Канфіскаваную менскую кватэру Цапкалаў ніхто не захацеў купляць


Аўкцыён, на якім прадавалі трохпакаёвую менскую кватэру, канфіскаваную ў кандыдата на прэзідэнцтва на выбарах-2020 Валерыя Цапкалы, не адбыўся праз адсутнасць удзельнікаў, пішуць на сайце «БелЮрЗабеспячэння».

Кватэра Валерыя і Веранікі Цапкалаў.
Фота: e-auction.by

Трохпакаёвая кватэра Валерыя і Веранікі Цапкалаў з’явілася два тыдні таму на электронным аўкцыёне «БелЮрЗабеспячэнне», дзе прадаецца канфіскаваная маёмасць. Менская кватэра на вуліцы Чарнышэўскага, 5 выстаўленая на продаж разам з машынамесцам у падземнай стаянцы.

Стартавая цана за трохпакаёвую кватэру плошчай 103,7 ­м² – 358 442 рублі і 20 капеек.

Гэткая цана – вельмі нізкая. Кватэры падобнай плошчы і на прыблізна такой адлегласці ад цэнтру Менску прадаюцца звычайна за 500–700 тыс. рублёў, а такую цану за м² можна сустрэць у адзінкавых абестках, і тыя кватэры прадаюцца без машынамесца.

Валерый Цапкала – былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў. Ён спрабаваў высунуцца кандыдатам на прэзідэнцтва падчас выбараў 2020 года, аднак ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі. У ліпені 2020 года ён пакінуў Беларусь, а да палітычнай барацьбы далучылася ягоная жонка Вераніка Цапкала. Яна ўвайшла ў абʼяднаны штаб разам са Святланай Ціханоўскай і Марыяй Калеснікавай.

Вераніка Цапкала адрэагавала на аўкцыён. Яна напісала ў Facebook, што нерухомасць належыць таксама ёй і дваім непаўнагадовым дзецям: «Я звяртаюся ў Следчы камітэт і Дзяржаўную пракуратуру Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем правесці расследаванне».

У красавіку 2023 года Валерыя Цапкалу завочна пакаралі 17 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Выпадак з маёмасцю Цапкалы не першы. У лютым 2023 года на аўкцыёне зʼявілася кватэра Сяргея Ціханоўскага і ягонай жонкі Святланы. Іхную кватэру прадалі з трэцяй спробы, бо не адразу знайшліся пакупнікі.

У Канцэпцыі кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у часе рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якую прэзентаваў Офіс Ціханоўскай, асобна распісанае вяртанне канфіскаванай маёмасці. Гэтую Канцэпцыю хочуць скарыстаць для змены законаў пасля змены ўлады ў Беларусі.

Паводле Канцэпцыі, калі ў рэпрэсаванага, напрыклад, канфіскавалі жытло і прадалі іншай асобе, то ўгоду могуць прызнаць неправадзейнай і патрабаваць вярнуць атрыманае паводле ўгоды ці пакрыць цану маёмасці грашыма. Добрасумленнаму пакупніку, які не мог ведаць пра адсутнасць законных правоў у прадаўца, выдаткі мае кампенсаваць дзяржава. Заканадаўства ў гэтай сферы ўжо ёсць, але яно недастатковае: нормы мусяць дапрацоўвацца. Дэмакратычныя сілы хочуць таксама замацаваць права адмовіцца ад вяртання маёмасці.

Разбор
Як кампенсаваць беларусам рэпрэсіі і дзе на тое ўзяць грошы. Глядзім праект Офісу Ціханоўскай
2023.09.25 19:21
Алесь Наваборскі belsat.eu
Стужка навінаў