«Наша ніва»: Экс-кіраўніка Менскай абласной калегіі адвакатаў затрымалі і вызвалілі пад падпіску


Старшыню Менскай абласной калегіі адвакатаў Максіма Церашкова, які пісаў даносы на калегаў, звольнілі з працы. Яго затрымалі на мінулым тыдні на працоўным месцы, паведамляе «Наша ніва».

Максім Церашкоў.
Фота: 1prof.by

Максім Церашкоў узначальваў Менскую абласную калегію адвакатаў са студзеня 2022 года. 23 снежня ён запісаў развітальны відэазварот, у якім заявіў, што за 2022-і адвакаты калегіі згуртаваліся і прадэманстравалі патэнцыял, пра які шмат хто не здагадваўся.

Паводле «Нашай нівы», Церашкова на мінулым тыдні затрымалі проста на працоўным месцы і павялі з калегіі ў кайданках. Але ўжо на наступны дзень ён быў на волі пад падпіскай аб нявыездзе. Пасаду кіраўніка калегіі яму давялося пакінуць.

Максім Церашкоў вядомы сваім удзелам у рэпрэсіях супраць калегаў на пасадзе старшыні Менскай абласной калегіі адвакатаў і паспеў выжыць з работы мінімум 16 калегаў, напісаўшы на іх даносы.

Церашкоў сведчыў на судзе супраць вядомага адваката калегіі Андрэя Мачалава, які атрымаў 2 гады «хіміі» за працу паводле спецыяльнасці і абарону палітычных вязняў. Мачалава тады асудзілі за тое, што ён нібыта без ліцэнзіі абараняў жанчыну, якая адмовілася здаваць кватэру пракурорцы Аліне Касьянчык. Пры гэтым пра факт пазбаўлення ліцэнзіі адвакат даведаўся на судзе.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў