Па свеце імкліва распаўсюджваецца новы варыянт каронавірусу – EG.5 Eris


Да 80% выпадкаў заражэння каронавірусам у свеце апошнім часам прыпадае на новы варыянт вірусу – EG.5 Eris, піша The New York Times. У жніўні ён асабліва распаўсюдзіўся ў Індыі, Вялікай Брытаніі і ЗША.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: DW

EG.5 Eris – гэта новы варыянт каронавірусу, які характарызуецца здольнасцю абыходзіць імунную абарону чалавека і хутчэй і лягчэй пранікаць у клеткі, чым усе папярэднія варыянты, паведамляе Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Чакаецца, што ў бліжэйшыя месяцы гэты варыянт стане дамінуючым па ўсім свеце.

EG.5 Eris быў знойдзены ў Кітаі ў лютым 2023 году. Гэта мутацыя варыянту XBB.1.9.2 Omicron.

Нягледзячы на здольнасць хутка пранікаць у чалавечы арганізм, EG.5 Eris не ўяўляе вялікай пагрозы, лічаць эксперты, і рызыкі ад яго не большыя, чым ад іншых варыянтаў вірусу.

Сімптомы ў новага варыянту каронавірусу такія ж, як і раней: боль у горле, закладзенасць носу, пачуццё стомленасці, ліхаманка і кашаль. Могуць быць страўнікава-кішэчныя праблемы, кан’юнктывіт.

Новы від каронавірусу можа цяжка працякаць у людзей сталага ўзросту, з хранічнымі захворваннямі, у тым ліку з зацяжным COVID-19.

Hавiны
Пракуратура пачала крымінальную справу аб знішчэнні вакцынаў ад каронавіруса
2023.07.05 01:09

Дыягнастычныя тэсты, якія выкарыстоўваліся для выяўлення ўсіх папярэдніх варыянтаў каронавірусу, эфектыўныя і для EG.5 Eris, гэтак жа, як і метады лекавання. Патрэбы прымаць спецыяльныя антывірусныя прэпараты звычайна няма, хопіць сімптаматычная лекавання як пры звычайнай прастудзе.

Актуальная пры заражэнні застаецца самаізаляцыя на працягу не менш пяці дзён ад пачатку хваробы, каб не заражаць іншых. Калі ж камунікацыі са здаровымі людзьмі пазбегнуць немагчыма, трэба карыстацца рэспіратарамі класаў N95, KN95 або KF94.

Вакцыны супраць EG.5 Eris пакуль што няма. Яе выпуск чакаецца ўвосень 2023 года. Плануецца, што яна адразу ж стане даступнай для выкарыстання.

Hавiны
Пандэмію COVID-19 перасталі лічыць «міжнароднай надзвычайнай сітуацыяй». Але яна не скончылася
2023.05.05 18:15

Пандэмія каронавіруснай інфекцыі ці COVID-19 пачалася ў свеце ў 2020 годзе. У траўні 2023 года генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыя здароўя Тэдрас Адханам Гебрэесус падтрымаў даклад 15-й сустрэчы Міжнароднага камітэту рэгулятараў надзвычайнага стану аховы здароўя і абвясціў, што пандэмія COVID-19 больш не ёсць «надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага маштабу», але застаецца праблемай.

Паводле афіцыйна апублікаваных урадамі звестак, ад COVID-19 у свеце памерлі 6,87 млн чалавек, яшчэ 660 млн перанеслі хваробу. У красавіку колькасць выяўленых выпадкаў каронавіруснай хваробы ў свеце ўпала ніжэй за 100 тысячаў на дзень, колькасць прызнаных смерцяў ад COVID-19 у сакавіку ўпала ніжэй за 1000 на дзень ува ўсім свеце. Найбольш смерцяў на душу насельніцтва, паводле афіцыйных звестак, прыпала на Перу, Балгарыю, Вугоршчыну, Боснію і Герцагавіну, Паўночную Македонію.

Статыстыку з Беларусі ўлады засакрэцілі, паведамленняў пра яе не было з 5 ліпеня 2022 года. Але і да таго дзяржаўная статыстыка не выклікала даверу – яе лічылі заніжанай у 14–15 разоў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu
Стужка навінаў