Краіны Еўразвязу папярэдне дамовіліся аб увядзенні сертыфікатаў вакцынацыі. З імі могуць пачаць пускаць у Еўропу


Краіны Еўразвязу дамовіліся аб стварэнні ў найбліжэйшай будучыні лічбавых сертыфікатаў вакцынацыі ад каронавіруса. Пра гэта па выніках сустрэчы кіраўнікоў краін ЕЗ заявіла канцлер Германіі Ангела Мэркель. Таксама на саміце канстатавалі: сітуацыя з эпідэміяй застаецца сур’ёзнай, піша vot-tak.tv.

Еўрапейскія краіны павінны захаваць жорсткія абмежавальныя меры, у тым ліку на неабавязковыя трансгранічныя паездкі. Такое рашэнне кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЕЗ узгаднілі на пазапланавым саміце па барацьбе з пандэміяй, які прайшоў у фармаце відэаканферэнцыі ўвечары 25 лютага.

За два месяцы вакцынацыі ў еўрапейскіх краінах зрабілі амаль 30 млн прышчэпак ад каронавіруса, гэта прыкладна 6,5% насельніцтва, прычым гаворка ідзе толькі пра адну дозу, пра гэта паведаміла кіраўнік Еўракамісіі. Перспектыва вакцынаваць 70% дарослага насельніцтва ЕЗ адсоўваецца на канец верасня.

Нямецкія паліцэйскія на мяжы з Аўстрыяй.
Фота: RALPH BROCK / Reuters / Forum

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель паведаміла, што краіны Еўразвязу ў цэлым дамовіліся аб стварэнні ў найбліжэйшай будучыні лічбавых сертыфікатаў вакцынацыі ад каронавіруса. Яна адзначыла, што сістэму пачнуць укараняць ужо цягам трох месяцаў. Спецыяльныя пашпарты змогуць зрабіць свабодным перасоўванне ўнутры ЕЗ. Таксама, магчыма, наяўнасць такога такога дакументу дазволіць уязджаць у Еўразвяз жыхарам трэціх краін.

Зрэшты відавочна, што канчатковага рашэння аб адзіных электронных сертыфікатах аб вакцынацыі пакуль не прынялі.

«Нам трэба яшчэ як мінімум тры месяцы для апрацоўкі ўсёй тэхнічнай інфармацыі, якую неабходна ўзгадніць, для стварэння і выкарыстання падобных пашпартоў», – паведаміла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен

«Цяпер мы дамо мандат Камітэту пастаянных прадстаўнікоў ЕЗ вызначыць спіс пытанняў, якія неабходна вырашыць, каб сертыфікаты маглі выкарыстоўвацца ўсімі краінамі ЕЗ», – паведаміў кіраўнік Еўрарады Шарль Мішэль. Ён выказаў надзею, што краінам ЕЗ удасца дамовіцца аб агульнаеўрапейскай сістэме ўзаемнага прызнання гэтых дакументаў і аднастайнага іх ужывання, адзначыўшы, што вырашэнне пытання аб парадку ўжывання такіх паперащ знаходзіцца ў кампетэнцыі ўрадаў кожнай з краін ЕЗ.

vot-tak.tv

Стужка навінаў