Была ў слухаўках. Чарговая смерць дзіцяці на чыгунцы


Раніцаю 25 снежня на чыгуначнай станцыі «Смаргонь» цягнік збіў 13-гадовую дзяўчынку, якая ад атрыманых траўмаў сканала на месцы. Паведамляецца, што яна была ў слухаўках і не чула сігналу лакаматыву. Чаму школьніца не бачыла цягніка, які набліжаўся, ужо ніхто не даведаецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: rw.by

Выпадак у Смаргоні здарыўся менавіта на фінішы абвешчанага Беларускай чыгункай дзесяць дзён таму комплексу мерапрыемстваў «Дзеці і бяспека».

Падобнае адбылося і на самым пачатку акцыі. На чыгуначным пераездзе па вуліцы Пушкінскай у Берасці 16 снежня 13-ці гадовы падлетак трапіў пад цягнік, вяртаючыся каля 14 гадзінаў дадому пасля заняткаў. Хлопец знаходзіўся на пешаходнай сцежцы, быў у капелюшы і слухаў музыку праз слухаўкі. Па інерцыі выйшаў на пераезд непасрэдна перад цягніком, што набліжаўся. Падлетка са шматлікімі траўмамі даставілі ў лякарню.

У анонсе вышэйназванай акцыі сцвярджалася, што чыгуначнікі правядуць рэйды, падчас якіх нададуць асаблівую ўвагу дзецям і падлеткам, што знаходзяцца без нагляду дарослых паблізу чыгуначных шляхоў, на вакзалах, станцыях і пераходах.

За 11 месяцаў 2022 года на чыгунцы пацярпелі 5 няпоўнагадовых (2 дзіцяці загінулі). Але агулам, сёлетніх 86 выпадкаў невытворчага траўматызму – гэта на 10 адзінак менш, чым летась. А вось канкрэтна з дзіцячым траўматызмам – прырост: за той жа перыяд (студзень-лістапад 2021 года) няпоўнагадовых пацярпела 4 і загінуў адзін. А зараз лічбы 5 – 2. Адзначаецца, што пасля аналізу большай часткі выпадкаў наезд на пешаходаў ажыццяўляецца на перагонах. Але працягваюць здарацца трагедыі і на чыгуначных пешаходных пераходах, спецыяльна абсталяваных, асветленых, а таму быццам бы бяспечных. Асноўныя прычыны гібелі людзей – шпацыраванне ўздоўж рэек альбо ўвогуле паміж імі па шпалах у стане алкагольнага ап’янення, ці звычайная бестурботнасць маладых людзей, якія рухаюцца ў небяспечных месцах, а, нават, і па пераходах у слухаўках, таму не чуюць ні грукату цягніка, што набліжаецца, ні сігналу лакаматыву.

Варта адзначыць, што ўжо паўтара года, як афіцыйна не фіксуюцца выпадкі суіцыду на чыгунках. У 2020-м толькі ў Берасцейскай вобласці трое чалавек наўмысна кінуліся пад цягнік. У 2018-м годзе, як падае статыстыка, на чыгунках краіны звесці рахункі з жыццём вырашылі цэлых 18 асобаў, пры тым, што некаторыя засталіся жывымі, і былі ў рознай ступені траўмаваныя цягнікамі.

Самы трагічны выпадак гэтага году адбыўся ў траўні на прыпыначным пункце «Ратамка» ў Менскім раёне. Электрацягніком «Менск-Віцебск» былі смяротна траўмаваная сямейная пара з дзіцем. Паводле дадзеных следства, каля 22 гадзінаў 23 траўня 32-х гадовы мужчына і ягоная 22-гадовая цяжарная жонка перабягалі чыгуначныя шляхі, па якіх рухаўся электрацягнік, на забаронены сігнал гукавой і светлавой сігналізацыі. Да таго ж жанчына каціла дзіцячую калыску з гадавалым хлопчыкам. Яны не паспелі. Поезд пераехаў мужчыну і дзіця, якія сканалі на месцы, а маці атрымала такія цяжкія цялесныя пашкоджанні, якія не былі сумяшчальныя з жыццём. І ў шпітальнай рэанімацыі на раніцу наступнага дня маладая жанчына памерла. Па гэтым факце Менскім міжраённым аддзелам Следчага камітэту была ўзбуджаная крымінальнай справа.

Падсумаванне вынікаў няшчасных выпадкаў на чыгунцы за 2022 год чакаецца, як заўсёды, у студзені. Але ўжо зараз ясна паводле папярэдняга вывучэння колькасці здарэнняў, што з большага станоўчай дынамікі не ўбачым.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў