Катаванні на Акрэсціна: Насту Лойку без вопраткі гадзінамі трымалі ва ўнутраным дворыку


Палітзняволеную праваабаронцу Насту Лойку на некалькі гадзінаў выводзілі без вопраткі ва ўнутраны двор Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкаю на адну з былых арыштантак Акрэсціна.

Наста Лойка. Менск, Беларусь, 2 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

«Насту аднойчы выгналі ў дворык за тое, што яна напісала скаргу наконт таго, што тых, хто ездзіў на працу на сметнік, доўга трымалі ў дворыку на марозе, то бок трымалі ў неналежных умовах.

На гэта міліцыянт Цішачкін сказаў, што яна цяпер пойдзе і паглядзіць сама, як гэта. Яе адправілі на 5-6 гадзінаў у гэты дворык. Ён прасіў потым Насту, каб яна не пісала скаргі», – распавяла праваабаронцам былая арыштантка ЦІП на Акрэсціна.

Нагадаем, на адным з судоў Наста Лойка казала, што адзін з працаўнікоў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі.

Са словаў крыніцы «Вясны», Наста Лойка хацела абвясціць галадоўку, але ёй не далі паперы і асадкі, каб напісаць заяву.

«ГУБАЗіК ёй абяцаў крыміналку. Адразу сказалі, што пасадзяць паводле «адміністратыўкі» і будуць шукаць, як яе ўжо пасадзіць надоўга», – расказала праваабаронцам былая арыштантка.

Праваабаронца Наста Лойка была затрыманая 28 кастрычніка 2022 года. На наступны дзень ёй прысудзілі 15 содняў адміністратыўнага арышту паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Пасля заканчэння арышту дзяўчына не выйшла на волю – яе зноў асудзілі за «хуліганства» на 15 содняў. 29 лістапада праваабаронцу яшчэ раз асудзілі на 15 содняў. 14 снежня яе арыштавалі нанава – чацвёрты раз запар. 2 снежня Лойку прызналі палітзняволенай. У канцы снежня ёй выставілі абвінавачванні паводле двух артыкулаў: вядома, што адзін з іх – арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Палітзняволеную перавялі ў СІЗА № 1 Менску.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў