Святлана Ціханоўская назвала «недапушчальным» размяшчэнне ў Беларусі ядравай зброі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў Twitter пракаментавала заяву прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядравай зброі.

Ціханоўская падкрэслівае, што размяшчэнне Расеяй тактычнай ядравай зброі (ТЯЗ) груба супярэчыць волі беларускага народу на безʼядравы статус дзяржавы, што было адлюстравана ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі 1990 году. Ціханоўская абвінавачвае Маскву ў парушэнні Будапешцкага мемарандума і называе Расею «варожай сілай», якая такім чынам «яшчэ больш падпарадкоўвае Беларусь свайму незаконнаму кантролю».

«Расея дзейнічае як акупацыйная сіла, парушаючы нацыянальную бяспеку і ставячы Беларусь на шлях сутыкнення з суседзямі і міжнароднай супольнасцю», – адзначыла абраная прэзідэнтка.

Яна заўважыла, што Пуцін анансаваў размяшчэнне ТЯЗ менавіта ў Дзень Волі, што яшчэ больш падкрэслівае непавагу РФ да суверэнітэту Беларусі.

Hавiны
Каментар Валера Сахашчыка з нагоды намеру Пуціна размясціць у Беларусі ядравую зброю
2023.03.25 21:46

Ціханоўская заяўляе, што Лукашэнка зʼяўляецца правадніком расейскіх інтарэсаў і «не можа асацыявацца з беларускай дзяржаўнасцю і волевыяўленнем народу».

«Такое недапушчальнае развіццё падзеяў, якое робіць Беларусь патэнцыйнай мішэнню для прэвентыўных удараў або ўдараў у адказ, стала магчымым з-за незаконнага захопу ўлады нелегітымным рэжымам Лукашэнкі», – дадае яна.

Ціханоўская заклікае міжнародную супольнасць запатрабаваць ад Масквы спыніць разгортванне тактычнай ядравай зброі ў Беларусі і ўвесці «адэкватныя і жорсткія санкцыі» супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна.

Аналітыка
Колькі ядравай зброі ў Расеі, і ці можа Пуцін распачаць ядравую вайну?
2022.03.22 07:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў