Ірэна Кацяловіч: З культурай усё будзе ок, калі на Каляды будзем гатаваць карпа, а не савецкую «шубу»


Дзе сёння сапраўдная беларуская культура – у Беларусі пад ціскам рэпрэсіяў ці за мяжою, дзе яе магчыма свабодна ствараць і прасоўваць? Як дапамагае развіццю культуры, а таксама творцам Беларуская рада культуры, якая надоечы адзначыла сваё двухгоддзе? Як нам захаваць свае традыцыі і нацыянальную ідэнтычнасць у цяперашніх няпростых умовах? Пагутарылі пра гэта з прадстаўніцаю Рады культуры ў сувязях з грамадскасцю, кіраўніцаю праектаў Ірэнаю Кацяловіч.

Журналистка Ирена Котелович, ведущая программы «Культурный репортёр» на «Белсате»
Ірэна Кацяловіч, журналістка, прадстаўніца Рады культуры ў сувязях з грамадскасцю і былая вядоўца праграмы «Культурны рэпарцёр» на «Белсаце».
Фота: Белсат

«Называю раду культурніцкім стартапам»

– Ірэна, чым менавіта сёння займаецца Беларуская рада культуры?

– Як бы так непратакольна адказаць, каб людзі дачыталі гэтую размову да канца. Калі вельмі агульна, задачы рады – пашыраць магчымасці для беларускай культуры і трымаць яе на парадку дня. Робіцца гэта крыху хаатычна. Для сябе я называю раду культурніцкім стартапам, у тым сэнсе, што ўсе мы сёння жывем галопам, ніхто не быў падрыхтаваны да такіх раптоўных і нетрывалых умоваў для любой дзейнасці, і, адпаведна, ніхто гадамі не выпрацоўваў правілаў целарухаў у такім кантэксце.

У рады ёсць глабальныя мэты: каб культура не проста была, але і захоўвала беларусаў беларусамі, рухала нас як супольнасць да новай краіны, прасоўвала беларусаў за мяжой як еўрапейскі народ з дэмакратычнымі каштоўнасцямі. Каб гэтыя мэты рабіць рэальнымі, яна дзеіць цудоўнаю разнастайнасцю метадаў: знаходзіць грошы на культурніцкія праекты альбо ладзіць хакатон digital-праектаў для беларускай культуры, запускае марафон казак ад Маляваныча альбо праводзіць дабрачынны аўкцыён, робіць Дні культуры з цэлаю праграмай івэнтаў альбо піша аналітыку культурніцкага поля.

Вядома, дапамагае рэпрэсаваным творцам. Гэта тое, з чаго рада ўласна пачыналася. Я магу адказаць тут і як «спажывец»: мне імпануе любая дзейнасць, якая пашырае мой выбар, калі на Каляды я хачу слухаць беларускую музыку, у кавярні чытаць беларускую кнігу, увечары ісці на беларускую імпрэзу. Мне імпануе ўсё, што сцвярджае каштоўнасць быцця ў беларускім кантэксце, і рада акурат адказвае на гэты мой запыт.

«Як казаць пра поспехі, калі ў Беларусі дзеячы культуры ўсё яшчэ трапляюць пад рэпрэсіі?»

– Радзе культуры ўжо 2 гады. Якія вынікі яе працы за гэты час? Якія праекты ці імпрэзы вы можаце назваць поспехамі, а што хацелася зрабіць, але не ўдалося?

– Мы сфармавалі для сябе топ-5 падтрыманых праектаў і распісалі асноўныя поспехі за два гады. Успомнілі ўсё: ад выключэння Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу да буйнога праекту «ArtPower Belarus», на які з Дацкім інстытутам культуры атрымалі 2 мільёны еўраў ад Еўраўвязу. «ArtPower Belarus» будзе значыць дзясяткі зрэалізаваных праектаў, арт-рэзідэнцыі і ўдзел творцаў у рознага кшталту міжнародных івэнтах, Рэсурсны цэнтр у Вільні як рэальная прастора для камунікацыі, курс падрыхтоўкі менеджараў культуры і ўсякае рознае іншае.

Але беларускія творцы ўсё яшчэ вымушана сыходзяць з прафесіі, прадстаўнікі культуры ўсё яшчэ трапляюць пад рэпрэсіі, культурніцкія прасторы ў Беларусі ўсё яшчэ працуюць пад цэнзурай. Асабіста для мяне пытанне, наколькі мы можам казаць пра гісторыі поспеху на фоне гэтых гісторыяў антыпоспеху.

Культурный центр «Корпус», пространство, граффити, Минск
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Культурны цэнтр «Корпус».
Фота: Белсат

З аднаго боку, хацелася б мець права на прыкметы нармальнага жыцця, з іншага – колькі ў нас рэальна рэсурсу на тое, каб перайграваць сітуацыю, якую ствараюць дыктатуры? Мы ўспрымаем кантракт на 2 мільёны еўраў як поспех, і, магчыма, гэта пачатак нечага большага, бо падтрымку ў такім аб’ёме незалежная беларуская культура атрымлівае ўпершыню. Але мы неяк паглядзелі бюджэт калі не самага, то аднаго з самых бедных міністэрстваў культуры ў Еўропе – міністэрства культуры Беларусі, і нават яно на год мела 60 мільёнаў еўраў. 60 мільёнаў еўраў на сваё ідэалагічнае мастацтва.

«Культурніцкае жыццё ў Беларусі працягваецца, хоць і падпольна»

– Ірэна, а ці робіць Рада культуры нешта для беларусаў у Беларусі? Ці можа быць у нечым карыснай ім, неяк дапамагчы?

– Рада не толькі можа працаваць з творцамі ў Беларусі (штосьці мне не падабаецца тут слова «дапамога»), але і працуе. Толькі як «экстрэмісцкае» фармаванне, якое стварае «экстрэмісцкія» матэрыялы, яна ў дачыненні гэтых праектаў сябе ніяк не пазначае, таму нічым канкрэтным я не магу пахваліцца, як бы ні хацелася.

Затое магу сказаць вось што: мы ведаем дакладна і хочам, каб ведалі іншыя, што культурніцкае жыццё ў Беларусі працягваецца, і незалежнае выказванне, хоць і падпольна, хоць і ў «крызісных» фарматах, з’яўляецца. Я ўжо згадвала буйны праект «ArtPower Belarus» на два мільёны еўраў: ён пісаўся з думкаю перадусім пра тую культуру, якая ў Беларусі, і думаю, камітэт, што будзе адбіраць праекты для фінансавання, гэты інтарэс раздзеліць, каб у выпадку складаных выбараў аддаваць ім прыярытэт. Вядома, ёсць рызыкі, таму мы будзем карыстацца паслугамі адмыслоўцаў, здольных забяспечыць творцам неабходны ўзровень бяспекі.

Ну і адказваючы на пытанне: дзякуй Богу, мы ў ХХІ стагоддзі, таму, калі рада спрыяе з’яўленню сінглу ці музычнага альбому, кліпу ці кароткаметражнага фільму, падкасту, твору ў літаратурным жанры, – хутчэй за ўсё, у беларусаў у Беларусі будзе магчымасць гэта спажыць. Часта канцэрты таксама транслююцца онлайн.

«Рэжым знаходзіць новыя спосабы заціснуць творцаў»

– Ірэна, ці не перасякаюцца дзейнасць і мэты Рады культуры з наваствораным прадстаўніцтвам у справе нацыянальнага адраджэння пры Аб’яднаным кабінеце? Ці ёсць у вас нейкая супраца?

– Перасякаюцца, вядома, таму мы супрацоўнічаем. Так было, напрыклад, у пытанні асуджэння камунізму, якое ініцыявала рада і падрыхтавала дакументы, а кабінет зрабіў з гэтага палітычны стэйтмэнт, каб надаць пытанню большую вагу для грамадскага абмеркавання.

У сферы культуры, думаю, актуальны прынцып: хай квітнеюць усе кветкі. Я тут маю на ўвазе не толькі палітычныя сілы, чым ёсць Пераходны кабінет, але ўсе ініцыятывы, аб’яднанні, арганізацыі ды суполкі. Калі іх з’яўляецца шмат, гэта прыкмета здаровага развіцця грамадства, адпаведна, наш агульны інтарэс, каб іх было шмат.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Урачыстае абвяшчэнне ўтварэння Інстытуту беларускай культуры «ІнБелКульт 2.0» у Варшаве.  
Фота: Белсат

– Ёсць меркаванне, што ўся сапраўдная беларуская культура сёння ўжо за межамі Беларусі. Ці так гэта? І ці адсочвае рада стан культуры ў Беларусі? Калі адсочвае, то што можна сказаць – у якім кірунку сітуацыя развіваецца цягам гэтых двух гадоў? Якія выклікі сёння стаяць перад беларускаю культураю?

– З тым, што сапраўдная беларуская культура сёння толькі за межамі Беларусі, я не пагаджуся. Традыцыі, абрады, матэрыяльныя набыткі – гэта ўсё ў сваім паўнавартасным выглядзе ўяўляецца толькі ў Беларусі. І як я ўжо казала, незалежная культурніцкая дзейнасць у Беларусі нікуды не падзелася, што праўда, сёння яна існуе ў адаптаваных пад сітуацыю схаваных фарматах. Я б прапаноўвала ўспрымаць як сапраўдную ўсю нашую культуру, паўсюль: так, такая ў нас сёння сітуацыя, што частка існуе падпольна ўнутры, частка прыстасоўваецца да новых кантэкстаў, таму адносна гэтай сітуацыі трэба і ацэньваць. Нашая культура сёння такая, якая ёсць – складана, канечне, але ў сапраўднасці ёй не адмовіш.

Што да развіцця сітуацыі ўнутры краіны, то становіцца ўсё горш. Рэжым знаходзіць і працягне знаходзіць новыя вычварныя спосабы заціснуць творцаў у межы, паказаць ім магчымыя наступствы за нелаяльнасць, уціснуцца сваймі ботамі ў далікатныя сферы. Нядаўна сумна рассмяшыла навіна пра «сустрэчу кіраўнікоў структурных падраздзяленняў Следчага камітэту з працаўнікамі «Беларусьфільму».

«Замежныя індустрыі не падладжаныя пад вялікую колькасць эмігрантаў з Беларусі»

– Датычна спосабаў заціснуць творцаў у межы: ці вядзе Рада культуры статыстыку рэпрэсіяў супраць дзеячаў культуры ў Беларусі?

– Рада, раней Беларускі фонд культурнай салідарнасці, стваралася дзеля дапамогі, і калі задачы разрасліся, гэта засталося адным з найважнейшых кірункаў. Мы маем лічбы, якія адлюстроўваюць гэтую дзейнасць. За два гады на яе было скіравана прыкладна 130 тысяч еўраў – гэта тое, што мы сабралі дзякуючы данатарам і партнёрам. Збор на сайце, як што, адкрыты ўвесь час.

Мы правялі 18 дабрачынных аўкцыёнаў, на якіх сабралі каля 25 тысяч еўраў на падтрымку датычных да культуры палітвязняў. На прыкладна 30 кампаніях збору грошай людзі заданацілі калі 95 тысяч еўраў: амаль 28 тысячаў, напрыклад, для затрыманых музыкаў з гурта «Irdorath», каля 10 тысяч еўраў было толькі-толькі сабрана на дапамогу сям’і загінулага тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава. Але рада не вядзе публічнага маніторынгу рэпрэсіяў у сферы культуры, па гэта акурат лепш звярнуцца да нашых калегаў.

– Ірэна, з якімі складанасцямі сутыкаюцца беларускія культурніцкія дзеячы за мяжой і хто ды як ім дапамагае? Ці патрэбная беларуская культура сёння за мяжою, ці ёсць у ёй зацікаўленасць?

– Можна спытаць у творцаў, як гэта ім – ствараць у варунках вымушанай эміграцыі, у незнаёмай індустрыі і паводле незнаёмых правілаў гульні, ці свабода выказвання гэта кампенсуе.

Я бачыла поўныя залы, напрыклад, на «Насці» Юрыя Дзівакова альбо прэм’еры «Рамантыкі» купалаўцаў у Варшаве. Памятаю поспех «Куража» на «Berlinale». Таўклася на канцэрце «РСП». Я баюся тут не ўгадаць пачуццяў саміх творцаў, але як мне гэта бачыцца, рознага кшталту працаў можна было б і больш рабіць – яны знойдуць свайго спажыўца.

Купалаўцы ставяць «Сфагнум» у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў (у цэнтры) назірае за рэпетыцыяй спектаклю «Сфагнум» на сцэне Драматычнага тэатру ў Варшаве.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Вось толькі замежныя індустрыі не падладжаныя пад вялікую колькасць эмігрантаў з Беларусі. Тут не было прыгатаванага месца на выпадак крызісу. Наладжанае канкурэнтнае асяроддзе не абавязкова адзінадушна і ўвогуле клапоціцца пра тое, каб упусціць у сябе новых асобаў звонку. Я сумняюся, што гэтыя два гады былі дастатковымі, каб натуральна ў замежныя машынерыі ўбудавацца, прызвычаіцца да іх, зразумець іх і каб яны цябе зразумелі.

Больш няма цэласнай індустрыі беларускай культуры, хаця б такой, якой яна ў нас была. Гэта галоўная складанасць, бо значыць сотні розных варункаў, кантэкстаў, умоваў і поўны раздрай, прыстасаванне да чаго можа заняць гады.

«У кожнага з нас безліч магчымасцяў рабіць так, каб з нашаю культурай усё было ок»

– Што ў вас запланавана на бліжэйшы час?

– Мы толькі распачалі праект гісторыка Цімафея Акудовіча «Беларускія магістраты». Магістратамі мы называем суполкі беларусаў, якія дамаўляюцца цягам пэўнага перыяду падтрымліваць перспектыўныя праекты беларускай справы вызначанаю сумаю грошай. Першы, «Кнігаўка», створаны, каб выдавец Андрэй Янушкевіч змог аднавіць сваю дзейнасць за мяжою. Паглядзім, наколькі беларусы падтрымаюць ідэю супольнай барацьбы за беларускую культуру, і працягнем з чарговымі задачамі.

У пачатку года адкрыем Рэсурсны цэнтр і зладзім сустрэчу з творцамі ў межах праекту «ArtPower Belarus». Шмат працы нас чакае акурат звязанай з гэтым праектам.

На гэтых двух прыкладах хацелася б прасунуць думку, што беларуская культура цяпер не толькі і не столькі залежыць ад замежных донараў, хаця, вядома, вялізны ім дзякуй за клопат і ўдзел, колькі ад самых беларусаў.

– На ваш погляд: што чакае беларускую культуру?

– Думаю, усё з ёю будзе ок, пакуль беларусы будуць размаўляць на беларускай мове, на Каляды гатаваць запечанага карпа, а не савецкую «шубу», на Новы год уключаць, скажам, «ЧынЧынаў у краіне цудаў», у машыне слухаць «Петлю пристрастия», а ў выходныя чытаць новую кнігу выдавецтва «Янушкевіч». Можна нават спецыяльна прайсці па спасылцы ў сваёй стужцы і пачытаць культурніцкую навіну, каб у яе было больш праглядаў. У кожнага з нас насамрэч штодзённа безліч магчымасцяў рабіць так, каб з нашаю культурай усё было ок.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў