Вырашылася праблема беларусаў-іпэшнікаў з пратэрмінаванай візай PBH – яны могуць працягнуць працу


Беларусы, якія знаходзяцца ў Польшчы на падставе візы Poland Business Harbour, падалі дакументы на атрыманне дазволу на часовае жыхарства да сканчэння стану пагрозы эпідэміі Covid-19 31 ліпеня 2023 года, але пакуль яшчэ не атрымалі рашэння, могуць працягнуць працу ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, паведамляе польская юрыдычная фірма PCS Littler са спасылкай на канцылярыю прэм’ер-міністра Польшчы.

Яўген Скрабутан
Яўген Скрабутан робіць каву ў сваёй кавярні ў Варшаве, Польшча. 19 студзеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На старонцы канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы быў апублікаваны «Спіс праграмаў падтрымкі для замежнікаў», у якім гаворыцца, што замежнікі, якія распачалі гаспадарчую дзейнасць у Польшчы на падставе візы «Poland Business Harbour» могуць працягнуць працу таксама і па сканчэнні тэрміну візу, але толькі ў тым выпадку, калі яны паспелі падаць дакументы на від на жыхарства, пакуль віза была дзейная.

Пастанова датычыць таксама віз, тэрмін якіх быў працягнуты да 31 ліпеня 2023 года ў сувязі з перыядам пагрозы эпідэміі Covid-19.

Юрысты PCS Littler падкрэсліваюць, што пасля падачы дакументаў на атрыманне дазволу на жыхарства, замежнік можа працягнуць працу як самазанятая асоба на падставе дамоваў В2В. Права працаваць па іншых дамовах не працягваецца.

1 ліпеня ў Польшчы перастаў дзеяць стан эпідэмічнай пагрозы, звязаны з ковідам. Дзякуючы гэтаму рэжыму аўтаматычна працягваўся тэрмін дзеяння шмат якіх дакументаў, што легалізуюць пражыванне і працу ў краіне. 1 жніўня ўсе пратэрмінаваныя дакументы стануць несапраўднымі.

Разбор
«Такіх сотні, калі не тысячы». У Польшчы іпэшнікам-беларусам пагражае масавае закрыццё
2023.07.06 17:04

Для працягу працы ў якасці ІП пасля сканчэння дзейнасці візы неабходнае рашэнне ўладаў аб дазволе на часовае пражыванне. Па законе дазвол павінны даць цягам 60 дзён, аднак на практыцы тэрміны зацягваюцца, таму перад пагрозай закрыцця ІП апынуліся нават беларусы, якія падаліся на дазвол на жыхарства.

Са жніўня 2020 года да снежня 2022-га Польшча выдала беларусам амаль 70 тысяч візаў Poland.Business Harbour.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў