У самаабвешчанай прарасейскай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы, што мяжуе з Адэскай вобласцю Украіны, на 15 дзён абвешчаны «чырвоны» ўзровень тэрарыстычнай небяспекі.
На заездах у гарады Прыднястроўя будуць пастаўленыя блокпасты. Нагляд аўтатранспарту і грамадзянаў удзень будзе мець абіральны характар, уначы будзе датычыць кожнага, хто заязджае ў населены пункт, паведамляе «ТСВ Приднестровье».
Сілавыя структуры пераведзеныя ва ўзмоцнены рэжым нясення службы. Дзяржадміністрацыям даручана спрыяць праваахоўнікам.
Таксама 9 траўня ў Прыднястроўі не будзе параду. Пастанавілі адмовіцца і ад салютаў.
Тым часам гарадскія адукацыйныя ўстановы пераведзеныя да канца навучальнага года на дыстанцыйны рэжым навучання. Скасаваны і адзіны дзяржэкзамен, усе вучні будуць атэставаныя на падставе гадавой паспяховасці.
Між тым прэзідэнтка Малдовы Мая Санду 26 красавіка склікае паседжанне Найвышэйшай рады бяспекі ў сувязі з інцыдэнтамі ў прыднястроўскім рэгіёне, паведамляе NewsMaker.md.
У сваю чаргу прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што сітуацыя ў Прыднястроўі «выклікае занепакоенасць» у Крамлі. У той жа час ён удакладніў, што Пуцін не плануе пакуль кантактаваць з Маяй Санду, пішуць РИА Новости.
ПС belsat.eu