Масква так проста «беларускага балкону» не аддасць

Аляксандр Лукашэнка відавочна хоча падысці да новага «электаральнага цыклу» ў вобразе ратаўніка беларусаў ад вайны. 24 кастрычніка, размаўляючы з «моладзевым актывам», ён заявіў, што ў 2020-м Беларусь магла стаць полем бітвы паміж Расеяй і NATO. І «нас бы перамалолі». Насамрэч натаўцы тады і не думалі залазіць у сюжэт прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Яны вунь і ў плане дапамогі Украіне цяпер баяцца перагнуць палку, піша палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі для «Вось так».

Але тое, што ў выпадку перамогі беларускай рэвалюцыі Крэмль пайшоў бы на ўзброеную інтэрвенцыю, – тут і да бабкі не хадзі. А цяпер тым больш не аддасць стратэгічнага «беларускага балкону», што навісае над Украінай і ўпіраецца ў пуза NATO.

У 2020-м Пуцін трымаў рэзерв для дапамогі Лукашэнку

Тады, у жніўні 2020-га, на піку пратэстаў, Уладзімір Пуцін адкрытым тэкстам заявіў, што сфармаваў «пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў» на выпадак, калі спатрэбіцца дапамагчы Лукашэнку.

І цяпер лукашэнкаўскі рэжым трымаецца перш за ўсё дзякуючы апоры на Маскву. Залагодзіць «беларускае пытанне» без сур’ёзнай паразы імперыі практычна немагчыма. Крэмль будзе зубамі трымацца за гэты стратэгічны балкон, тым больш калі Украіна страчаная.

У 2020-м кіраўнік Беларусі абышоўся, як вядома, без пуцінскага рэзерву. Сам здушыў мірнае паўстанне рукамі (дубінкамі, вадамётамі, гумовымі кулямі) сваіх вышкаленых, укормленых сілавікоў.

Менск, Беларусь. 22 лістапада 2020 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Але быў момант, калі многія з іх (і з ліку наменклатуры таксама, дарэчы) усё ж былі ў замяшанні. Іх уразіла мора людзей на вуліцах. Нейкі час маніфестантаў наогул не разганялі. І штука была не толькі ў тым, што з такой масай праблематычна справіцца чыста тэхнічна. Было зразумела, што гэта не «купка адмарозкаў», а народ, якому абрыднуў адзін і той жа твар у тэлевізары больш як чвэрць стагоддзя.

Заява Пуціна, што Крэмль прызнае перамогу Лукашэнкі і гатовы прыйсці яму на дапамогу, усяліла тады ўпэўненасць у ягоных сілавіках (і ўсёй вертыкалі). Камандзіры і палітрукі сталі паўтараць: хлопцы, не бойцеся, за намі Масква. Ваганні былі адкінутыя. Добра экіпіяваныя, натрэнаваныя прафесіяналы пачалі метадычна драбіць калоны людзей з кветкамі і плакатамі, сотнямі «вінціць» маніфестантаў. Параза мірнага паўстання стала толькі пытаннем часу.

Перамога беларускай рэвалюцыі азначала б амаль непазбежную акупацыю

Праз год Лукашэнка прызнаўся, што папрасіў тады Пуціна «на ўсялякі выпадак стварыць рэзерв з тысячы чалавек. Наўрад ці б яны вырашылі якую-небудзь задачу, таму што разам з гэтым у мяне ў рэзерве была цэлая армія. І я б не завагаўся, увёў бы яе ў дзеянне, калі б бачыў, што яны [удзельнікі пратэстаў] не проста перайшлі чырвоную рысу».

Постфактум беларусаў папракалі (асабліва ўкраінцы): што ж вы разуваліся ды ў шкарпэтках на лавачкі станавіліся на мітынгу, калі трэба было ісці на штурм. Аднак ля Палацу незалежнасці ў Менску тады стаялі БТРы з буйнакалібернымі кулямётамі напагатове. І каб маніфестанты пайшлі на прыступ — была б тая ж параза, але яшчэ і з гарою трупаў.

Акцыя салідарнасці з затрыманай Марыяй Калеснікавай. Менск, Беларусь. 8 верасня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Белсат

І нават калі ўявіць няўяўнае: у хатняй гаспадыні Святланы Ціханоўскай, якая сенсацыйна стала кандыдаткаю ў прэзідэнты, раптам ні адтуль ні адсюль з’яўляецца магутная баявая дружына, абураныя фальсіфікацыяй выбараў пратэстоўцы займаюць палац – што далей? Са стоадсоткавай імавернасцю праз лічаныя гадзіны ў Менску высадзіліся б пскоўскія дэсантнікі, а з боку Смаленску ўвайшла б «Росгвардыя», за ёй – танкі. І пратэст усё роўна быў бы патоплены ў крыві.

Украінцы ў свой час перамаглі на Майдане шмат у чым таму, што тамтэйшы аўтарытарызм быў непараўнальна слабейшы, пратэст меў нашмат больш усялякага кшталту рэсурсаў (дый Віктар Януковіч, да таго ж, выявіўся маладушным і слабавольным, на адрозненне ад Лукашэнкі). Але і Украіна потым у поўнай меры зведала, што такое імперскі рэфлекс. І працягвае піць гэтую горкую чару. У Беларусі ж у выпадку перамогі дэмакратычных сілаў у 2020-м наогул не было шанцаў выстаяць супраць расейскага войска. Вось такі парадокс: перамога беларускай рэвалюцыі азначала б амаль непазбежную акупацыю.

У чым мае рацыю беларускі кіраўнік

Цяпер Лукашэнка, якога Захад і значная частка суграмадзянаў лічаць узурпатарам, які сфальсіфікаваў выбары-2020, малюе сябе ратаўніком краіны ад катастрофы.

«Калі б тады завагаліся, усё – нас бы не было, тут бы ішла вайна. Бо войскі NATO былі гатовыя ўжо ў Беларусь уступіць. Ім [непрыяцелям рэжыму] трэба было толькі на содні ўзяць уладу і запрасіць сюды войскі NATO – гэта адкрытае сутыкненне з Расеяй. Гэта ядравая вайна», – такую апакаліптычную выяву маляваў кіраўнік на сустрэчы з «моладзевым актывам» (старанна адфільтраванымі лаялістамі) 24 кастрычніка ў Палацы незалежнасці.

Зразумела, што гэта казка для самых наіўных. Натаўцы і ва Украіну баяцца совацца (прытым што тамтэйшая вайна – пытанне для Захаду экзістэнцыйнае), старанна дазуюць дапамогу зброяй, а адкрытае баявое сутыкненне з расейскай арміяй для іх – жах, што ляціць на крылах ночы. Ага, так бы яны і рынуліся тады ў бой за хатнюю гаспадыню Ціханоўскую.

Але фантазёр Лукашэнка мае рацыю ў іншым: калі б ягоныя апаненты ўзялі ўладу хоць на содні – імперыя не прымусіла б сябе доўга чакаць. І ціснулі б не натаўцаў (супраць якіх, калі ўжо на тое, пяты кароткія), а паўсталую частку беларускага народу. З пэўнай нацяжкай можна прывесці прыклад, як пад маркай міратворчай дапамогі ў рамках АДКБ Масква (з удзелам Менску, дарэчы) дапамагала казахстанскаму рэжыму справіцца з хваляваннямі ў студзені 2022-га.

Выбары як спецаперацыя

Цяпер Лукашэнка і ягоная вертыкаль ужо на ўсю моц рыхтуюцца да адзінага дня галасавання 25 лютага 2024 года, калі маюць прайсці выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. У кіраўніка так і не зажыла псіхалагічная траўма 2020-га, калі дзеля смеху (вось які ў нас плюралізм, глядзі, Еўропа!) пастанавілі зарэгістраваць суперніцай правадыра хатнюю гаспадыню. Цяпер Лукашэнка заяўляе, маючы на ўвазе Захад: «Цяпер мы з імі гульні на полі дэмакратыі ладзіць не будзем». Хто б сумняваўся.

Услед за выбарамі ў парламент і мясцовыя саветы ідзе і прэзідэнцкая кампанія 2025 года, пра якую Лукашэнка ўжо таксама думае. Гэтую чараду рытуалаў ён відавочна плануе правесці нават не ў цэнтральнаазіяцкім, а хутчэй паўночнакарэйскім стылі. Тут не да нюансаў і не да рэверансаў.

Старшыня беларускага Цэнтрвыбаркаму Ігар Карпенка нядаўна выступіў перад прадстаўнікамі ўнутраных войскаў і заклікаў іх «не даць паралізаваць працу выбарчых участкаў, забяспечыць грамадскі парадак і не дапусціць дэстабілізацыі абставінаў агулам у краіне». Здаецца, любы супраціў закачаны ў асфальт, але ўлады ўсё роўна рыхтуюцца да электаральнай кампаніі як да маштабнай спецаперацыі.

Агляд
Выцек запіс выступу Карпянкова перад спецназам: пра вагнэраўцаў, каліноўцаў і эмігрантаў
2023.10.23 21:40

У медыі таксама трапіў зліў выступу намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова перад удзельнікамі збораў ва ўнутраных войсках. Той выхваляецца, што ўлада не шкадуе грошай на забеспячэнне сілавікоў рыштункам, што ствараюцца ўсё новыя падраздзяленні спецназу. А таксама палохае сцэнарамі ўварвання «радыкалаў» – палітычных непрыяцеляў, якія сабраліся за мяжой, згадваючы ў гэтым кантэксце полк Каліноўскага (гэта беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны).

Насамрэч гэта дэманізацыя непрыяцеля. У апанентаў рэжыму на сёння занадта мала сілаў, каб так ці інакш сцерці рэжым. Тая мэйнстрымная частка палітычнай эміграцыі, што групуецца вакол Ціханоўскай і ейнай каманды, збіраецца ў процівагу адзінаму дню галасавання ў Беларусі зладзіць выбары ў свой протапарламент – Каардынацыйную раду. Але альтэрнатыва апрыёры выглядае слабой.

Значная частка тых беларусаў, што выходзілі на пратэсты ў 2020-м, цяпер у фрустрацыі, схаваліся ў свае побытавыя ракавіны. У атмасферы, калі саджаюць за лайкі пад крамольнымі допісамі ў сацсетках, за падпісанне на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, многія пабаяцца галасаваць нават на віртуальнай платформе. Да таго ж, Каардынацыйная рада ў прынцыпе бачыцца з Беларусі гэткаю эмігранцкаю тусоўкаю.

Карфаген мусіць быць разбураны

Ні санкцыямі, ні перспектываю ордару ў Гаагу (гэта тыя кірункі, над якімі шчыруе палітычная эміграцыя) кіраўніка Беларусі таксама не спалохаеш. Ён паставіў усё на сувязь з Крамлём. Гэта ягоная апошняя – і пакуль даволі моцная – апора. І ягоныя сілавікі гатовыя біцца адчайна, разумеючы, што ў «новай Беларусі», пра якую так шмат кажа апазіцыя, нічога добрага ім не свеціць.

Непрыяцелі Лукашэнкі ў замежжы прапануюць процьму выдатных рэформаў, але абыходзяць пытанне пра тое, як жа змяніць рэжым, адкрыць дзверы ў светлую «новую Беларусь». А калі і кажуць, дык гэта гучыць утапічна, як сцэнар а-ля пераможнага маршу палка Каліноўскага на Менск – або стаўка на нейкі раскол элітаў, для якіх цяперашні кіраўнік можа стаць, маўляў, занадта таксічным, калі атрымае ордар на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда. Ага. Ды яны там усе па вушы таксічныя. І выдатна разумеюць, што ў выпадку змены ўлады месца ім знойдзецца хіба што ў турме.

Наіўныя і спадзевы, што ў выпадку смерці Лукашэнкі пераемнік стане шукаць магчымасць сесці за круглы стол з апазіцыяй. Пераемнік амаль напэўна будзе наменклатурнікам (а то і сілавіком) з запэцканай рэпутацыяй і прамаскоўскімі мазгамі. І цалкам імаверна, што ён, не валодаючы тэрмаядраваю воляй і фенаменальнай выкрутлівасцю Лукашэнкі, толькі хутчэй здасць рэшткі суверэнітэту Крамлю.

Насамрэч ніякага чароўнага сродку перамогі над рэжымам папросту няма. Пакуль не будзе разбураная імперыя, вырвацца з яе арбіты Беларусі практычна немагчыма. І не трэба мець ілюзіяў, што «беларускае пытанне» можна развязаць неяк сепаратна.

Аналітыка
«Захад – ён розны». Вугоршчына ўсё больш адхіляецца ад курсу ЕЗ адносна Пуціна і Лукашэнкі
2023.10.25 19:40

Аляксандр Класкоўскі

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў