нармальныя? Я ўнівер ужо скончыла, «госы» здаю, гэта вам з гэтай бздурай яшчэ шэсць гадоў жыць. Усё з вамі зразумела…

– Зразумела. У людзей не верыш, але любіш іх?

– Я не ўспомню, хтосьці казаў, магчыма Оскар Уайльд, што той, хто любіць чалавецтва, той ненавідзіць людзей. І наадварот, хто любіць людзей – ненавідзіць чалавецтва. Я люблю чалавецтва.

– І ратуеш жыцці канкрэтным людзям…

– Так-так, не толькі людзям. Сабакам!

Тыдзень
Камандзір каліноўцаў сустракаецца з беларусамі. Вынікі Сусветнага эканамічнага форуму. Топ-навіны за тыдзень
2024.01.22 13:52

Дзмітрый Мираш / Авер belsat.eu