Прафсаюзныя асацыяцыі свету заклікалі ўжыць супраць Беларусі 33-ці параграф статута Міжнароднай арганізацыі працы. Сумесную заяву выпусцілі напярэдадні канчатковага галасавання, што мае адбыцца ў чэрвені. Гэтыя захады пагражаюць краіне эканамічнай блакадаю.
Сумесную заяву падпісалі некалькі буйных аб’яднанняў: Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў, Міжнародная федэрацыя транспартнікаў, Міжнародная федэрацыя журналістаў, Глабальны саюз рабочых-металістаў ды іншыя арганізацыі.
«Глабальныя прафсаюзы заклікаюць урады і працадаўцаў дапамагчы пакласці канец парушэнням правоў чалавека і прафсаюзаў у Беларусі. Прафсаюзны рух – гэта не экстрэмізм і не злачынства!» – гаворыцца ў заяве.
Аўтары звароту адзначаюць, што больш за 20 гадоў беларускія ўлады ўмешваюцца ў дзейнасць прафсаюзаў, прымусова распускаюць прафсаюзы, лідараў затрымліваюць, актывістаў звальняюць:
«У Беларусі працягваецца сістэматычнае задушэнне незалежнага прафсаюзнага руху. Беларускія ўлады называюць незалежныя прафсаюзы «экстрэмістамі» ды «тэрарыстамі» і ўдзельнічаюць у паклёпніцкіх кампаніях».
У заяве згадваецца пераслед лідараў Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, якіх асудзілі летась. Аляксандр Ярашук атрымаў 4 гады калоніі, Сяргей Антусевіч – 2 гады, Ірына Бут-Гусаім – 1,5 года.
У леташнім лістападзе кіроўная рада Міжнароднай арганізацыі працы пастанавіла ўжыць супраць Беларусі 33-ці параграф свайго статута за сталыя парушэнні ў дачыненні да працоўных і прафсаюзаў. Канчатковае галасаванне адбудзецца ў чэрвені на канферэнцыі МАП. Калі рашэнне ўхваляць, Беларусі будзе пагражаць эканамічная блакада.
Сяргей Крот belsat.eu