Суд Смалявіцкага раёну вынес рашэнне па пазовах пацярпелых, а таксама сваякоў загінулых у ДТЗ пад Смалявічамі 20 лютага 2023 года. Ахвярамі сутыкнення самазвалу МАЗ і маршруткі сталі 13 чалавек.
Сваякі загінулых падалі больш за 60 пазоваў супраць «Менаблаўтатрансу», якому належаў самазвал, і транспартнай кампаніі «Сінкевіч» – уласніка маршрутнага таксі. Сумы пазоваў складалі ад 20 да 100 тысяч рублёў.
Суд пастанавіў спагнаць з кампаніяў у салідарным парадку кампенсацыю на агульную суму 2 530 000 рублёў. Таксама з прадпрыемстваў будзе спагнаная дзяржаўная пошліна ў памеры 7 548 рублёў. У задавальненні пазову да кіроўцы цяжкавіка суд адмовіў. Рашэнне суда пакуль не ўступіла ў сілу і можа быць апратэставанае.
Смяротнае ДТЗ здарылася 20 лютага 2023 года пад Смалявічамі. У выніку сутыкнення самазвалу і маршруткі загінулі 13 чалавек – кіроўца мікрааўтобуса і 12 пасажыраў. Сем пасажыраў атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Кіроўцу самазвалу Менскі абласны суд прызнаў вінаватым у аварыі і асудзіў да 7 гадоў турмы. Падчас следства высветлілася, што цяжкавік быў няспраўны, што прывяло да таго, што кіроўца страціў кіраванне і выехаў на сустрэчную паласу, дзе і сутыкнуўся з маршруткай. У якой у сваю чаргу ехалі 19 пасажыраў, хоць пасадачных месцаў было 15 і яны не былі абсталяваныя рамянямі бяспекі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu