Літва выступіла за ўзмацненне NATO ў Балтыі пасля заяваў РФ пра ядравую зброю для Беларусі


Кіраўнік МЗС Літвы заявіў пра неабходнасць скіраваць у краіны Балтыі дадатковыя сілы NATO. «Гэта будзе сігнал салідарнасці і рашучасці», – напісаў Габрыелюс Ландсбергіс у Twitter.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцягі NATO і Літвы.
Фота: GitanasNauseda / Twitter

Міністр замежных справаў Літвы заклікаў скіраваць у краіны Балтыі, што мяжуюць з Беларуссю і Расеяй, дадатковыя войскі NATO. Габрыелюс Ландсбергіс напісаў пра гэта ў сваім Twitter:

«Расея дэманструе слабасць, а не моц. Наш адказ мусіць быць моцным, а не слабым. Сур’ёзныя санкцыі, разгортванне войскаў у Балтыі ды павелічэнне колькасці сістэмаў паветранай і марской абароны на ўсходнім флангу NATO стане сігналам салідарнасці і рашучасці, а не страху і ўхілістасці».

Hавiны
Літва выступіла за новыя санкцыі супраць Менску за расейскую ядравую зброю ў Беларусі
2023.03.27 09:19

Раней МЗС Літвы апублікавала на сваім сайце заяву з нагоды планаў «двух непрадказальных дыктатарскіх рэжымаў» размясціць у Беларусі расейскую ядравую зброю:

«Гэта адчайныя крокі Пуціна і Лукашэнкі, скіраваныя на стварэнне новай хвалі напружанасці і дэстабілізацыі ў Еўропе. Беларусь, якая ўсё больш губляе свой суверэнітэт, падтрымлівае расейскую агрэсію і дапамагае ёй ды больш шчыльна інтэгруецца ў ваенныя планы Расеі, – гэта дадатковы фактар рызыкі для Балтыйскага рэгіёну».

У ведамстве таксама заявілі, што размяшчэнне ў Беларусі расейскай тактычнай ядравай зброі яшчэ больш уцягвае афіцыйны Менск у вайну з Украінай ды ў канфрантацыю з дэмакратычным светам і што Літва будзе заклікаць да новых санкцыяў.

25 сакавіка прэзідэнт Расеі сказаў, што да ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва адмысловага сховішча. Тады можна будзе паставіць ядравую зброю.

Hавiны
У ISW лічаць словы Пуціна пра ядравую зброю ў Беларусі «інфармацыйнай аперацыяй»
2023.03.26 10:26

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў