Арыштаваны рахунак Школы шахмат ФІДЭ ў Беларусі. Пра гэта паведаміла ў сваім Facebook заснавальніца школы і былая старшыня Беларускай федэрацыі шахмат Анастасія Сарокіна.
«На працягу года я не распавядала сваю асабістую гісторыю, пра тое, як я з’язджала з Менску, пра тое, што на працягу ўсяго гэтага часу адчувала мая сямʼя, якому націску падвяргаліся сумленныя і прыстойныя людзі, якія працавалі са мной у федэрацыі і ў Школе. Мы ўсе спадзяваліся, што не крануць Школу, што ёсць нейкія чырвоныя лініі, якія яны не адважацца перайсці – дзеці, старыя, настаўнікі… Няма ліній. Няма сумлення. Няма гонару», – адзначыла Анастасія Сарокіна.
Яна таксама заклікала ўсю міжнародную шахматную і спартовую грамадскасць падтрымаць вучняў і трэнераў Школы шахмат ФІДЭ ў Беларусі.
Пасля выбараў 2020 года Анастасія Сарокіна падпісала адкрыты ліст спартсменаў за сумленныя выбары, а ў траўні 2021 года пакінула пасаду кіраўніка федэрацыі шахмат. Пры гэтым выбары новага кіраўніцтва арганізацыі да гэтага часу не адбыліся.
29 кастрычніка ў Сарокінай адбыўся ператрус, а яе саму на некалькі гадзін даставілі ў РУУС. З таго часу яна не вяртаецца ў Беларусь.
Першая ў Беларусі Школа Шахмат для самых маленькіх (ад трох гадоў) была адкрыта ў 2013 годзе, у 2014-м атрымала афіцыйную ліцэнзію ФІДЭ і зʼяўляецца адзінай у Беларусі школай, якая мае статус Акадэміі ФІДЭ.
Педагогі Школы распрацавалі ды зацвердзілі Аўтарскія методыкі навучання (3+, 5+), а таксама, методыкі навучання паводле праграме «Шахматы ў Школе» і праграму для навучання дзяцей з аўтыстычным спектрам, якая легла ў аснову праекту ФІДЭ «Infinite Chess – chess for kids with autism spectrum disorder».
МГ belsat.eu