Расейцы бязлітасна расстрэльваюць украінскіх ваеннапалонных: трэці выпадак за месяц


24 лютага на фронце Украіны расейскія вайскоўцы здзейснілі чарговае злачынства. У сеціве з’явілася відэа, на якім, як мяркуецца, яны расстрэльваюць жаўнераў ЗСУ, што выходзяць да іх з паднятымі рукамі. Гэта далёка не першы выпадак расстрэлу ўкраінскіх палонных. «Белсат» падсумоўвае, што вядома пра гэты выпадак, а таксама прыгадвае іншыя падобныя злачынствы.

Няскораны баец ЗСУ Аляксандр Маціеўскі, які перад смерцю у твар расейскім салдатам сказаў «Слава Украіне!».
Фота: Deep State / Telegram

Што адбылося

Паведамленне пра меркаванае забойства ўкраінскіх вайскоўцаў, якія здаваліся ў палон, з’явілася ў некаторых украінскіх і расейскіх тэлеграм-каналах у нядзелю, 25 лютага.

На кадрах, атрыманых з беспілотніка, бачна, што група расейскіх вайскоўцаў страляе ва ўкраінскіх салдатаў, якія не маюць пры сабе зброі. Некаторыя з расстраляных трымалі ўзнятымі рукі над галавой у знак таго, што яны здаюцца.

На наступны дзень у тэлеграм-канале ўпаўнаважанага Вярхоўнай рады Украіны па правах чалавека Дмытро Лубінца з’явіўся допіс, у якім ён кажа, што здарэнне адбылося 24 лютага ў Бахмуцкім раёне Данецкай вобласці. Згодна з ягоным паведамленнем, загінула як мінімум сямёра ўкраінскіх вайскоўцаў.

Паводле ўдакладненых звестак, якія былі агучаныя офісам генеральнага пракурора Украіны, здарэнне адбылося падчас штурму ўкраінскіх пазіцыяў паміж сёламі Іванаўскае і Хромавае Данецкай вобласці.

Згодна з інфармацыяй праекта «Deep State», загінулыя вайскоўцы, верагодна, належалі да 92-й асобнай штурмавой брыгады, і ўсяго іх было не сем, а дзевяць чалавек.

Ваеннае злачынства

«На відэа, якое нам удалося атрымаць, бачна, што ўкраінскія вайскоўцы здаюцца ў палон: іх рукі паднятыя ўверх, яны паказваюць, што яны без зброі і не ўяўляюць пагрозы. Расейцы павінны былі ўзяць іх у палон, але замест гэтага бязлітасна расстралялі», – напісаў у сваім пасце Дмытро Лубінец.

Такі расстрэл – гэта ваеннае злачынства, адзначае ўпаўнаважаны ВР па правах чалавека. Ён паведаміў, што ў ягоным распараджэнні ёсць звесткі аб тым, з якой вайсковай часткі расейскай арміі паходзяць расейскія салдаты, якія расстралялі байцоў ЗСУ.

Украінскі вайсковец выходзіць з узнятымі ўгару рукамі. Але, нягледзячы на гэта, гіне ад кулі.
Фота: скрыншот з відэа омбудсмана Дмытро Лубінца / Telegram

Дмытро Лубінец таксама выказаў намер звярнуцца да Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа, а таксама ў ААН, каб гэтыя арганізацыі «зафіксавалі і публічна прызналі, што расейскія вайскоўцы забіваюць украінскіх палонных».

«Для расейскай арміі Жэнеўскія канвенцыі, правілы і звычаі вайны нічога не значаць. Дзейнічаюць па сваіх негалосных «умоўнасцях», «правілах» і «звычаях» – жорсткасці, подласці, нізасці», – эмацыйна напісаў Лубінец.

Парушэнне канвенцыяў

Але пра парушэнне якіх звычаяў вайны вядзецца гаворка і дзе яны прапісаныя? Акрамя таго, з якога моманту чалавек лічыцца ваеннапалонным?

Украінскі юрыст Іван Ліберман адзначае, што ваеннапалонным мусіць прызнавацца чалавек, «які сваімі паводзінамі паказаў, што здаецца, або з моманту, як на яго накіраваная зброя, а ён не можа супраціўляцца».

Прасцей кажучы, калі чалавек адклаў зброю, узняў рукі ўгору і паказвае, што здаецца, ён – ваеннапалонны. А значыць, «да яго павінна быць гуманнае стаўленне ва ўсіх аспектах гэтага слова: пачынаючы ад неабходнасці надання доступу да туалету, заканчваючы такімі рэчамі, як наданне перакладчыка, адваката, медыцынскай дапамогі», кажа юрыст.

У сваю чаргу, гуманнае стаўленне да людзей, якія склалі зброю, прапісаная ў так званай Жэнеўскай канвенцыі. У прыватнасці, такія дзеянні, як расстрэл ваеннапалонных, парушаюць артыкул 3 гэтага дакументу.

У ім сказана, што не дапускаецца замах на жыццё і фізічную недатыкальнасць, у прыватнасці, розныя віды забойства, калецтва, жорсткае абыходжанне і катаванні, у дачыненні да асобаў, якія «не бяруць удзелу ў ваенных дзеяннях, уключаючы тых асобаў са складу ўзброеных сілаў, якія склалі зброю, а таксама тых, якія перасталі браць удзел у ваенных дзеяннях з прычыны хваробы, ранення, затрымання або з любой іншай прычыны».

На самай справе Жэнеўская канвенцыя не адна, іх некалькі, яны ўключаюць у сябе чатыры асноўныя дакументы, якія складаліся цягам некалькіх дзесяцігоддзяў і былі падпісаныя ў 1949 годзе. У гэтых дакументах прапісаныя правілы гуманнага абыходжання з людзьмі падчас вядзення вайны – правы ваеннапалонных, стандарты абароны параненых і цывільнага насельніцтва ў зоне баявых дзеянняў і інш.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы, узятыя ў палон і прыгатаваныя для абмену ўзброенымі людзьмі з так званай ДНР, 2015 год.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Жэнеўская канвенцыя была падпісаная большасцю краінаў свету і дзейнічае пад эгідай Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа. У 1993 годзе Рада Бяспекі ААН уключыла канвенцыю ў склад звычайнага міжнароднага права, што зрабіла яе абавязковай для выканання не толькі для краінаў-падпісантаў, але і іншых краінаў, якія ўцягнутыя ў ваенныя канфлікты.

Акрамя міжнародных дакументаў, такія ўчынкі расейскіх салдатаў падпадаюць і пад дзеянне ўнутраных законаў Украіны. У сувязі з апошнім здарэннем, кіраўніцтва Данецкай абласной пракуратуры пачало дасудовае расследаванне адносна факту парушэння законаў і звычаяў вайны, спалучанага з наўмысным забойствам, што прадугледжана ч. 2 арт. 438 Крымінальнага кодэксу Украіны.

Так, у Кодэксе прапісана, што «жорсткае абыходжанне з ваеннапалоннымі або мірным насельніцтвам, высылка грамадзянскага насельніцтва на прымусовыя працы, рабаванне нацыянальных каштоўнасцей на акупаванай тэрыторыі, прымяненне сродкаў вядзення вайны, забароненых міжнародным правам, іншыя парушэнні законаў і звычаяў вайны, прадугледжаныя міжнароднымі дамовамі, згода на абавязковасць якіх дадзеная Вярхоўнай Радай Украіны, а таксама аддаванне распараджэння аб правядзенні такіх дзеянняў, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дванаццаці гадоў».

Не адзінкавыя выпадкі

«Такія забойствы ваеннапалонных – не адзінкавыя выпадкі. Для іх [удзельнікаў злачынстваў] павінна быць пакаранне!» – адзначыў у сваім допісе Дмытро Лубянец.

Сапраўды, толькі за апошні месяц гэта ўжо трэці выпадак расстрэлаў украінскіх ваеннапалонных.

Так, 18 лютага стала вядома, што расейскія вайскоўцы расстралялі 6 украінскіх ваеннапалонных. Гэта адбылося на пазіцыі «Зеніт» у Аўдзееўцы. Вайскоўцы былі цяжкапараненымі і не маглі перасоўвацца самастойна, яны чакалі эвакуацыі.

Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў сяле Вясёлае Бахмуцкага раёну. Камера дрона паспела зняць, як расейскі салдат ва ўпор страляе спачатку ў аднаго захопленага ў палон вайскоўца ЗСУ, а пасля ў другога.

Гэтыя выпадкі таксама пацвердзіў Дмытро Лубінец. Ён адзначыў, што расейскія салдаты наўмысна забіваюць украінскіх абаронцаў, «не жадаючы пакідаць палонных жывымі».

«Падкрэсліваю, што расстрэл ваеннапалонных з’яўляецца грубым парушэннем міжнароднага гуманітарнага права і Жэнеўскай канвенцыі аб абыходжанні з ваеннапалоннымі. Гэта цяжкае міжнароднае злачынства, за якое будзе суровае пакаранне», – адзначыў з гэтай нагоды Лубінец.

У канцы 2023 года пад Рабоціна расейцы ўзялі ў палон траіх украінскіх вайскоўцаў. Але праз гадзіну іх расстралялі, а відэа пакарання з’явілася ў інтэрнэце.

У кастрычніку 2023 года ў справаздачы ААН былі пацверджаныя шэсць выпадкаў расстрэлаў украінскіх ваеннапалонных расейскімі салдатамі, якія адбыліся да 1 лютага 2023 года. Сярод іх – розгаласны выпадак забойства бяззбройнага вайскоўца Аляксандра Мацыеўскага, які перад смерцю сказаў «Слава Украіне!».

Аб’ектыў
Апублікаванае відэа расправы выклікала шматлікія рэакцыі і спрэчкі
2023.04.12 22:40

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў