Лукашэнка падоўжыў на год тэрмін працы «камісіі па вяртанні»


«Камісія па разглядзе зваротаў грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, у пытаннях учыненымі ім злачынстваў», мае дзейнічаць ужо не да канца 2023 года, а да канца 2024-га, напісана ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваным 27 студзеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак КДБ у Менску. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

У складзе камісіі Аляксандр Лукашэнка замяніў двух чалавек.

Камісію пакінулі Анатоль Лапо (былы кіраўнік Памежнага камітэту, якога Лукашэнка «саслаў» у СНД) і Ігара Маршалава (які займаў пасаду намесніка старшыні Камітэту дзяржкантролю – дырэктара Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, а цяпер адпраўлены Лукашэнкам у Зімбабвэ).

Замест іх у камісію ўвайшлі Канстанцін Моластаў (дзейны кіраўнік Памежнага камітэту) і Віктар Франскевіч (дзейны намеснік дырэктара ДФР).

У складзе камісіі застаюцца шматлікія адыёзныя дзеячы рэжыму Лукашэнкі, як то прапагандысты Рыгор Азаронак, Іван Эйсмант і Вадзім Гігін, кіраўнікі сілавых ведамстваў, меркаваны забойца Дзмітрый Баскаў і іншыя.

Рашэнне Лукашэнкі аб працягу мандату камісіі анансавала двума днямі раней супольнасць былых сілавікоў «BELPOL».

«Рэалізацыя гэтага даручэння легла на плечы так званага намесніка генеральнага пракурора Аляксея Стука, які добра вядомы ўсім як адзін з каманды “расследавальнікаў генацыду беларускага народу” і змагар з прысутнасцю дзяцей у сетцы Інтэрнэт»,  пісаў «BELPOL».

Падаўжэнне звязвалі, паводле звестак «BELPOL», з нібыта «станоўчым эфектам» і «чыстасардэчным раскаяннем» ва ўчыненых «злачынствах» тых, хто ўжо звярнуўся, а таксама апавяданні пра нібыта рэальнае становішча справаў і стаўленне да беларусаў за мяжой». Гэтая пазіцыя абсалютна ілжывая і падаўжэнне працы камісіі гэта проста нежаданне рэжыму Лукашэнкі прызнаць, што задума не ўдалася, лічыць «BELPOL».

«Каманда „BELPOL“ папярэджвае ўсіх беларусаў пра тое, што зварот у так званую “камісію вяртання” – гэта элемент прапаганды і ўвядзенне ў зман людзей. Такім няхітрым чынам рэжым спрабуе прывабіць у краіну прыстойных беларусаў і пасля расправіцца з ім без „лішніх вачэй”! Не паддавайцеся на правакацыі», – пісалі былыя сілавікі.

Паводле звестак праваабаронцаў, у 2023 годзе сілавікі затрымалі мінімум 207 беларусаў, якія ехалі дадому з-за мяжы. Улады аб колькасці зваротаў і пакаранняў тых, хто паверыў камісіі, не кажа. У снежні праваабаронцы распавялі пра берасцейца, які вярнуўся дадому праз «камісію вяртання» і быў пакараны годам калоніі.

Hавiны
Камісія для вяртання дазволіла працягнуць кар’еру футбалістам, якія нікуды не з’язджалі
2024.01.26 16:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў