Другое ведамства ў ЗША палічыла прычынай пандэміі ковіду ўцечку з кітайскай лабараторыі


Міністэрства энергетыкі ЗША прыйшло да высновы пра лабараторнае паходжанне каронавіруса, піша The Wall Street Journal. Раней ФБР таксама палічыла, што да пандэміі прывёў збой у лабараторыі ў Кітаі.

Тэставанне на COVID-19. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: rg.ru

Міністэрства энергетыкі ЗША прыйшло да высновы, што пандэмія, хутчэй за ўсё, узнікла ў выніку ўцечкі з лабараторыі. Пра гэта гаворыцца ў сакрэтнай справаздачы, якую перадалі Беламу дому і ключавым чальцам Кангрэса.

Гэткія высновы міністэрства грунтуюцца на новых разведдадзеных і маюць вялікае значэнне, бо яно валодае значным навуковым досведам і кантралюе сетку нацыянальных лабараторый ЗША, некаторыя з якіх праводзяць біялагічныя даследаванні, адзначае The Wall Street Journal.

У ФБР таксама прытрымліваюцца версіі, што пандэмія, хутчэй за ўсё, была вынікам уцечкі з лабараторыі ва Ухані. Пры гэтым чатыры іншых амерыканскіх ведамства, а таксама нацыянальная разведвальная група па-ранейшаму лічаць, што вірус узнік натуральным шляхам, а два міністэрства пакуль не вызначыліся.

Шмат якія навукоўцы штучнае паходжанне віруса зняпраўджваюць. Улады Кітая здарэнне ва ўханьскай лабараторыі абвяргаюць.

Першыя выпадкі ковіду выявілі снежні 2019 года. У сакавіку 2020-га Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвесціла пандэмію. Ад ковіду ва ўсім свеце памерлі болей за 6 млн 850 тысячаў асобаў. У Беларусі, паводле звестак СААЗ, – 7 тысячаў 118.

Гісторыі
Сачэнне паводле геалакацыі і агароджы вакол дамоў. Як беларусы жылі ў кітайскіх каранцінах
2023.01.22 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў