Прэс-служба Арміі абароны Ізраілю паведамляе пра вызваленне з палону групоўкі «Хамас» 17 закладнікаў.
Закладнікі былі перададзены супрацоўнікам «Чырвонага Крыжа». Сярод іх 14 ізраільцянаў і трое замежных грамадзянаў.
Прэс-служба Цагаль таксама выклала кадры з вызваленым 9-гадовым хлопчыкам, які 49 дзён знаходзіўся ў палоне «Хамасу».
Паводле ТАСС, адзін з вызваленых замежнікаў – грамадзянін РФ, Рон Крывы. Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава сцвярджае, што ён быў вызвалены «па-за спісам абмену», у выніку прамых перамоваў паміж РФ і «Хамас».
Нагадаем, 24 лістапада пачала дзеяць дамоўленасць паміж Ізраілем і тэрарыстычнай групоўкаю «Хамас» пра спыненне агню на чатыры дні. Заяўлялася, што цягам гэтага перыяду «Хамас» мусіць адпусціць 50 жанчын і дзяцей, а Ізраіль вызваліць 150 палестынцаў.
У першы дзень перамір’я баевікі перадалі «Чырвонаму крыжу» 24 закладнікаў, у тым ліку 10 грамадзянаў Тайланду.
Увечары 25 лістапада тэрарысты адпусцілі яшчэ 17 закладнікаў: 6 з 13 вызваленых ізраільцянаў былі жанчынамі, а 7 – дзецьмі і падлеткамі. Ізраіль у сваю чаргу вызваліў з турмаў 39 палестынцаў.
Глеб Нержын belsat.eu