У бліжэйшы час Святлана Ціханоўская можа даць інтэрв’ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксею Венедыктаву.
Пра гэта сам Аляксей Венядзіктаў паведаміў вечарам 25 кастрычніка на Facebook – і папрасіў «падкінуць пытанняў» з улікам таго, што інтэрв’ю разлічваюць перадусім на расейскую аўдыторыю.
«Эхо Москвы» – адно з нешматлікіх расейскіх медыяў, якое адносна вольна дзейнічае, даючы голас расейскай апазіцыі (хоць дзве траціны акцыяў належаць «Газпром-медиа холдингу»), і пры тым Венядзіктаў цесна кантактуе з Крамлём і ў прыватнасці сябруе з прэс-сакратаром Уладзіміра Пуціна. Венядзіктаў бараніў вынікі спрэчнага онлайн-галасавання на нядаўніх парламенцкіх і мясцовых выбарах у Расеі, за што яго крытыкавала апазіцыя.
Магчымае інтэрв’ю Ціханоўскай Венядзіктаву абмяркоўвалі ў кантэксце публікацыі вынікаў апытання расейскага ВЦИОМ аб стаўленні беларусаў да прадстаўнікоў улады і апазіцыі, а таксама іншых беларуска-расейскіх скандалаў, як то да зняволення журналіста «Комсомольской правды в Беларуси», «наездаў» расейскага тэлеканалу НТВ на Аляксандра Лукашэнку ці намёкаў вядоўцы СТВ на кагосьці, хто «хаваецца ў бункеры» і «карыстаецца ботаксам» (за якія давялося апраўдвацца, што гэта было не пра Пуціна).
АА belsat.eu