У Беларусі будуць дадаткова праглядаць пасылкі на наяўнасць дронаў


Міжнародныя паштовыя адпраўленні і тавары з-за мяжы да ўручэння атрымальнікам будуць праходзіць дадатковы кантроль у спецыяльных месцах. Пасылкі будуць правяраць на наяўнасць дронаў і іншых забароненых рэчаў. Гэтая захада прадугледжаная ўказам Лукашэнкі «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі цывільных беспілотных лётных апаратаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: euroby.info

Указ № 297 быў апублікаваны 27 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Згодна з ім міжнародныя паштовыя адпраўленні і тавары перад дастаўкай або ўручэннем адрасату мусяць быць дастаўленыя ў спецыяльныя месцы правядзення кантролю. Там іх будуць правяраць на наяўнасць «укладанняў, якія маюць прыкметы наяўнасці цывільных беспілотных лётных апаратаў і авіямадэляў».

Пасылкі таксама будуць аглядаць на наяўнасць рэчываў і матэрыялаў, за незаконнае перамяшчэнне якіх праз дзяржаўную мяжу прадугледжаная крымінальная адказнасць.

Месцы, дзе будзе ажыццяўляцца такі кантроль, парадак яго правядзення і ўпаўнаважаных на гэта асобаў яшчэ будуць вызначаць.

Аднак міжнародныя паштовыя адпраўленні і тавары, што перамяшчаюцца праз тэрыторыю Беларусі транзітам, правяраць не будуць.

Нагадаем: 25 верасня стала вядома, што згодна з новым указам Лукашэнкі ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб цывільных беспілотнікаў дазваляецца толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам у мэтах іх прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці. Фізічным асобам мець дроны забараняецца. Захоўваць і прадаваць беспілотнікі можна цягам 6 месяцаў пасля ўступлення ўказу ў сілу. За гэты час БПЛА можна будзе прадаць юрыдычным асобам або перадаць ва «ўпаўнаважаную арганізацыю, вызначаную ўрадам». Што гэта за арганізацыя, пакуль не ўдакладняецца.

Разбор
Беларусам забаранілі беспілотнікі. Навошта і што рабіць? Галоўнае, што трэба ведаць
2023.09.26 15:57

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў