У Беларусі з'явіўся новы вытворца цыгарэт. Прычым тут Тапузідыс


Новы вытворца зʼявіўся ў снежні 2023 года. Гэта кампанія «Сентоні ПРА», звязаная з «гаманцамі» Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе «Бюро».

Павел Тапузідыс.
Фота: Дзмітрый Брушко / Tut.by

Міністэрства падаткаў і збораў апублікавала інфармацыю пра максімальныя рознічныя цэны на цыгарэты з фільтрам. Кошты пачнуць дзеяць з 1 сакавіка 2024 года. У гэтым спісе няма нічога асаблівага, акрамя таго, што сярод кампаніяў, якія выпускаюць цыгарэты ў Беларусі, з’явілася такая, якой раней не было: «Сентоні ПРА».

Паводле Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і ІП, кампанію «Сентоні ПРА» зарэгістраваў Менскі гарвыканкамам 15 снежня 2023 года. Асноўны від дзейнасці пазначаны як вытворчасць тытунёвых вырабаў. Прадпрыемства заявіла на сакавік максімальны раздробны кошт 29 марак 5 брэндаў – «Vogue», «Kent», «Rothmans», «Pall Mall» і «Lucky Strike».

Цікава, што юрыдычны адрас кампаніі – Менск, вул. Кальварыйская, дом 24, каб. 418. Менавіта там месціцца адзін з гіпермаркетаў «Карона» – сетка крамаў, якою валодае Павел Тапузідыс, які таксама валодае і знанаю кампаніяй «Тытунь-Інвест».

У якасці складу ўказалі адрас: Менск, вул. Мантажнікаў, д. 19а, 2-2. На тым жа адрасе месціцца склад кампаніі «Тытунь-Інвест» Паўла Тапузідыса.

Расследaванні
Нелегальныя пастаўкі цыгарэт у Расею ідуць праз сябра сям’і Аляксандра Лукашэнкі
2022.03.01 17:01

Афіцыйна кампаніяй валодаюць Сяргей Карповіч і «Буд-АнДзi». Карповіч – работнік «Тытунь-Інвесту» Паўла Тапузідыса. Раней ён ужо быў суўладальнікам іншых звязаных з гэтым бізнесоўцам кампаніяў. «Буд-АнДзi» належыць Андрэю Піскарову. Ён пачынаў карʼеру ў МЗС, працаваў на буйнога бізнесоўца Юрыя Чыжа, а пасля быў бізнес-партнёрам Сяргея Чыжа (сына Юрыя Чыжа) і Дзмітрыя Алексіна (сына іншага ўплывовага бізнесоўца Аляксея Алексіна, які трапіў пад заходнія санкцыі як «гаманец» Лукашэнкі). У канцы мінулага года Піскароў згадваўся ў расследаванні пра пастаўкі падчас санкцыяў люксавых аўтамабіляў з Еўропы ў Расею праз Беларусь.

У Беларусі да нядаўна выраблялі цыгарэты «Нёман» – лідар рынку, а таксама «Тытунь-Інвест» Паўла Тапузідыса і «Інтэр Табака» Аляксея Алексіна. Вядома, што Алексін разлічваўся з Лукашэнкам за «асаблівыя ўмовы» працы на беларускім рынку дарагімі аўтамабілямі.

Ва ўмовах заходніх санкцыяў цыгарэты з Беларусі працягваюць кантрабандаю экспартавацца ў ЕЗ. У Літве і Польшчы рэгулярна затрымліваюць іх партыі на мільёны долараў.

Нагадаем, што ў 2022 годзе бізнесовец Тапузідыс трапіў пад санкцыі Канады, 5 снежня 2023-га супраць «Тытунь-Інвесту» і яго ўладальнікаў Паўла Тапузідыса і Віктара Пятровіча ўвялі санкцыі ЗША.

Аб’ектыў
Як працуюць беларускія кантрабандысты?
2024.02.23 20:38

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў