Амбасада Ізраілю ў Беларусі прыпыніла працу праз усеагульную забастоўку


Амбасада Ізраілю ў Беларусі 27 сакавіка абвясціла аб часовым прыпыненні працы праз агульнанацыянальную забастоўку ў Ізраілі супраць судовай рэформы, якая распаўсюджваецца і на дыпламатычныя ўстановы за мяжой. Пра гэта паведамляе ізраільская дыпмісія на сваёй старонцы ў Facebook.

Ізраільскі сцяг.
Фота: Sputnik

«З прычыны ўсеагульнай забастоўкі, якая абвешчана Гістадрутам – Усеагульнай федэрацыяй працоўных Ізраіля – і распаўсюджваецца на ўрадавыя ўстановы, уключаючы дыпламатычныя місіі за мяжой, Пасольства будзе зачынена і консульскія паслугі прадастаўляцца не будуць. Аб заканчэнні забастоўкі будзе абвешчана дадаткова», – паведамляе амбасада.

З пачатку 2023 года ў Ізраілі праходзяць масавыя акцыі пратэсту праз планы ўраду правесці судовую рэформу, якая дасць Кабінету міністраў кантроль над працэдурай прызначэння суддзяў, абмяжуе паўнамоцтвы Вярхоўнага суда і дазволіць парламентарыям аспрэчваць яго рашэнні.

Ізраільскі прафсаюз Гістадрут 27 сакавіка на фоне пратэстаў аб’явіў аб усеагульнай забастоўцы ў знак пратэсту супраць судовай рэформы. У тым ліку некаторыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы Ізраілю далучыліся да забастоўкі. Так, прыпыненне працы пацвердзілі ўжо пасольствы Ізраілю ў ЗША і ў Францыі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў