Фонд «ByPol» правядзе фінансавы аўдыт сваёй дзейнасці


«ByPol» распачынае захады для незалежнага фінансавага аўдыту. Паведамленне пра гэта з’явілася ў тэлеграм-канале арганізацыі. Будзе створаная назіральная рада, у якую запрашаюцца прадстаўнікі Каардынацыйнай рады.

«ByPol». Здымак з YouTube-каналу «Редакция»

«Дзеля выканання аднаго з рашэнняў, што было прынятае кіраўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі калектыву «ByPol», мы распачынаем працэс стварэння Назіральнай рады фонду «ByPol», якая – паводле дзейнага заканадаўства – адзіная, хто можа ініцыяваць працэс незалежнага аўдыту», – гаворыцца ў тэлеграм-канале «ByPol».

У Каардынацыйную раду скіраваны ліст з прапановаю вылучыць некалькіх прадстаўнікоў у Назіральную раду.

«Аб усіх выніках мы абавязкова паведамім, нам няма чаго хаваць ад беларускага народу», – запэўнівае аб’яднанне.

Ліст «ByPol» у Каардынацыйную раду.
Фота: ByPol/Telegram

Падчас сустрэчы калектыву «ByPol» са Святланаю Ціханоўскаю 13 чэрвеня было абвешчана пра пачатак рэарганізацыі працы «ByPol». Аб’яднанне сілавікоў, у якое ўваходзяць Мацвей Купрэйчык, Уладзімір Жыгар ды іншыя, пастанавіла аддзяліцца ад фонду «ByPol». Таксама на сустрэчы пастанавілі правесці фінансавы аўдыт фонду незалежнай кампаніяй. «ByPol» абавязаўся выплаціць пазыкі ў заробках. Быў уведзены мараторый на ўзаемныя абвінавачванні і публічную крытыку, а таксама любыя дзеянні, якія прычыняюць шкоду другому боку і «ByPol» як супольнасці.

Каментар
Ці аб’яднаюцца два «ByPol», калі прыйдзе час ікс? Разважае Мажэйка
2023.06.16 07:05

Канфлікт у «ByPol» стаўся публічным, калі Аляксандр Азараў 8 чэрвеня запісаў відэазварот, у якім заявіў, што Купрэйчык і яшчэ «група асобаў» адмовіліся праходзіць паліграф («дэтэктар хлусні»), праз гэта былі звольненыя, але Купрэйчык забраў доступ да акаўнтаў «ByPol» у YouTube і сацыяльных сетак.

Пазней у Telegram-канале «ByPol» з’явіўся пост з абвінавачваннямі ў бок Азарава. Там сцвярджаюць, што Азараў ніколі не быў заснавальнікам ці кіраўніком аб’яднання экс-сілавікоў «ByPol», кіраваў толькі створаным 26 траўня 2021 года фондам «ByPol», а ў аб’яднанні сілавікоў быў «медыйнаю персонаю». Сцвярджаецца таксама, што аб’яднанне сілавікоў не выстаўляла кандыдатуры Азарава ў Кабінет (хоць раней «ByPol» не пратэставаў супраць гэтага, а ад арганізацыі на канферэнцыі, падчас якой быў створаны Кабінет, быў як мінімум яшчэ адзін прадстаўнік).

Каментар
Наколькі раскол «BYPOL» – бяда для дэмакратычных сілаў? Каментуе спікер Каардынацыйнай рады
2023.06.13 15:35

Марыя Міхалевіч belsat.eu

 

Стужка навінаў