Пасол Швейцарыі Клод Альтэрматт наведаў Наталлю Хершэ ў жаночай калоніі ў Гомлі. Пра сустрэчу з грамадзянкай Швейцарыі пасол напісаў у сваім Twitter.
«Гомель: Чарговы візіт да Наталлі Хершэ ў турму. Пасля 10 месяцаў у турме становішча нашай грамадзянкі па-ранейшаму няпростае. Наталля сказала мне, як важная для яе падтрымка звонку, падзякаваўшы і вітаючы ўсіх вас адусюль!», – напісаў Клод Альтэрматт.
У канцы мінулага года грамадзянка Беларусі і Швейцарыі Наталля Хершэ атрымала 2,5 гады калоніі за тое, што на адным з жаночых маршаў сарвала з амапаўца балаклаву.
Цяпер Наталлю Хершэ трымаюць адну ў камеры. Жанчына амаль два месяцы правяла ў штрафным ізалятары ў калоніі, дзе нават не выдаюць пасцельную бялізну. Так яе пакаралі за адмову шыць форму сілавікам і іншыя парушэнні.
Яе ўгаворваюць пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, паведаміў «Нашай Ніве» брат Наталлі Генадзій.
АД, belsat.eu