Івулін, дзікія коні, галактыка. Добрыя навіны Беларусі ды свету за тыдзень


Нам усім не стае добрых навінаў і нагоды для радасці, таму мы надумалі збіраць штотыдзень гісторыі з добрымі ўчынкамі і станоўчымі падзеямі.

Вызваленне журналіста спартовага выдання «Tribuna» Аляксандра Івуліна – самая радасная падзея гэтага тыдня. Тысячы людзей дзяліліся гэтай навіной у сваіх сацыяльных сетках.

Блогер Аляксандр Івулін на волі. 23 лютага 2023 года.
Фота: Аляксандр Івулін / Instagram

За 19 гадзін на сайце фонду BYSOL беларусы сабралі 3100 еўраў на тэлефон і ноўтбук для Аляксандра, а таксама на медычнае абследаванне.

Івулін выйшаў тыдзень таму, але не казаў пра гэта да ад’езду з Беларусі.

«Людзі не расстаюцца назаўсёды. Все эти 624 дня, пока мы не виделись, вам было намного сложнее, чем мне. Вас пугала неизвестность. Вы не знали, как я и что со мной. Не знали, как мне помочь. При этом делали все возможное, чтобы по ту сторону забора мне жилось чуть проще. Делали так много, что я пока не могу осознать весь масштаб.

Сорри, пишу этот текст и натурально трясутся руки, а к глазам подступает конденсат. Это все из-за вас, невероятные беларусы!

Низкий поклон всем и каждому за солидарность и поддержку. Это очень ценно. Это не забывается.

Совсем скоро увидимся и поболтаем», – напісаў Івулін у сваім Instagram.

Журналісту, блогеру і футбалісту «Крумкачоў» Аляксандру Івуліну прысудзілі два гады турмы, абвінаваціўшы ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў іх».

Дзікія коні ў Налібоцкай пушчы

У Налібоцкай пушчы жывуць сотні дзікіх тарпанападобных коней, якія ў 2019 годзе прыехалі да нас з Нідэрландаў.

Дзікія коні ў Налібоцкай пушчы. Крыніца: БелТА

Коней пастанавілі вярнуць у лесастэп на паўднёвым захадзе Беларусі, дзе яны некалі жылі. Яны будуць не даваць зарастаць пашам. Гэта дазволіць забяспечваць зуброў, аленяў ды іншую жывёлу сакавітымі кармамі.

Восем авечак былі знойдзеныя жывымі на 17-ы дзень пасля землятрусу ў Турцыі

Авечкі былі знойдзеныя жывымі на 17-ы дзень пасля землятрусу ў Турцыі.

Колькасць загінулых пасля землятрусаў у Турцыі перавысіла 43 500 чалавек. Яшчэ каля 5800 асобаў памерлі ў Сірыі. Але звесткі з Сірыі не абнаўляліся ўжо некалькі дзён – і гэта можа сведчыць пра тое, што сапраўдныя маштабы трагедыі невядомыя.

Пахаванне ў кампосце

Смерць непазбежная, а «зялёныя» вынаходствы, якія дапамогуць нам зберагчы планету, мы лічым добраю навіной. Экалагічныя пахаванні робяцца ўсё больш папулярнымі ў свеце, паколькі людзі імкнуцца звесці да мінімуму ўплыў смерці на навакольнае асяроддзе. У 2022 годзе паўднёваафрыканскага арцыбіскупа Дэзманда Туту (Desmond Mpilo Tutu) вырашылі крэміраваць не полымем, а вадой. Так званая аквамацыя. Цела ператварылася ў пыл, але з дапамогай вады. А ў 2019 годзе актора Люка Пэры (Coy Luther «Luke» Perry III) пахавалі ў «строі грыба», зробленым з бавоўны і засеяным грыбнымі спорамі.

Пахаванне ў кампосце. Крыніца: Мэт Хэйвард/ Nationalgeographic

Цяпер набірае папулярнасць кампаставанне чалавека – ператварэнне парэштак у глебу. Сцісла апішам гэты працэс: у герметычны кантэйнер цела кладуць разам з дрэвам і саломаю. Праз 30–50 дзён выдаляюць косткі, іх здрабняюць і вяртаюць. Літаральна праз пару месяцаў усё ператвараецца ў кампост.

Навукоўцы «зазірнулі ў мінулае» дзякуючы тэлескопу «Джэймз Ўэб» і зрабілі дзіўнае галактычнае адкрыццё

Касмічная абсерваторыя выявіла шэсць галактык, якія існавалі паміж 500 і 700 мільёнамі гадоў пасля Вялікага выбуху. Адкрыццё цалкам пераварочвае існыя тэорыі аб паходжанні галактык.

Выява з тэлескопа «Джэймз Ўэб». Крыніца: webb.nasa.gov

Бягучая тэорыя мяркуе, што галактыкі ўзніклі як невялікія аблокі зорак і пылу, якія з часам раслі. Таму і навукоўцы чакалі знайсці толькі маленькія галактыкі ў гэты момант часу. А ўбачылі такія ж буйныя, як нашыя.

Галактыкі настолькі масіўныя, што супярэчаць мадэлям, якія ўяўляюць навукоўцы пра раннія галактыкі ў сусвеце. Цяпер ім неабходна пераасэнсаваць тое, як галактыкі фармаваліся і развіваліся.

Тэлескоп назірае за сусветам у інфрачырвоным святле, нябачным для чалавечага вока, і здольны выяўляць слабое святло ад старажытных зорак і галактык. Абсерваторыя можа зазірнуць у мінулае прыкладна на 13,5 мільярда гадоў таму, гэта прыкладны ўзрост нашага сусвету паводле актуальных звестак.

Мужчына прабыў 24 дні ў моры, харчуючыся толькі кетчупам

Вытворца кетчупу маркі «Heinz» шукае марака з Дамініканы, які правёў тры тыдні ў моры, маючы толькі бутэльку кетчупу.

Элвіс Франсуа быў на сваёй лодцы ля ўзбярэжжа Сэн-Мартэну (Saint-Martin), калі надвор’е сапсавалася і панесла яго ў адкрыты акіян. Ён спрабаваў вярнуцца ў порт, але збіўся са шляху, бо рамантаваў ветразь. Яго вынесла далёка ад берагу. Таму ён напісаў «дапамажыце» на задняй частцы сваёй лодкі ды стаў чакаць. З сабой у яго быў суп «Магі» ды бутэлька кетчупу. Яго выратавалі калумбійскія вайскова-марскія сілы праз 24 дні.

Элвіс Франсуа, які амаль месяц харчаваўся кетчупам Heinz, калі яго вынесла ў мора падчас шторму. Крыніца: Armada de Colombia / twitter

Кампанія «Heinz» жадае знайсці гэтага чалавека і падарыць яму новую лодку з самымі сучаснымі навігацыйнымі сістэмамі, каб ён пазбег гэткіх выпрабаванняў у будучыні.

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў