Менск – Кіеў. «Размаўляць няма з кім і няма пра што»


Тэма дачыненняў Беларусі і Украіны зноў набыла актуальнасць гэтым тыднем. Палітыкі, эксперты і грамадскія актывісты спрабуюць зразумець, на чым цяпер тыя дачыненні грунтуюцца. На думку аналітыкаў, з якімі паразмаўляў «Белсат»,  найлепш адлюстроўвае сённяшняе стаўленне Кіева да Менску слова «ігнор» – там цяпер не бачаць палітычных партнёраў ні ў дэмакратычных сілах, ні ў афіцыйных уладах.  Эксперты прагназуюць, што такая сітуацыя захаваецца прынамсі да канца вайны.  

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі па ўсім свеце пратэстуюць супраць вайны і заклікаюць Расею спыніць баявыя дзеянні ва Украіне. Святлана Ціханоўская прысутнічае на акцыі пратэсту ў Вільні, Літва. 27 лютага 2022 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Перадгісторыя пытання

Нагодай для чарговага абмеркавання дачыненняў Беларусі і Украіны стаў шэраг падзеяў апошніх дзён:

  • Новы пакет санкцыяў Еўразвязу, пра які стала вядома яшчэ 12 студзеня, закрануў Расею, а Беларусі не закрануў. Прайшлі чуткі, што за гэтым нібыта стаіць просьба Кіева не чапаць Менску. Еўразвяз чутак не пацвярджаў, але і не аспрэчваў;
  • Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрам замежных справаў РФ Сяргеем Лаўровым 19 студзеня раптам пахваліў Кіеў за тое, што той «не паддаецца правакацыям»;
  • Падчас нарады з сілавікамі Аляксандр Лукашэнка 24 студзеня заявіў, што быццам бы ідуць перамовы з украінцамі, якія прапанавалі яму «пакт аб ненападзе»;
  • У праграме святкавання 160-годдзя паўстання Кастуся Каліноўскага (паўстання 1983 года) з удзелам палітычных лідараў Польшчы, Літвы і дэмакратычнай Беларусі 23 студзеня не было запланавана выступу Святланы Ціханоўскай, затое быў зачытаны вітальны ліст ад Уладзіміра Зяленскага, які ніводнаю літараю не ўзгадаў ролі беларусаў у паўстанні, хаця яна не меншая, чым у палякаў, літоўцаў і асабліва ва ўкраінцаў;
  •  Ананімныя еўрапейскія дыпламаты паведамілі, што гэта «Украіна блакуе Ціханоўскую». У якасці дадатковага аргументу называўся няўдзел у Люблінскім трыкутніку. У Пераходным кабінеце прызналі, што сцэнар святкавання быў зменены, але «важны і такі фармат удзелу ва ўрачыстасцях», а ўдзельнічаць у Люблінскім трыкутніку, маўляў, і не планавалася.
  • Тым часам 27 студзеня стала вядома пра яшчэ адзін пакет санкцыяў. Ужо і супраць Беларусі.

Стратэгія калектыўнай віны

Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч у інтэрвʼю «Белсату» адзначыў, што цяпер афіцыйны Кіеў пазбягае ўсяго, што можа выклікаць раздражненне афіцыйнага Менску, каб не справакаваць павышэння ўзроўню вайсковага падтрымання. Гэтым тлумачыцца стаўленне нават да кабінету Ціханоўскай.

«Афіцыйны Кіеў выбраў шлях ігнаравання Ціханоўскай і ейнага кабінету і ўсяляк пазбягае кантактаў з імі, бо спрабуе выкарыстаць усе чыннікі, каб пазбегнуць больш глыбокага ўцягвання Беларусі ў вайну і ўводу беларускага войска на тэрыторыю Украіны».

Палітолаг таксама адзначыў павелічэнне колькасці чутак пра тое, што Украіна намагаецца заблакаваць любое згадванне Беларусі і на еўрапейскім узроўні. Але, паводле яго, няма фактаў, якія б сведчылі, што Брусель прыслухоўваецца да Кіева. Аднак застаецца фактам тое, што ў вітальным лісце  Зяленскага пра Беларусь не згадваецца.

«Зяленскі не згадаў Беларусі ўвогуле як краіны і народу, які ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года. Усё гэта грунтуецца на канцэпцыі калектыўнай віны, што ўсе беларусы вінаватыя ў гэтым, у вайне. Выглядае, што цяпер гэта ўжо ёсць часткай стратэгіі афіцыйнага Кіева адносна Беларусі».

Суразмоўца нагадаў, што ідэя калектыўнай адказнасці – не новая, яна выяўлялася ў стаўленні да беларусаў з першых дзён вайны, калі расейскае войска ўвайшло ва Украіну і з тэрыторыі Беларусі. «З пачатку вайны ў самой Украіне для беларусаў вельмі ўскладніліся многія пытанні – і рахункі блакаваліся, і побыт на жыхарства амаль немагчыма атрымаць, і гэтак далей. З цягам часу канцэпцыя аформілася ўжо ў паўнавартасную стратэгію, адсюль і такія дзеянні».

Такім чынам, Кіеў, на думку палітолага, з аднаго боку, імкнецца не раздражняць Лукашэнку, а з другога – рэалізуе ўжо нават не канцэпцыю, а стратэгію калектыўнай віны ўсіх беларусаў. Адказваючы на пытанне «Белсату», ці не выглядае такая падвойная пазіцыя афіцыйнага Кіева хаўрусам з Лукашэнкам у пераследзе апазіцыйна настроеных беларусаў, Валеры Карбалевіч сказаў:

«Гэта не хаўрус, гэта спроба дамагчыся хоць нейкага паразумення з афіцыйным Менскам, каб Беларусь не ўдзельнічала ў вайне. І гэта ігнараванне таго, што беларускае грамадства расколатае і значная яго частка выступае супраць вайны, супраць Лукашэнкі. Вось гэтую акалічнасць афіцыйны Кіеў ігнаруе».

Беларусь – удзельніца вайны супраць Украіны

Меркаванне беларускага палітолага фактычна пацвердзіў і ўкраінскі эксперт, паліттэхнолаг Сяргей Гайдай. «Украінцы і ўкраінская ўлада разумеюць, што дэ-факта Беларусь мае з Украінаю стан вайны. Бо з пачатку канфлікту з беларускай тэрыторыі ўвайшлі войскі, узляталі самалёты, наносіліся ўдары. Гэтага не магло б адбыцца, калі б Беларусь прынамсі займала нейтральную пазіцыю. Але Беларусь падтрымлівае Расею. Таму гэта вайна», – сказаў ён у каментары «Белсату».

Прычыны дзеянняў Лукашэнкі ў лютым 2022 года з Кіева цяпер бачаць так: «Лукашэнка – рэальны саюзнік і залежны ад Пуціна чалавек, спадзяваўся, што ўсё скончыцца за тры дні і ён будзе саюзнікам пераможцы.  Цяпер жа ён разумее, што трапіў у сурʼёзную калатнечу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг з патрабаваннем прызнання Расеі дзяржавай-тэрарыстам. Людзі збіраюцца каля пасольства Расеі. Варшава, Польшча. 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Апроч таго, паводле Гайдая, у Зяленскага вялікая асабістая няпрыязь да Лукашэнкі, бо «ён яго брутальна падмануў, груба кажучы, «кінуў». Быў час, што Зяленскі нават нейкую сімпатыю да Лукашэнкі праяўляў за сацыяльную стабільнасць у краіне. Усё пачалося псавацца пасля таго, як Украіне не перадалі затрыманых вагнэраўцаў, а вярнулі іх дадому. Канчаткова ўсё сапсавалася з пачаткам вайны».

У беларускай апазіцыі мала ўплыву і сілаў

Што да стасункаў з дэмакратычнымі коламі Беларусі, то «праблема не на баку Украіны».

«Украіна добра разумее, што Лукашэнка нелегітымны, і Беларусь дэ-факта амаль што акупаваная краіна. Весці нейкія перамовы з Лукашэнкам няма сэнсу, бо ён вораг. А размаўляць з апазіцыяй неэфектыўна, бо беларускія апазіцыйныя лідары не знайшлі ў сабе сілаў, не здолелі скарыстаць хвалю народнага пратэсту і скінуць дыктатара, як тое ў свой час адбылося ва Украіне з Януковічам», – адзначыў Сяргей Гайдай.

Паводле паліттэхнолага, галоўная прэтэнзія ўкраінскага боку да беларускай апазіцыі – гэта адсутнасць намеру ісці да канца: «Мілая выява, калі беларусы здымаюць абутак, каб стаць на лаўкі падчас пратэстаў, мусіла быць іншаю, як нам падаецца. Лавачку трэба было разабраць і скарыстаць як зброю пры штурме палацу, у якім хаваўся Лукашэнка. Бо ў той сітуацыі ўсё было – і вялікія масы людзей, і непрыняцце сілавікоў, і ўсё, каб зрабіць тое, што потым бы падтрымаў увесь свет і Украіна. Але гэтага не адбылося».

На думку Гайдая, на гэты момант беларуская апазіцыя працягвае дэманстраваць тую ж самую нерашучасць, «адсутнічае сурʼёзная ўплывовая апазіцыя, якая б сказала: мы бяром у рукі зброю і ідзём вызваляць сваю краіну». Таму Украіна фармальна падтрымлівае апазіцыйна настроеных беларусаў, дала прытулак мігрантам, некаторыя з іх нават са зброяй у руках пайшлі змагацца «за нашу і вашу свабоду», але ў самой Беларусі «размаўляць няма з кім і няма пра што».

Сапраўдныя партнёры Украіны дапамагаюць ёй перамагчы на полі бою

Эксперт лічыць, што цяпер у супрацьстаянні Украіны і Расеі пачаўся пераломны этап. «Увесь свет» узмацніў падтрыманне Украіны дзеля яе перамогі. «Мы не вядзём перамоваў з Расеяй, усе спробы скончыліся няўдачай. Ужо ўвесь свет зразумеў, што Пуцін не здольны да перамоваў, і Украіне цяпер пачалі пастаўляць цяжкую зброю з усіх бакоў, чаго раней не было. Увесь свет робіць усё магчымае, каб Украіна перамагла на полі бою».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Танк «Leopard 2» падчас вучэнняў на вайсковай базе ў Нямеччыне.
Фота: Ronny Hartmann / AFP / East News

Пры гэтым Гайдай адзначыў, што выглядае, быццам бы Лукашэнка, нягледзячы на тое, што ён кіруе краінай фактычна ва ўмовах акупацыі, усё ж такі нейкім чынам не дае Расеі поўнасцю акупаваць Беларусь. «Пакуль ідзе вайна, чапаць Лукашэнку, правакаваць яго – значыць падштурхнуць да таго, каб ён зразумеў сітуацыю і пачаў актыўна падтрымліваць Пуціна, каб разам з ім выйграць вайну. А гэтага не хочацца. Хаця Лукашэнка ўжо і сам разумее, што гэта ўжо пагроза для жыцця, таму дае нейкія абяцанні Расеі, што ён саюзнік, але фактычна нічога не робіць», – адзначае эксперт.

Зносіны паміж Беларуссю і Украінай наладзяцца пасля вайны і зрынання Пуціна

Сяргей Гайдай разгледзеў некалькі магчымых сцэнараў развіцця падзеяў пасля перамогі Украіны ў вайне. «Калі і існуе нейкі сцэнар украінскага ўплыву на сітуацыю ў Беларусі, то хіба што пасля перамогі полк Каліноўскага можа перайсці мяжу і пойдзе на Менск, каб скінуць дыктатара», – пазначыў ён першы сцэнар.

Менш прымальны, але таксама імаверны сцэнар, на думку Гайдая, калі Пуцін зліквідуе рэжым Лукашэнкі пасля паразы ў вайне.

«Трэці сцэнар такі, што пры перамозе Украіны Расея анексуе Беларусь ужо не фактычна, а юрыдычна, каб хоць неяк выглядаць у вачах свайго народу, а Лукашэнку зліквідуе ды абвінаваціць у гэтым вонкавыя сілы», – разважае эксперт. «Таму ніхто не хоча цяпер чапаць Беларусь ні ў якім выглядзе, каб не ствараць сабе яшчэ адной пагрозы з поўначы», – падсумаваў суразмоўца.

Пры гэтым кіеўскі паліттэхнолаг лічыць прымальным, каб афіцыйны Кіеў у свой час падтрымаў ініцыятыву беларускага народу пазбавіцца Лукашэнкі пасля падзення Пуціна.

«Пакуль жа абраная самая простая пазіцыя: замарозіць усе зносіны  і не чапаць сітуацыі, пакуль не прыйдзе час і не будзе відаць, што пара дапамагчы беларусам самім зліквідаваць беларускі рэжым, каб Беларусь стала паўночным саюзнікам, ператварылася ў нармальную дэмакратычную дзяржаву».

«Беларусам, так бы мовіць, застаецца маліцца за поўную перамогу Украіны і поўны разгром Пуціна з ягоным наступным зрынаннем. Тады і Лукашэнку ў Менску болей не ўседзець», – падсумаваў Сяргей Гайдай.

Каментар
У Пераходным кабінеце пракаментавалі звесткі пра «бан» Беларусі на просьбу Украіны
2023.01.26 09:49

Антон Тачняк  belsat.eu

Стужка навінаў