«Віталюр» перадае свае крамы ў арэнду кампаніі «Санта Рытэйл»


«Віталюр» мае намер перадаць у арэнду ўсе свае гандлёвыя аб’екты сетцы «Санта Рытэйл». Угода мае «высокі статус гатовасці», заявіў гендырэктар кампаніі Аляксандр Калеснікаў.

Крама сеткі «Віталюр».
Фота: Торговая сеть Виталюр / Facebook

Такая ўгода прадугледжвае продаж абсталявання і рэшткаў тавару. Цалкам магчыма, што перадача ў арэнду адбудзецца да канца студзеня 2023 года.

«Мэтай і ўмовай угоды ёсць поўнае пагашэнне дэбіторскай запазычанасці перад дастаўцамі. На сёння мы маем высокі статус гатовасці ўгоды», – заявіў гендырэктар «Віталюр» Аляксандр Калеснікаў.

«Віталюр» перадасць сетцы «Санта Рытэйл» 84 гандлёвыя абʼекты. Калеснікаў падкрэсліў: ніякіх іншых субʼектаў гаспадарання, каб пазбегнуць патрабаванняў у запазычанасці, стварацца не будзе, а таксама «не разглядаюцца ніякія пытанні, звязаныя з ліквідацыяй ці банкруцтвам».

У сваю чаргу гендырэктар кампаніі «Санта Рытэйл» Аляксандр Чуйко пацвердзіў: угода мае ажыццявіцца за найкарацейшыя тэрміны. Яна прадугледжвае для пакрыцця доўгу продаж абсталявання ўнутры гандлёвых абʼектаў, гэта прыблізна дзве траціны агульнай запазычанасці кампаніі. Чакаецца таксама продаж рэштак тавару.

Разглядаецца таксама магчымасць саступлення даўгоў, але з 1 студзеня паводле пастановы ўраду любыя такія аперацыі забароненыя. Таму кіраўнікі кампаніяў ужо звярнуліся ў МАРГ, Менскі гарвыканкам і КДК з просьбаю дапамагчы. У «Віталюру» ёсць пратэрмінаваныя запазычанасці перад дастаўцамі, якія спрабуюць спагнаць грошы праз суд.

«Віталюр» – кампанія Аляксандра Яцука, названая ў гонар сыноў Віталя і Юрыя, якія працуюць разам з бацькам. Кампанія мела каля 100 гандлёвых абʼектаў у 14 гарадах Беларусі. У крамах працуюць каля 7 тысячаў чалавек. Апроч рытэйлу, кампанія займае адно з першых месцаў як імпарцёр рыбы, а таксама садавіны і гародніны.

Паводле падлікаў zerkalo.io, даўгі кампаніі складаліся са 158 мільёнаў кароткатэрміновых крэдытаў і пазык ды амаль 30 мільёнаў доўгатэрміновых. Кароткатэрміновая крэдыторская запазычанасць, то бок абавязкі перад іншымі кампаніямі, складала 190 мільёнаў рублёў.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў