Лукашэнка прапанаваў забіраць дыпломы ў дактароў, якія не працуюць паводле спецыяльнасці


Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Менскі раён 27 кастрычніка зноў загаварыў аб праблеме нястачы кадраў у сістэме аховы здароўя і прапанаваў адбіраць дыпломы ў дактароў, калі яны не працуюць паводле спецыяльнасці. Гэтым пытаннем ён плануе заняцца налета.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Лукашэнка прызнаў, што ў краіне не стае дактароў, але гэтую праблему, на ягоную думку, можна развязаць наступным чынам:

«Так, у нас недзе не стае лекараў. Некаторыя збеглі са сваёй прафесіі і чорт ведае чым займаюцца. З часам мы і гэтую праблему вырашым. Ёсць у мяне варыянты. Ты лекар – ідзі працуй. Не – кладзі дыплом. Не жадаюць: шэсць гадоў і дыплом кінуць. Ніхто не жадае. Дык калі ты не працуеш, які ты дыпламаваны лекар? Гэта значыць, парадак трэба навесці. Хапае ў нас адмыслоўцаў, яшчэ і іншым дапаможам. У Афрыку паляцім хутка: тамака нас чакаюць, моляцца на нас. Ужо групы туды з’ездзілі, паказалі, дзе што мы можам зрабіць, чым можам дапамагчы».

Лукашэнка таксама нагадаў пра міжведамасную працоўную групу ў справе правярання сістэмы аховы здароўя і заявіў, што зроблены па выніках працы наганяй кіраўніцтву Міністэрства аховы здароўя ў пачатку года даў вынік:

«Мне здаецца, што да канца года мы шмат зробім у ахове здароўя. Гэты штуршок даў свой вынік. Прынамсі, ФАПы [фельчарска-акушэрскія пункты, – Заўвага рэд.], участковыя лякарні, сястрынскага догляду, раённыя шпіталі мы страсянулі сур’ёзна. Яны шмат зрабілі».

І заявіў пра неабходнасць захаваць вялікі дзяржаўны сектар у сельскай гаспадарцы:

«Трэба магутны ФАП у аграгарадку. 1400 аграгарадкоў – там павінен быць добры ФАП. Да лячэння людзей, абароны людзей, дапамогі людзям павінны заўсёды быць падключаныя нават не сельскія саветы, а кіраўнік сельгаспрадпрыемства. Чаму я падтрымліваю калгасы, саўгасы цяперашнія? Бо яны глядзяць за пенсіянерамі, хворымі. Яны школе дапамогуць, дзіцячаму садку. Усім дапамагаюць, дзе могуць. Дзе гэта забыліся, мы гэта аднаўляем».

У пачатку года міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў, што развязаць праблему нястачы дактароў хочуць за кошт павелічэння долі мэтавага набору ў медычныя ВНУ. Гэтак, у 2022/2023 навучальным годзе мэтавы набор склаў 60 % ад агульнай колькасці новых студэнтаў і пазней будзе павялічаны да 80 %. Пры мэтавым накіраванні студэнты абавязаныя адпрацоўваць па размеркаванні ад пяці і больш гадоў, у той час як астатнія бюджэтнікі – два гады.

Гісторыі
«Казаць, што лекаў няма праз санкцыі, – крывадушша». Як лячыцца ў Беларусі, калі няма чым?
2023.06.27 12:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў