26 лістапада ва Украіне на флагштоку каля Тэрнопальскай гарадской рады быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. Зроблена гэта было на знак салідарнасці з беларускім народам.
«Такім узняццем беларускага сцягу супольнасць Тэрнопалю хоча выказаць сваю салідарнасць з беларускім народам. Мы разумеем, напэўна, як ніхто іншы, наколькі ім цяжка і хочам іх падтрымаць у іх барацьбе за іх права абіраць, у якой краіне яны хочуць жыць, за іх права жыць у дэмакратычнай развітай Еўропе і прымаць самім рашэнне, куды і як ім развівацца. Як не быць якім-небудзь чарговым рычагом у барацьбе акупацыйнай улады Крамлю супраць Украіны і супраць краін Еўрапейскага Звязу», – адзначыў падчас урачыстай цырымоніі сакратар гарадской рады Ігар Гірчак.
Таксама беларускі сцяг трансляваўся на экране каля гарадской рады.
Нагадаем, што абраная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская абвясціла 27 лістапада днём міжнароднай салідарнасці з Беларуссю. У гэты дзень у 1920 годзе пачаўся Слуцкі збройны чын, калі вайскоўцы Беларускай Народнай Рэспублікі пачалі ўзброенае паўстанне супраць бальшавікоў на Случчыне.
Адзначым, што 19 жніўня 2020 года Тэрнопальская гарадская рада ўжо вывешвала бел-чырвона-белы сцяг на знак салідарнасці з народам Беларусі.
МГ belsat.eu