Беларуску, якая кінулася ратаваць сабаку ў мора і знікла, знайшлі мёртвай


Беларуску Ірыну Слюсар змыла марскою хваляю 22 лютага ў грузінскім горадзе Кабулеці, калі жанчына спрабавала ўратаваць свайго сабаку. Пошукі працягваліся чатыры дні.

Ірына Слюсар. Крыніца: georgia_on_my_mind / Telegram

«Са шкадаваннем паведамляем, што Ірыну знайшлі загінулай. Пошукі завершаныя, аднак мы не можам выдаваць падрабязнасцяў. Мы глыбока шкадуем аб тым, што адбылося, і выказваем спачуванні родным і блізкім. Дзякуй за вашу дапамогу ў пошуках!» – напісалі арганізатары пошуку беларускі.

Вядома, што 33-гадовая Ірына Слюсар з сяброўкаю спрабавала выцягнуць з вады сабаку: Ірыну накрыла хваляй і змыла ў мора. Другую беларуску, Юлію, выкінула на бераг, са страсеннем мозга яе даставілі ў шпіталь.

Мясцовыя ратавальнікі і паліцыянты былі ў курсе таго, што адбылося, яны выязджалі на месца надзвычайнага здарэння і абследавалі берагавую лінію.

Ірына Слюсар разам з сабакам. Крыніца: wioletta.nikitik / Facebook

Ірына Слюсар – рэжысёрка, нарадзілася ў Жодзіне і скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. У Грузіі разам са знаёмымі заснавала дзіцячы тэатр лялек «Лось і светлячок».

У канцы ліпеня мінулага года беларуса Андрэя Корсака таксама змыла морам у Батумі, праз чатыры дні пошукаў знайшлі цела мужчыны.



Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў