news
Агляд
Дзе пахаваюць кіраўніка вагнэраўцаў і лідара мяцяжу Прыгожына? Ёсць прынамсі чатыры версіі
Афіцыйна кіраўніка наймітаў ужо апазналі.
27.08.202314:16

У Расеі ідуць спрэчкі пра тое, дзе і якім чынам можа быць пахаваны кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын. Аднак хоць афіцыйна кіраўніка наймітаў ужо апазналі, ягонае цела яшчэ не перадалі сваякам, таму і час і месца пахавання пакуль не вядомыя.

На сённяшні момант існуюць прынамсі чатыры больш-менш аргументаваныя версіі таго, дзе могуць пахаваць былога кіраўніка наймітаў.

Версія 1. Бахмут

Дэпутат Дзяржаўнай думы РФ Віталь Мілонаў мяркуе, што Прыгожына варта пахаваць ва ўкраінскім Бахмуце.

«Гэта апошні слаўны пункт байцоў ПВК Вагнэра, перамога. Яўгеній Віктаравіч прыклаў вялізныя намаганні. Думаю, што ў Бахмуце, магчыма», – сказаў Мілонаў, дадаўшы, што «пахаваў бы яго там, дзе ён быў гатовы памерці сам, а ён быў гатовы памерці ў Бахмуце».

Што будзе з магілай Прыгожына ў выпадку, калі Бахмут вернецца пад кантроль Украіны, Мілонаў не сказаў. Дый апошні горад, які захапілі найміты ПВК Вагнэра, – гэта расейскі Растоў-на-Доне.

Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын.
Фота: concordgroup_official

Версія 2. Мыцішчы

Іншы дэпутат, сябар камітэту ў пытаннях абароны Віктар Собалеў адзначыў, што Прыгожына трэба хаваць як Героя Расеі.

«Калі пасля спробы мяцяжу ён застаўся Героем, значыць, пахаваюць як Героя», – заявіў дэпутат NEWS.ru.

У адпаведнасці з пастановай ураду Расеі ад 25 лютага 2004 года № 105 Герояў Расеі хаваюць на першым федэральным вайсковым мемарыяле «Пантэон абаронцаў Бацькаўшчыны» ў падмаскоўных Мыцішчах. Пры гэтым ім аддаюць асаблівыя воінскія ўшанаванні ў адпаведнасці з указам прэзідэнта. Гэтак, ім абавязкова вылучаюць узвод з дзяржаўным сцягам – каля 30 асобаў, якія пасля апускання труны павінны маршаваць. Абавязкова павінен быць трохразовы залп аўтаматчыкаў. А адмысловы аркестр мусіць граць гімн РФ.

Hавiны
Дзмітрый Пяскоў: вынікаў экспертызы, якія б пацвярджалі гібель Прыгожына, пакуль няма
2023.08.25 15:35

Аднак афіцыйнай інфармацыі пра ўзнагароджанне Прыгожына няма. Адпаведную грамату ў яго знайшлі толькі падчас ператрусаў. Калі ж званне Героя РФ прысвойваецца таемна, то пахаванне праходзіць інакш.

«Тут ніякай публічнасці пахавання героя не забяспечваецца, бо герой нават пасля смерці на шмат гадоў застаецца закрытым для расейскага грамадства і збройных сілаў. У нас вялізная колькасць такіх людзей, якія ваявалі ў розных пунктах свету, здзяйснялі подзвігі, былі выведнікамі, былі ў баявых падраздзяленнях у спецназе, загінулі пры выкананні асаблівых аперацыяў. Публічнасці пры іх пахаванні не дапускаецца. Гэты чалавек можа быць адкрыты грамадству праз 10–15 гадоў. А ёсць тыя, чыю асобу ніколі не раскрыюць», – кажа вайсковы эксперт Віктар Баранец.

Версія 3. Санкт-Пецярбург

Пры пахаванні Героя РФ таксама можа ўлічвацца воля памерлага быць пахаваным недзе ў іншым месцы. Таксама такое жаданне могуць выказаць ягоныя сваякі.

Прыгожын нарадзіўся і вырас у Санкт-Пецярбурзе. Тамсама ён пачаў будаваць сваю бізнес-імперыю і пазнаёміўся з будучым кіраўніцтвам Расеі. У Санкт-Пецярбурзе герояў традыцыйна хавалі на мемарыяльных Серафімаўскіх могілках, аднак, паводле распараджэння губернатара, загінулых удзельнікаў вайны ва Украіне пераважна хаваюць на тэрыторыі Белавостраўскіх могілак, што ў пасёлку Пясочнае ў Курортным раёне.

«[Гэта] няблізка. І наўрад ці родныя Прыгожына захочуць абраць гэтае месца», – мяркуе журналістка Кацярына Сажнева.

Таксама ў Санкт-Пецярбурзе каля Аляксандра-Неўскай лаўры месцяцца Нікольскія могілкі. Там пахаваныя палітычныя дзеячы, вядомыя асобы, інжынеры, пілоты і гістарычныя асобы, сярод іх – і былы працадаўца Уладзіміра Пуціна, былы мэр Санкт-Пецярбургу Анатоль Сабчак.

Урад Пецярбургу пакуль не займаецца арганізацыяй пахавання Прыгожына. А губернатар гораду Аляксандр Бяглоў, якога моцна крытыкаваў памерлы, не плануе ў гэтым удзельнічаць.

Версія 4. Побач з іншымі вагнэраўцамі

Пры гэтым нельга выключаць, што кіраўніка ПВК могуць пахаваць і побач з іншымі вагнэраўцамі. Іх магілы раскіданыя ледзь не па ўсёй Расеі: у Самары, Екацярынбурзе, Новасібірску. Але ці не самыя вялікія могілкі – у станіцы Бакінскай Краснадарскага краю, пад Гарачым Ключом. Масавыя пахаванні там з’явіліся ў канцы 2022 года. Акрамя гэтага, недалёка ад гэтай станіцы размяшчаецца адна з галоўных базаў ПВК – Молькіна, дзе найміты праходзілі двухтыднёвае навучанне пасля падпісання кантракту.

Пахаванне вагнэраўцаў у станіцы Бакінскай.
Фота: Анастасия Пирожникова / 93.RU

Не так даўно там замест земляных пахаванняў з драўлянымі крыжамі пачалі ўсталёўваюць гранітныя помнікі ў форме пірамідаў, падобныя да супрацьтанкавых «зубоў цмока». Сам Прыгожын раней казаў, што тут будзе «мемарыял для будучых пакаленняў».

Праўда, адміністрацыя Гарачага Ключа забараняла хаваць загінулых у станіцы Бакінскай, і Прыгожын нават прасіў за гэта завесці крымінальную справу супраць чыноўнікаў.

Сярод іншых версіяў будучага месца пахавання называліся таксама Масква або нават Афрыка, у якой Прыгожын актыўна падтрымваў прарасейскіх дыктатараў. Але якіхсьці аргументаў на гэты конт не прыводзілася.

А Пуцін будзе?

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што пакуль немагчыма казаць пра тое, ці будзе Уладзімір Пуцін прысутнічаць на пахаванні Прыгожына:

«Пакуль невядома. Рэч у тым, што мы не ведаем з вамі, наколькі працяглымі будуць неабходныя экспертызы і неабходныя дзеянні, звязаныя са следствам. Таму цяпер, калі няма ніякіх датаў пахавання і гэтак далей, казаць пра гэта ўвогуле немагчыма. Ну, адзінае, што магу сказаць, што ў прэзідэнта дастаткова насычаны працоўны графік».

ВІДЭА
У Расеі разбіўся бізнес-джэт Яўгенія Прыгожына. Крыніцы сцвярджаюць, што самалёт збілі
2023.08.23 21:05

Бізнес-джэт Прыгожына «Embraer Legacy RA-02795», які ляцеў з Масквы ў Санкт-Пецярбург, разбіўся ўвечары 23 жніўня ў Цвярской вобласці. На борце, імаверна, былі кіраўнік ПВК Вагнэра і камандзір Дзмітрый Уткін, а таксама іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва вагнэраўцаў. Усяго на рэйсе было 10 чалавек: сем пасажыраў і трое чальцоў экіпажу. Усе загінулі.

У забойстве кіраўніка наймітаў, які 23 чэрвеня распачаў вайсковы мяцеж, падазраюць прэзідэнт Расеі Пуціна. Аднак улады РФ сваю датычнасць да атастрофы самалёта адмаўляюць.

Hавiны
Інстытут вывучэння вайны: Збіць самалёт Прыгожына амаль напэўна загадаў Пуцін
2023.08.24 08:52

Якуб Хруст belsat.eu