На аднаўленне дзейнасці выдавецтва Андрэя Янушкевіча сабралі каля 23 тысяч еўраў


Беларуская рада культуры 6 месяцаў таму запусціла магістрат «Кнігаўка», каб аднавіць дзейнасць выдавецтва Андрэя Янушкевіча ў Польшчы. 26 ліпеня тэлеграм-канал «Беларускія магістраты» паведаміў, колькі сродкаў атрымалася сабраць за гэты час.

Кнігі выдавецтва «Янушкевіч».
Фота: Выдавецтва «Янушкевіч»

Цягам 6 месяцаў да магістрату далучыліся 325 асобаў. Сабраць агулам атрымалася 103 тысячы злотых (прыблізна 23 тысячы еўраў).

За час правядзення магістрату было выдадзена 13 кніг, наладжана рэгулярнае прадстаўніцтва беларускай кнігі на польскіх кніжных кірмашах, створаны сайт (хутка будзе запушчаны), распрацавана некалькі важных кніжных серыяў.

Самая гучная падзея цягам дзеяння магістрату – дамова са Стывэнам Кінгам наконт выдання ягоных кніг па-беларуску.

«Таксама адноўленыя дамовы на працяг серыяў пра Гары Потэра і Ведзьмара, плануецца выданне «Валадара Пярсцёнкаў». Будуць у гэтым годзе і цікавыя кнігі ад беларускіх аўтараў. Добрая палова гэтых справаў не рэалізавалася б так хутка, калі б не падтрымка магістратаў. Мы верым, што толькі супольнымі дзеяннямі беларусы змогуць пабудаваць моцную Беларусь», – гаворыцца ў справаздачы.

Праект «Магістраты культуры» ставіць перад самой мэту актывізацыі культурнага жыцця ў Польшчы.

Магістрат – гэта суполка ахвярадаўцаў, якія дамаўляюцца цягам канкрэтнага перыяду падтрымліваць грашыма перспектыўны праект беларускай справы або дапамагаць уладкаванню пэўнай праблемы.

На гэты момант дзеюць два магістраты – падтрымка падлеткавага клубу ў Вроцлаве і платформы аўдыяэкскурсіяў па Беларусі, Літве і Польшчы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў