Стаў сведкам забойства і атрымаў дзесяць гадоў. Палітвязню Аляксандру Кардзюкову – 44 гады


Берасцейцу Аляксандру Кардзюкову 27 жніўня спаўняецца 44 гады, ужо трэці дзень народзінаў мужчына адзначае за кратамі. Уся ягоная віна – у тым, што стаў сведкам забойства Генадзя Шутава.

Сведка забойства Генадзя Шутава Аляксандр Кардзюкоў у судзе. 19 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Увечары 11 жніўня 2020 года берасцейцы сабраліся ў раёне Усход, разганяць іх прыехаў не толькі АМАП, але і вайскоўцы, у выніку ўсё скончылася трагедыяй. Аляксандр Кардзюкоў і Генадзь Шутаў у гэты дзень працавалі ў гаражы, ім стала цікава паглядзець, што адбываецца ў горадзе, і ўвечары яны прыйшлі на скрыжаванне вуліцы Маскоўскай і Партызанскага праспекту. Як пазней стала вядома «Белсату», мужчыны спакойна сядзелі на лавачцы і сачылі за тым, што адбывалася.

На месцы падзеяў зʼявіліся пераапранутыя вайскоўцы 5-й асобнай брыгады Узброеных сілаў (в/ч 89417) капітан Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсеній Галіцын. Сілавікі з Марʼінай Горкі не ведалі Берасця і ехалі на заданне на гарадскім тралейбусе, а пісталеты ў іх ляжалі ў звычайнай паясной торбе. Шматлікая сведкі казалі «Белсату», што сілавікі былі не падрыхтаваныя да пазаштатнай сітуацыі, і таму, калі прыехалі на месца падзеяў, у іх проста здалі нервы. Галіцын і Гаўрылаў сталі крычаць на Шутава і Кардзюкова, Гаўрылаў дастаў пісталет і стрэліў. У выніку трапіў у патыліцу Шутаву, які ад ранення памёр у вайсковым шпіталі ў Менску 19 жніўня.

Пацярпелыя Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын. Берасцейскі абласны суд, Берасце. 16 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Паводле ж афіцыйнай версіі, гэта агрэсіўна настроеныя грамадзяне з арматураю ў руках напалі на сілавікоў – і тым давялося ўжыць зброю для самаабароны. Гэтай версіі не пацвярджаюць ні відэа з камераў назірання, ні сведчанне Аляксандра Кардзюкова, ні словы іншых сведкаў.

«З балкона я ўбачыла, што тут ляжыць мужчына – і ад яго адыходзіць чалавек у цывільным адзенні. Ён адышоў, і я крычу: «Выклікай хуткую!» – бо бачу, што мужчына не прыходзіць у сябе і ўжо лужына крыві», – распавядала тады «Белсату» сведка здарэння.

Аляксандра Кардзюкова затрымалі 14 жніўня 2020 года, з таго часу ён за кратамі.

Першапачаткова Кардзюкова вінавацілі ў супраціве працаўніку органаў унутраных справаў (ч. 2 арт. 363 КК РБ). Мужчыну пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пазней абвінавачанне перакваліфікавалі ў замах на забойства (ч. 2 арт. 139 КК РБ) і асудзілі на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

14 траўня 2021 году Вярхоўны Суд адхіліў апеляцыю. Улетку 2021 года Аляксандра перавялі ў папраўчую калонію № 15 Вейна ў Магілёве.

Кардзюкоў – звычайны берасцеец, спакойны, працаваў, любіў матацыклы і музыку, сваіх дзяцей, жонку і сястру. Напісаць яму можна на адрас: ПК № 15, Слаўгарадская шаша, 183, 213105, п/а Вейна, г. Магілёў.

Гісторыі
«Хочуць апраўдаць смяротны стрэл у Генадзя Шутава». Берасцейца будуць судзіць за замах на забойства падчас пратэстаў
2020.12.30 13:40

АС belsat.eu

Стужка навінаў