«Калі маўчанне – знак згоды, то маўчаць цяпер нельга». Як прайшоў «Чарнобыльскі шлях» у Кракаве


26 красавіка – сумная дата для ўсіх беларусаў. Кожны год нашыя землякі, дзе б ні знаходзіліся, выходзяць у гэты дзень на вуліцы, каб паведаміць усім пра трагедыю, якая здарылася 37 гадоў таму.

«Чарнобыльскі шлях» у Кракаве. 26 красавіка 2023 г.
Фота: Белсат

1986 год – год выбуху на Чарнобыльскай АЭС, які падзяліў жыццё на «да» і «пасля», прынёс шмат ахвяраў і надалей – захворванняў, наступствы якіх беларусы адчуваюць да гэтай пары. Сёлета акцыі, прымеркаваныя да гадавіны аварыі на ЧАЭС прайшлі ў замежжы. Карэспандэнтка «Белсату» пагутарыла з удзельнікамі акцыі ў Кракаве.

«Я сёння тут з сынам, бо ён таксама павінен ведаць пра гэтую трагедыю. Мы не павінныя мірыцца, гэта проста не прымальна. Лукашэнка хоча працягнуць гэтую традыцыю знішчэння свайго народу, яму пляваць на ўсіх нас, таму і пабудаваў Астравецкую АЭС!» – кажа адзін з удзельнікаў маршу.

Людзі цягам паўгадзіны збіраюцца на плошчы Вялікай арміі Напалеона каля Вавельскага замку ў Кракаве.

«Неяк мала людзей сёння… Хіба надворʼе напалохала… Ці ўсе працуюць? – чуецца сярод натоўпу. – 25-га нашмат болей было, чуеш, Аня? Мо ў Варшаву трэба было ехаць?»

Удзельнік акцыі «Чарнобыльскі шлях» у Кракаве. 26 красавіка 2023 г.
Фота: Белсат

Група маладзёнаў абмяркоўвае розніцу паміж ядравымі адкідамі і ядравай зброяй. Аказваецца, тут не ўсё адназначна. Але Лукашэнка ў любым разе «не правільна паступае, ён павінен дбаць пра краіну, а не гэта вось».

Раптам чуецца смех. Збоку да ўсіх падыходзіць «Лукашэнка», які трымае ракету. Уся ўвага звернутая на гэтага чалавека, нехта наважваецца зрабіць сумесны фотаздымак – сапраўды, галоўны герой сённяшняга мерапрыемства!

Быццам, усе, хто хацеў далучыцца, сабраліся. У небе лунаюць узнятыя сцягі вольнай Беларусі і Украіны, чорныя балонікі. Музыка, якая да гэтага гучала з калонкі, мяняецца на набат. Рушылі.

«Чарнобыльскі шлях» у Кракаве. 26 красавіка 2023 г.
Фота: Белсат

«Я тут сёння, бо гэтая трагедыя жыве і зараз. Не толькі для нашай краіны і Украіны, але і для Польшчы. Лукашэнка – ёсць небяспека для ўсіх. Ён шантажуе Еўропу гэтай АЭС. А нашае маўчанне – знак згоды, то маўчаць цяпер нельга», – дзеліцца сваім меркаваннем Ірына, якая нясе расцяжку.

Шэсце накіроўваецца да помніку Адаму Міцкевічу, які знаходзіцца на Галоўным Рынку ў Кракаве. Некалькі чалавек да яго далучаюцца па дарозе:

«Паспелі!» – чуецца ад дзяўчыны, якая вітаецца з хлопцам з шэсця.

Але колькасць ад гэтага мяняецца не моцна. Большасць лозунгаў, якія тут гучаць, закранаюць тэму вайны ва Украіне і акупацыі Беларусі, як і размовы паміж удзельнікамі.

«Чарнобыльскі шлях» у Кракаве. 26 красавіка 2023 г.
Фота: Белсат

«Столькі ахвяраў было! Уся нашая радзіма, уся Беларусь! З 86-га году гэтая праблема актуальная. А цяпер гэта яшчэ і нашай палітыкі датычна. Паўсюль палітыка, паўсюль дыктатар усунуў свае сінія пальцы і пагражае Еўропе. Таму і акцыя гэтая не толькі памінальная, але і палітычная, з 96-га году ўжо. Але ў вольнай Беларусі абавязкова будзе мемарыял ахвярам Чарнобылю, іхная памяць будзе ўшаноўвацца на ўзроўні дзяржавы, – распавядае адзін з арганізатараў шэсця Аляксей Субатовіч. – Цяпер жа мы выйшлі, каб заявіць, што мы супраць вайны, мы не згодныя з пагрозамі з боку Расеі, з боку Лукашэнкі, з боку новай АЭС».

«Гарэць ім усім у пекле! – ці то супадзеннем, ці то ў згоду чуецца ззаду. – Жыве Беларусь! Не ядравай зброі! Лукашэнку ў Гаагу!»

Засталося толькі дачакацца.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў