Як пасябраваць з зялёным драўляным Цмокам?


2024 год паводле ўсходняга календара будзе годам зялёнага драўлянага Цмока. Гэтая істота лічыцца высакароднай, творчай і імпульсіўнай, Цмок любіць увагу да сябе і святкаванне з размахам. І калі вам цікава, як лепш сустрэць Цмока, каб ён вам дапамагаў увесь наступны год, то адказ можна знайсці ў гэтым артыкуле.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Цмока на Усходзе называюць шляхетным, справядлівым і смелым не проста так. Паводле легенды, Нефрытавы імператар на свой дзень народзінаў ініцыяваў гонку паміж жывёлінамі, каб упарадкаваць плынь часу. На фінальным этапе дванаццаць з іх спяшаліся заняць свае законныя месцы на пасадах галоўных сімвалаў года. Цмок павінен быў прыйсці першым, бо меў крылы і мог лятаць, але дарогаю ён спыняўся, каб дапамагчы іншым у бядзе. Таму фінішаваў ён толькі пяты, але захаваў годнасць і гонар.

Дзе і як сустрэць год Цмока?

Шукаючы адказу на пытанне, што ж любіць зялёны драўляны Цмок, мы сустрэлі багата рознай і супярэчлівай інфармацыі. Шматлікія артыкулы даюць парады, арыентуючыся толькі на характарыстыкі самой істоты, не звяртаючы ўвагі на тое, што гэтым разам яна – драўляная, а значыць, вогненных колераў лепш пазбягаць, як і падарункаў, звязаных з агнём (напрыклад, свечак).

Калі ж вы яшчэ не вызначыліся, куды выбрацца ў святочную ноч, то раяць абіраць шумныя і вясёлыя месцы, а таксама вялікую кампанію. Гэта можа быць клуб, рэстарацыя, бар. Таксама сярод парадаў на першых месцах – экзатычныя краіны. Галоўнае, каб гэта было шыкоўна, незвычайна і запамінальна. Калі ўсё ж Цмока вы вырашылі сустрэць удома і спакойна, то не пашкадуйце грошай на ўпрыгожванні і аздабленне навагодняга стала, а таксама не забудзьцеся паклікаць як мага болей гасцей.

Як аздобіць дом і ялінку?

Бляск, зіхаценне і пышната – галоўны трэнд гэтай ночы. Колеры найлепш абіраць зялёныя (і ўсе яго адценні), залатыя, срэбныя, чырвоныя, блакітныя, сінія, але пераважна не цёмныя, каб не напалохаць змрочнасцю сімвал года. Вітаецца ялінка светлых пастэльных адценняў з вялікай колькасцю агеньчыкаў і гірляндаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Drazen Zigic / Freepik

Што паставіць на стол?

Страваў на стале павінна быць дванаццаць. Пажадана больш мяса і рыбы, але не курыцы, бо яна лічыцца на Усходзе ежаю беднякоў. Добрым лічыцца аздабленне стала ў рознакаляровай гаме, абрус жа найлепш выбраць чырвоны.

Што надзець?

Гэта той выпадак, калі бляску зашмат не бывае. І калі вы ўсё жыццё марылі пра сукенку ці іншы элемент адзення ў паетках, але чамусьці саромеліся набыць яго раней, то вось яна – вашая зорная ноч! Чым больш адзенне будзе падобнае да лускі Цмока, тым лепш.

Калі ж вы абіраеце больш спакойнае самавыяўленне, то ваш варыянт – уборы ў любым з адценняў зялёнага колеру. Тканіна таксама павінная быць высакародная: шоўк, аксаміт. Цмок не пацярпіць сінтэтыкі.

Дзяўчатам раім пашукаць сукенку ці спадніцу з кроп-топам, а вось штаны лепш у гэтую ноч пакінуць мужчынскай палове.

Што да макіяжу, то акурат ён павінен быць больш спакойны, але бляску і тут ніхто не адмяняў, як і ўпрыгожанняў з высакароднымі камянямі і металамі.

А чаго ж нельга рабіць у гэтую ноч?

Нельга надзяваць рэчаў з чужога пляча. Адзенне павінна быць новае ці амаль новае – і сваё. Нельга лаяцца і спрачацца. Нават пры моцнай крыўдзе на чалавека адпусціце сітуацыю, даруйце самі і папрасіце прабачэння.

Непрыбраны дом прыцягне шмат злога. Таксама як і непагашаныя пазыкі. Варта паклапаціцца пра гэта загадзя.

І, натуральна, забаронена сумаваць – нават калі ў вас цяпер такі жыццёвы этап. Паспрабуйце выключыць у галаве дрэнныя думкі, не заставайцеся ў адзіноце. У гэтую ноч можна схадзіць да галоўнай ялінкі ці зайсці ў бар, што працуе побач. І цуд абавязкова здарыцца, проста дайце магчымасць Цмоку дапамагчы і вам!

Дададзім, што паводле кітайскага календара год Цмока пачнецца 10 лютага.

Агляд
Новы год у беларускіх традыцыях: што апрануць, з’есці і выпіць?
2023.12.26 08:30

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў