Ці праўда туркменскія студэнты ў Беларусі ўдзельнічалі ў арганізацыі нерэгулярнай міграцыі?


Сайт Turkmen.news апублікаваў гісторыю аб затрыманні туркменскіх студэнтаў на беларускіх межах, і прынамсі частка гісторыі выглядае рэалістычна. «Белсат» расказвае, што вядома аб гэтым і што незразумела.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты на беларуска-польскай мяжы разам з сілавікамі з Беларусі. Скрыншот: Straż Graniczna / Twitter

Выданне Turkmen.news – папулярнае туркменскае выданне, якое працуе за межамі Туркменістану. Заснаванае ў 2010 годзе, а ў 2014 годзе зарэгістраванае ў Нідэрландах як грамадская арганізацыя.

Гэтае выданне 25 верасня апублікавала фота ліста, нібыта высланага 14 верасня ад намесніка міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Бахановіча кіраўнікам беларускіх установаў адукацыі.

У лісце гаворыцца, што ад Памежнага камітэту паступаюць звесткі аб шматлікіх затрыманнях грамадзянаў Туркменістану ў памежнай зоне або памежнай паласе. Затрымліваюць, як сцвярджаецца, студэнтаў і выпускнікоў беларускіх універсітэтаў, у тым ліку ў час заняткаў, таму кіраўнікам ВНУ пішуць пад персанальную адказнасць прыняць захады ў прафілактыцы парушэнняў студэнтамі законаў аб мяжы. Па кожным выпадку, аб якім паведамілі памежнікі, кіраўнікам ВНУ трэба даць справаздачу аб прынятых захадах.

Таксама ў артыкуле прыведзены спіс студэнтаў нібыта з гэтага ліста. Адносна некаторых, як сцвярджаецца, распачалі крымінальныя справы і асудзілі на пазбаўленне волі, а некаторых пасля затрымання штрафавалі і дэпартавалі.

Выданне са спасылкай на ўласную крыніцу ў кіраўніцтве адной з беларускіх вышэйшых навучальных установаў заяўляе, што студэнты, аб якіх вядзецца ў лісце, былі ўцягнутыя ў «дзейнасць міжнароднай мафіі»: у каналах нерэгулярнай міграцыі праз межы Беларусі з краінамі Еўразвязу працуюць праваднікамі і кіроўцамі, давозяць мігрантаў да мяжы, пераводзяць у іншую краіну і вяртаюцца ў Беларусь. За гэта нібыта атрымліваюць 3–4 тысячы долараў ад нейкага чалавека, этнічнага курда. Паводле выдання, туркменскія студэнты ў Беларусі вымушаныя шукаць дадатковыя заробкі, бо іхным сваякам на радзіме забаронена перасылаць за мяжу буйныя сумы грошай.

Што дакладна вядома

Туркменістан – адна з найбольш закрытых і аўтарытарных краінаў свету. У рэйтынгах, звязаных з дэмакратыяй ці правамі чалавека, яна бліжэй нават не да Беларусі, а да Паўночнай Карэі, а часам апошнюю нават абганяе ў жорсткасці. Краіна даволі бедная, а за вышэйшую адукацыю там трэба плаціць гіганцкія хабары.

Нямала грамадзянаў Туркменістану едзе вучыцца ў Беларусь. Свежай афіцыйнай статыстык няма, але ў 2020/21 годзе з 20,9 тысячы замежных студэнтаў у Беларусі 8,7 тысячы (41,6%) былі грамадзянамі Туркменістану (Расеі – толькі 1,5 тысячы, Кітаю – 3,6 тысячы). За год да таго грамадзяне Туркменістану складалі нават больш за палову замежных студэнтаў у Беларусі.

Hавiны
«Радыё Свабода»: У Туркменістане засталося ўдвая менш жыхароў, чым кажуць улады
2021.07.04 19:30

Грамадзяне Туркменістану сапраўды часамі з’яўляюцца фігурантамі судовых спраў у Беларусі  – як і грамадзяне практычна любой іншай краіны. Іх і вінавацяць у сапраўдных злачынствах, і пераследуюць з палітычных матываў. І беларускія, і польскія памежнікі раней заяўлялі аб затрыманні грамадзянаў Туркменістану на мяжы.

Напрыклад, у траўні 2021 года – яшчэ да таго, як улады Беларусі пачалі актыўна спрыяць утварэнню міграцыйнага крызісу – памежнікі паведамілі аб затрыманні 21 выхадца з Ірану і чацвярых грамадзянаў Туркменістану, якія спрабавалі незаконна трапіць у Літву. А ў 2019 годзе грамадзянін Туркменістану спрабаваў вывезці з Беларусі ва Украіну суайчынніцу, якая хавалася ў торбе. Turkmen.news знайшоў адзін выпадак публічна пацверджанага прысуду грамадзяніну Туркменістану за незаконную перапраўку мігрантаў з Беларусі ў Літву: у красавіку 2023 года ў Пастаўскім раёне мужчыну асудзілі на 3,5 года пазбаўлення волі, але скарацілі тэрмін на год па амністыі.

Менавіта аб такой арганізацыі нерэгулярнай міграцыі, пра якую піша Turkmen.news,  у пачатку 2023 года расказвалі польскія памежнікі. Арганізатары каналаў нерэгулярнай міграцыі часта вярбуюць маладых замежнікаў, якія легальна знаходзяцца ў Беларусі. Нярэдка гэта студэнты беларускіх ВНУ родам з Іраку, Турэччыны і постсавецкіх краінаў, у тым ліку Туркменістану. Завербаваныя працуюць «гідамі»: перавозяць людзей праз мяжу, перадаюць іх кур’ерам па другі бок і вяртаюцца ў Беларусь. Пры затрыманні некаторыя «гіды» называюцца іракцамі і сірыйцамі, але аказваюцца грамадзянамі іншых краінаў – у тым ліку Туркменістану.

Але грамадзяне Туркменістану ў гэтым паведамленні польскіх памежнікаў, як і ў беларускай крымінальнай хроніцы агулам, не галоўныя і не адзіныя фігуранты.

Што не вядома дакладна

Ліст, які публікавала выданне Turkmen.news, выглядае рэалістычна, але пацверджанняў яго сапраўднасці няма. Таксама як няма пацверджання сапраўднасці спісу нібыта затрыманых туркменаў – а выданне нават не прыводзіць фота гэтага спісу, а толькі пераказвае яго.

Ліст, нібыта высланы 14 верасня ад намесніка міністра адукацыі
Ліст, нібыта высланы 14 верасня ад намесніка міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Бахановіча кіраўнікам беларускіх установаў адукацыі.
Фота: Turkmen.news

«Белсат» пашукаў звесткі аб згаданых у спісе людзях. З 34 названых імёнаў як мінімум 15 так ці іначай звязаныя з Беларуссю. Некаторыя людзі з такімі імёнамі пазначалі ў сацсетках, што вучыліся ў тым самым ВНУ, які быў пазначаны ў спісе, некаторыя згадваліся ва ўніверсітэцкіх навінах, адзін летась нават фатаграфаваўся з дыпломам каля адпаведнага ўніверсітэту.

Ні на адной з гэтых старонак, якія знайшоў «Белсат», людзі не расказвалі аб затрыманні ці дэпартацыі з Беларусі. Тым, каму можна было адаслаць прыватнае паведамленне, мы скіравалі пытанні адносна публікацыі Turkmen.news. Калі хтосьці з іх адкажа, мы дадамо адказы ў гэтую публікацыю.

Хоць туркмены былі ў ліку тых, каго затрымлівалі па беларускі і польскі бакі мяжы ў сувязі з нерэгулярнай міграцыяй, у лісце міністэрства, аб якім піша Turkmen.news, не згадваецца менавіта нерэгулярная міграцыя – толькі затрыманні на мяжы. Пра сувязь затрыманняў з мафіяй ці міграцыйным крызісам у матэрыяле выдання заяўляе толькі ананімная крыніца.

Што незразумела

Калі студэнты з Туркменістану сапраўды ўдзельнічалі ў арганізацыі каналу нерэгулярнай міграцыі, то незразумела, чаму гэтаму супрацьстаяць улады Беларусі, якія і арганізавалі міграцыйны крызіс, і актыўна спрыялі яму.

Але навіна пра падобнае супрацьдзеянне нядаўна была: у Менску восем чалавек сабраліся судзіць за арганізацыю незаконнай міграцыі, трое з іх – кіраўнікі турфірмы. Таксама нядаўна сілавікі заявілі аб затрыманні ў Менскім раёне групы мігрантаў, якія нібыта незаконна прыбылі ў Беларусь і планавалі трапіць у Латвію.

Ці надзейная крыніца?

Рэдактар сайта Turkmen.news Руслан Мяціеў запэўнівае ў «Студыі „Белсату“»: з менавіта той крыніцай працуюць не ў першы раз, раней публікавалі ад яго іншыя матэрыялы, у тым ліку аўдыязапісы з закрытых сходаў, і звесткі ад гэтай крыніцы раней пацвярджаліся.

Таксама не ў першы раз выданне ўздымае праблему туркменскіх студэнтаў у Беларусі. Масавая плынь з Туркменістану ў Беларусь пачалася ў сярэдзіне 2000-х і працягваецца дагэтуль, расказвае Мяціеў. Крыніца выдання ў беларускім ВНУ праз сваю пасаду амаль штодня размаўляе з замежнымі студэнтамі, адтуль і ведае пра ўдзел студэнтаў з Туркменістану ў арганізацыі нерэгулярнай міграцыі.

Выданне мае звесткі і ад саміх студэнтаў, якім прапаноўвалі такую працу, але ў мэтах бяспекі, кажа Мяціеў, усе звесткі выданне не магло раскрыць. З названымі ў артыкуле спрабавалі звязацца, але, тлумачыць журналіст, дэпартаваныя ў Туркменістан фактычна знаходзяцца без сувязі – там заблакаваны «амаль увесь інтэрнэт».

Мяціеў запэўнівае, што такіх выпадкаў вельмі шмат, як шмат і выпадкаў кіравання машынамі па фальшывых пасведчаннях – звычайна за нерэгулярную міграцыю і падробку дакументаў адказныя адны і тыя ж людзі. А студэнты з Туркменістану праз свой жыццёвы досвед, узровень адукацыі і эканамічную залежнасць – «лёгкая здабыча» для міжнародных злачынцаў не толькі ў Беларусі, але і ў іншых дзяржавах.

Разам з тым, аналітык праекту «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі ў «Студыі» адзначае, што нават калі выданне і ягоная крыніца надзейныя, ліст можа быць наўмысным укідам уладаў Беларусі – гэта завецца метадам перакрыжаванага цытавання, такія ўкіды былі і ў беларускія выданні. Мэтай укіду можа быць у тым, каб «абяліць» аднаго актара (улады Беларусі) і «ачарніць» другога (замежных студэнтаў).

Разбор
На рэферэндуме ў Польшчы будзе пытанне пра мяжу з Беларуссю. За што яшчэ галасуюць палякі
2023.09.22 17:02

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў