Галоўнага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука прыcудзілі да 8 гадоў калоніі


Менскі гарадскі суд абвясціў вырак галоўнаму рэдактару выдання «Ежедневник» Сяргею Сацуку. Яго засудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызначылі вялікі штраф і грашовую кампенсацыю, перадае БелТА.

Сяргей Сацук падчас суда.
Фота: Віталь Піваварчык / БелТА

Сяргей Сацук кіраваў рэдакцыяй, быў дырэктарам ТДА «Інтэр-Сміт», якому належыць выданне «Ежедневник».

«Фігурант прызнаны вінаватым у атрыманні хабару, здзейсненага ў буйным памеры, перавышэнні службовых паўнамоцтваў, распальванні варожасці і разладу паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасці», – гаворыцца ў паведамленні БелТА.

Сацука засудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У тэрмін пакарання будуць залічаны тэрміны ўтрымання пад вартай – з 25 сакавіка да 4 красавіка 2020 года і з 8 снежня 2021 года да дня, калі прысуд набудзе законную моц. Адзін дзень утрымання пад вартай будзе залічаны за паўтара дня пазбаўлення волі.

Акрамя таго, Сяргея Сацука аштрафавалі на 500 базавых велічыняў (Br 16 000) і абавязалі выплаціць у даход дзяржавы Br 12 000. У лік штрафу і грашовага спагнання пад арыштам пакінуць арыштаваную маёмасць: аўтамабіль, некалькі мабільных тэлефонаў, ноўтбукаў, планшэтны кампʼютар, 11 флэш-назапашвальнікаў, дыктафон, карту памяці.

Медыяменеджара на 5 гадоў пазбавілі права займаць кіруючыя пасады.

Справа разглядалася на адкрытых і часткова закрытых судовых паседжаннях. Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў Вярхоўным Судзе праз Менскі гарадскі суд.

Артыкулы
У Менску пачынаюць судзіць галоўнага рэдактара інтэрнэт-парталу «Ежедневник» Сяргея Сацука
2022.09.23 11:21

Нагадаем, журналіста Сяргея Сацука, галоўнага рэдактара выдання «Ежедневник», затрымалі 6 снежня 2021 года. Падставай для арышту стала старая справа аб атрыманні хабару. Сяргея Сацука затрымалі супрацоўнікі Следчага камітэту, у яго правялі ператрус, узялі пад варту. 9 снежня 2021 года яго прызналі палітвязням.

У 2020 годзе Сацука затрымлівалі паводле падазрэння ў «атрыманні хабару» за публікацыі, спрабавалі сфабрыкаваць абвінавачанне ў «махлярстве». Тады яго вызвалілі, але пакінулі ў статусе падазраванага.

Выданне «Ежедневник» спецыялізавалася на дзелавой тэматыцы, складанні рэйтынгаў бізнесоўцаў паводле ўзроўню даходаў і на журналісцкіх расследаваннях.

Hавiны
Карупцыянеры, «інсайды», пагрозы. Усё, што вядома пра справу Сяргея Сацука
2020.03.26 17:27

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў